Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 15 кастрычніка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 15 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінская тэхніка.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Чарговыя содні вайны адзначыліся працягам наступу Збройных сілаў Украіны на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ЗСУ атакуюць па лініі населеных пунктаў Першатраўневае – Кіслоўка. Далей на поўдзень, у Луганскай вобласці, лінія фронту выглядае адносна стабільнай, пра наземныя аперацыі любога з бакоў канфлікту ISW не паведамляе. Міністэрства абароны РФ заяўляе, што ЗСУ праводзілі выведку боем у ваколіцах населеных пунктаў Сяргееўка і Макееўка.

У Данецкай вобласці працягваюцца баі ў ваколіцах Бахмуту, дзе расейцы маюць частковы поспех. Па некаторых звестках, цяпер лінія фронту праходзіць па рацэ Бахмутаўка, якая аддзяляе ўсходнюю частку гораду. Тэлеграм-канал «WarGonzo» сцвярджае, што ПВК «Вагнера» узялі горад у паўкальцо, таксама крыніца не выключае, што ЗСУ неўзабаве пакінуць горад.

Пры гэтым Генеральны Штаб ЗСУ піша, што ўсе атакі расейцаў у Данецкай вобласці былі адбітыя, у прыватнасці, гаворыцца пра наступы на ваколіцы населеных пунктаў Бераставое, Якаўлеўка, Бахмуцкае, Бахмут, Вопытнае, Іванград, Спірнае, Невельскае, Мар’інка, Новаміхайлаўка, Белагораўка, Церны і Краснагораўка.

Лінія фронту ў Запарожскай вобласці застаецца адносна спакойнай, пра наземныя аперацыі любога з бакоў канфлікту не паведамляецца.

Падбітая расейская тэхніка ва Украіне.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Пры гэтым ранкам 15 кастрычніка Збройныя сілы Украіны пайшлі ў контрнаступ на паўночным участку фронту ў Херсонскай вобласці ў кірунку Берыслава. Адзначаецца, што ЗСУ пайшлі ў атаку з боку Новай Каменкі, і цяпер баі ідуць у ваколіцах населеных пунктаў Суханава і Мылавое. Тэлеграм-канал «АРХАНГЕЛ СПЕЦНАЗА Z» піша, што ЗСУ задзейнічалі для атакі каля двух батальёнаў. Былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін паведамляе, што ўкраінскі наступ быў спынены, але камандаванне ЗСУ пакуль ніяк не каментуе сітуацыю на гэтым участку фронту.

Пры гэтым тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што ЗСУ неўзабаве могуць ударыць і па лініі Садок – Баразенскае. Таксама крыніца не выключае, што атакі на поўначы Херсонскай вобласці могуць адцягваць увагу расейцаў ад асноўнага ўдару, які можа быць нанесены ў ваколіцах Снігуроўкі Мікалаеўскай вобласці ці па пазіцыях расейцаў у Запарожскай вобласці.

Між тым тэлеграм-канал «WarGonzo» паведамляе пра расейскія атакі ў бок населеных пунктаў Новая Камянка і Сухі Ставок.

Тым часам у самой Расеі быў нанесены ракетны ўдар па нафтабазе ў Белгародскай вобласці. Таксама быў абстраляны з артылерыі памежны пункт пропуску каля гораду Шабекіна.

Генеральны Штаб ЗСУ адзначае, што за содні ўдалося знішчыць каля 400 расейскіх вайскоўцаў, такім чынам агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 63 700 чалавек.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў