Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва Беларусі ў Варшаве праходзіць у гібрыдным фармаце


Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва Беларусі ў Варшаве («GEW Belarus 2022») прысвечаны новай бізнесовай рэальнасці. Упершыню за тры гады Тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць у гібрыдным фармаце – офлайн і онлайн. Пра гэта паведаміла прадстаўніца «GEW Belarus», заснавальніца і галоўная выканаўчая дырэктарка «Imaguru Startup Hub» Таццяна Марыніч.

Таццяна Марыніч, прадстаўніца «GEW Belarus», заснавальніца і галоўная выканаўчая дырэктарка «Imaguru Startup Hub» выступае праз відэасувязь падчас цырымоніі адкрыцця Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва Беларусі ў Варшаве. Варшава, Польшча. 14 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва Беларусі трэці год запар праходзіць не ў Беларусі і ўпершыню ў праграме ёсць офлайн-выступленні ды імпрэзы, калі ўдзельнікі прадпрымальніцкага руху могуць сустракацца ўжывую. Як паведаміла ў сваім выступленні Таццяна Марыніч, гэты праект, які ёсць часткаю Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва, працягвае падтрымліваць развіццё беларускага бізнесу.

Меркаванні
«Маку» больш няма. Кропка
2022.11.15 12:56

Гісторыя «GEW Belarus» налічвае 12 гадоў, але, паводле Марыніч, апошнія тры гады беларускае прадпрымальніцтва перажывае адзін з самых няпростых перыядаў. Пераслед бізнесоўцаў, якія падтрымалі палітычныя пратэсты 2020 года, прывёў да таго, што мноства з іх аказаліся па-за межамі Беларусі. Шмат хто ўсцяж працуе ўнутры краіны, наўпрост перажываючы складаны для эканомікі ды грамадства час, ускладнены вайною ва Украіне і рэпутацыйнымі стратамі для беларусаў на сусветнай арэне. Гэта і стварае новую бізнес-рэальнасць для беларусаў. Цяпер беларускіх прадпрымальнікаў можна сустрэць у Польшчы, Літве, Грузіі, ЗША ды шмат якіх іншых краінах свету. Аднак, незалежна ад месца перабывання, яны не перастаюць «стасавацца і падтрымліваць адно аднаго, дзяліцца інсайтамі і дапамагаць адно аднаму ствараць новыя ды развіваць ранейшыя праекты».

«Сам-насам з праблемамі заставацца цяжка, таму сустрэчы Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва Беларусі ў Варшаве задуманыя, каб прадпрымальнікі маглі падтрымліваць адно аднаго і натхняць працягваць справу ды пачынаць новыя праекты», – адзначыла Таццяна Марыніч.

Прадстаўніца «GEW Belarus» падкрэсліла, што ў праграме гэта форуму шмат гісторыяў поспеху беларусаў у новай рэальнасці, бо «прадпрымальнікаў нішто не можа спыніць у імкненні ствараць новы прадукт і развязваць праблемы іншых».

Аб’ектыў
Бізнес-цэнтры пусцеюць, IT-сектар таксама
2022.11.03 21:42

Таццяна Марыніч нагадала і пра тое, што трэба працягваць падтрымліваць тых удзельнікаў бізнес-супольнасці, якія аказаліся за кратамі ў Беларусі, праяўляць з імі салідарнасць, дапамагаць ім ды іхным сем’ям. Салідарнасць усёй беларускай бізнес-супольнасці, якая аказалася за межамі краіны, патрэбная і тым, хто не абмежаваны ў асабістай свабодзе, але свядома выбраў заставацца і працаваць у Беларусі. Адна з такіх формаў падтрымання – магчымасць абменьвацца новым досьведам, думкамі, ідэямі, бізнес-ведамі для беларускіх прадпрымальнікаў, дзе б яны ні былі. Усе выступленні падчас Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва Беларусі ў Варшаве даступныя ў онлайн-фармаце, а потым іх можна паглядзець на YouTube-канале «IMAGURU Startup HUB». Усе імпрэзы форуму бясплатныя для наведнікаў.

Важная частка Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва Беларусі ў Варшаве – нэтўоркінг, сустрэчы і супраца ўжывую. Варшава, Польшча.
Фота: Белсат

Для шмат якіх беларускіх бізнесоўцаў, якія рэлакаваліся, «таксама ўсё няпроста»: страчаныя кліенты, сувязі, шматгадовыя напрацоўкі, разрыў сямейных, сяброўскіх і бізнес-сувязяў. Але Марыніч заклікала паглядзець на сітуацыю і пад іншым кутом: гэта час новых магчымасцяў і досведу, магчымасцяў працаваць на еўрапейскіх і міжнародных рынках, будаваць новыя бізнес-мадэлі, працуючы па ўсім свеце, а не толькі ў межах адной краіны, магчымасць інвеставаць і працягваць інвестыцыі, каб спрыяць уласнаму дабрабыту, развязваць праблемы людзей і рабіць унёсак у развіццё эканомікі, якая ўва ўсім свеце робіцца ўсё больш глабальнай і міжнароднай.

Як паведамілі «Белсату» арганізатары «GEW Belarus 2022», Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць адначасова ў ста краінах, але толькі Беларусі ды Украіне дазволілі праводзіць форум не на тэрыторыі сваё краіны. Сусветны тыдзень прадпрымальнікаў Беларусі ў Варшаве мае задачы не толькі падтрымаць беларускіх бізнесоўцаў па ўсім свеце, але і захаваць беларускіх прадпрымальнікаў часткаю міжнароднай прадпрымальніцкай супольнасці, захаваць і ўмацаваць міжнародную бізнес-інтэграцыю.

Неад’емнаю часткаю «GEW Belarus 2022» ёсць конкурс стартапаў «Startup Battle», які традыцыйна ладзяць усе 12 гадоў існавання форуму ў беларускім кантэксце. Удзельнікі маюць магчымасць прэзентаваць свае ідэі ды праекты перад міжнародным журы, у складзе якога – дзейсныя бізнесоўцы, ментары ды інвестары. Пераможцы конкурсу атрымаюць магчымасць прэзентаваць свае стартапы на асноўных сусветных стартап-пляцоўках.

«GEW Belarus 2022» праходзіць офлайн у «Google for Startups Campus Warszawa» і транслюецца онлайн.

Аналітыка
Навошта беларускія прадпрымальнікі перабіраюцца ў Польшчу, і што яны тут знаходзяць
2022.10.04 08:33

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў