Расею асудзілі на рэпарацыі Украіне? Разбіраем, што прыняла Генеральная асамблея ААН


Генасамблея ААН прыняла 14 лістапада рэзалюцыю аб рэпарацыях Украіне з боку Расеі. Рэзалюцыю падтрымалі 93 краіны, 13 краінаў прагаласавалі супраць. Што далей, калі і колькі плаціць?

Галасаванне наконт рэзалюцыі аб рэпарацыях Украіне падчас Генеральнай асамблеі ААН. Нью-Ёрк, ЗША. 14 лістапада 2022 года.
Фота: Loey Felipe / UN Photo

Што ў рэзалюцыі?

Генеральная асамблея Арганізацыі аб’яднаных нацыяў ухваліла дакумент пад нумарам A/ES-11/L.6, у арыгінале ён на ангельскай мове, ёсць афіцыйны пераклад на расейскую.

Паводле рэзалюцыі, Генасамблея зноў пацвердзіла сваю прыхільнасць суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама зноў запатрабавала ад Расеі неадкладна і безагаворачна вывесці ўсе свае ўзброеныя сілы з Украіны ў міжнародна прызнаных межах (а значыць, і з Данбасу, і з Крыму), у тым ліку з тэрытарыяльных водаў.

Генасамблея прызнала, што Расейскую Федэрацыю трэба прыцягнуць да адказнасці за любыя парушэнні міжнароднага права ва Украіне або супраць Украіны, любыя парушэнні міжнароднага гуманітарнага права і правоў чалавека ў міжнародным маштабе. Расея, згодна рэзалюцыі, мусіць несці прававыя наступствы сваіх міжнародна-супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку кампенсаваць любую шкоду ад сваіх дзеянняў.

Каб гэта адбылося, Генасамблея «прызнае неабходнасць» стварэння ў супрацы з Украінай міжнароднага механізму для кампенсацыі шкоды і стратаў, а таксама «рэкамендуе» стварыць у супрацы з Украінай міжнароднага рэестру для рэгістрацыі доказаў шкоды і стратаў усіх фізічных і юрыдычных асобаў, а таксама Украіны як дзяржавы.

Беларусь у рэзалюцыі ніяк не згадваецца, хоць у ранейшай рэзалюцыі Беларусь асуджалі за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны.

Гэта абавязкова?

Не, гэта толькі рэкамендацыя і заклік, нават да стварэння механізму фармальна нікога не абавязалі (прадстаўнік Гватэмалы падкрэсліў, што тэкст напісаны вельмі акуратна і не перавышае паўнамоцтваў Генасамблеі ААН). Гэта падкрэсліваюць расейскія дзяржаўныя медыі і прапуцінскія палітыкі. Тым больш, Генеральная асамблея ААН ужо прымала чатыры рэзалюцыі адносна поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Першая была менш як праз тыдзень з нападу – і ўжо тады патрабавала ад Расеі вываду войскаў з усёй тэрыторыі Украіны. Расея, вядома, не паслухалася.

Прадстаўнік Расеі ў ААН Васілій Нябензя выступае падчас абмеркавання рэзалюцыі аб рэпарацыях Украіне падчас Генеральнай асамблеі ААН. Нью-Ёрк, ЗША. 14 лістапада 2022 года.
Фота: Loey Felipe / UN Photo

Прадстаўнік Расеі ў ААН назваў рэзалюцыю «адкрытым рабаваннем» і «спробай легалізаваць тое, што немагчыма легалізаваць». Кітай і іншыя саюзнікі Расеі падкрэслівалі, што рэзалюцыя не мае юрыдычна абавязковага статусу, што Генасамблея – не суд, што іншыя дзяржавы таксама пакутуюць ад замежнага ўмяшання, санкцыяў, каланіялізму.

Хто як галасаваў?

Хоць рэзалюцыя не мае абавязковага характару, яе падтрымала палова краінаў свету: «за» прагаласавалі 94 краіны, «супраць» – 13, устрымаліся – 73.

Вынікі галасавання наконт рэзалюцыі аб рэпарацыях Украіне падчас Генеральнай асамблеі ААН. Нью-Ёрк, ЗША. 14 лістапада 2022 года. Выява: Служба новостей ООН / Twitter

«За» галасавалі краіны Еўразвязу, Вялікая Брытанія, Злучаныя Штаты, Аргентына, Аўстралія, Грузія, Канада, Мексіка, Паўднёвая Карэя, Турэччына, Швейцарыя, Японія і іншыя. Адметна, што «за» галасавалі ў тым ліку Афганістан і М’янма – іх прадстаўляюць дэлегаты ўжо зрынутых урадаў.

«Супраць» галасавалі толькі Расея, Беларусь, Зімбабвэ, Іран, Куба, Кітай, Малі, Нікарагуа, Паўночная Карэя, Сірыя, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Эрытрэя, Эфіопія.

Устрымаліся ад галасавання Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Арменія, Бразілія, Індыя, Ірак, Ізраіль, Казахстан, Кыргызстан, Манголія, Саудаўская Аравія, Сербія, Таджыкістан, Узбекістан і іншыя. Зусім не бралі ўдзел у галасаванні Азербайджан, Туркменістан, Венесуэла і іншыя.

Гэта наогул працуе?

Кампенсацыі за вайну патрабавалі з даўніны, яшчэ ў антычнасці нешта падобнае да рэпарацыяў уключалі ў мірныя дамовы. Кампенсацыі за вайну ўключалі і грашовыя выплаты, і канфіскацыю маёмасці, і прымусовую працу, і страту тэрыторыяў. У мінулым стагоддзі рэпарацыі прысуджалі, але не далёка не заўсёды выплочвалі ў поўным аб’ёме.

Напрыклад, Нямеччына цалкам выплаціла рэпарацыі за Першую сусветную вайну толькі ў 2010 годзе. Дагэтуль узнікаюць спрэчкі аб тым, ці сплаціла Нямеччына рэпарацыі за Другую сусветную вайну. Фінляндыя называе сябе адзінай краінай, якая цалкам сплаціла рэпарацыі за Другую сусветную ў дамоўленым аб’ёме. Пасля Другой сусветнай рэпарацыі амаль не прысуджалі, хіба Ірак цалкам сплаціў рэпарацыі за вайну ў Персідскай затоцы ў пачатку 1990-х.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэпарацыі для Польшчы пасля Другой сусветнай вайны збіраў і размяркоўваў СССР, хоць большасць пацярпелых краінаў атрымлівала рэпарацыі наўпрост. На фота: драўляныя будынкі ў варшаўскім раёне Яздув, якія фіны будавалі ў межах рэпарацыяў летам 1945 года. Варшава, Польшча. 5 красавіка 2017 года.
Фота: Adrian Grycuk / Wikimedia, CC BY-SA 3.0 PL

Сумнеўна, што дзеля спагнання рэпарацыяў з Расеі – дзяржавы з ядравай зброяй – хтосьці будзе ладзіць узброенае ўварванне. Імаверна, каб Расея стала плаціць рэпарацыі, трэба будзе, каб яна сама на гэта пагадзілася – напрыклад, пасля паразы ў вайне, каб з яе знялі санкцыі і аднавілі з ёй міжнародную супрацу.

Колькі тых рэпарацыяў будзе?

Шкоду ад вайны ва Украіне яшчэ не пачыналі падлічваць – агучвалі толькі папярэднія ацэнкі. Напрыклад, Сусветны банк у верасні ацэньваў патрэбы Украіны для аднаўлення і рэканструкцыі ў 349 мільярдаў долараў. У кастрычніку Кіеўская школа эканомікі ацаніла шкоду ад вайны адной толькі ўкраінскай інфраструктуры ў 127 мільярдаў долараў – і гэта без уліку шкоды людзям. А прэм’ер-міністр Украіны ў канцы кастрычніка казаў, што ацэньвае кошт рэканструкцыі пасля вайны ў 750 млрд долараў.

Для параўнання, валавы ўнутраны прадукт Расеі за 2022 год мае скласці звыш 2,1 трыльёна долараў, Беларусі – менш за 80 млрд долараў. У свеце ўжо замарозілі або канфіскавалі расейскіх грошай і маёмасці на больш як 330 млрд долараў – такую лічбу называлі ў сярэдзіне лета, пасля розныя краіны пашыралі замарозку рахункаў і маёмасці, а агульную суму не падлічвалі.

Аналітыка
«Канчатковае рашэнне», або «дэўкраінізацыя». Як пуцінская Расея капіюе гітлераўскую Нямеччыну
2022.06.22 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў