NASA прызначыла дырэктара ў вывучэнні незразумелых анамаліяў. І гэта не толькі НЛА


У Нацыянальнай управе аэранаўтыкі і космасу Злучаных Штатаў (NASA) ёсць пасада, як у фантастычных трылерах: дырэктар даследаванняў неапазнаных анамальных феноменаў. Каманда даследавання такіх феноменаў прэзентавала справаздачу (PDF), у якой расказала, як шукае навуковае тлумачэнне дзіўным з’явам.

НЛА
Воблака, якое можна прыняць за лятучую талерку. Горад Талібодзі, Злучанае Каралеўства. 19 чэрвеня 2010 года.
Фота: Brian Smith / Flickr

Неапазнанымі анамальнымі феноменамі ў NASA называюць тое, што раней называлі неапазнанымі лятучымі аб’ектамі (НЛА). Як расказвае «Голас Амерыкі», дырэктара ў вывучэнні неапазнаных анамальных феноменаў ужо прызначылі, але імя не раскрылі. Прызначэнне зрабілі паводле рэкамендацыі спецыяльнай камісіі з фізікаў, астраномаў і біёлагаў. У NASA паабяцалі, што будучы дырэктар раскрые ўсе звязаныя з НЛА даследаванні, каб «перавесці размову пра іх з сенсацыйнасці ў навуку».

Навукоўцы часам могуць адразу ж сказаць, што «лятучая талерка» – гэта насамрэч метэазонд нечаканай формы. Або што «чупакабра» з літоўскага пляжу – гэта выдра.

Але часам яны сутыкаюцца са справамі, якія сапраўды варта даследаваць. Напрыклад, у справаздачы каманды згадваецца відэа, вядомае пад назвай «GoFast», якое знялі амерыканскія вайсковыя лётчыкі: нейкі аб’ект нібы лётае над акіянам з шалёнай хуткасцю, а яшчэ і свеціцца. Можа, гэта звышсучасны шпіёнскі дрон? Навукоўцы знайшлі іншы адказ (старонка 28 згаданага вышэй дакладу): з паказанняў лічыльнікаў, адлюстраваных на самім відэа, вынікае, што аб’ект, чым бы ён ні быў, проста дрэйфуе на вятры, а свеціцца на спецыяльнай камеры таму, што халаднейшы за акіян.

Часам навукоўцы сапраўды не маюць адэкватных або адназначных тлумачэнняў феноменаў. У 2020 годзе Міністэрства абароны ЗША публікавала гістарычныя відэа НЛА, і ў 2021 годзе Пэнтагон прызнаваў, што ёсць шэраг сведчанняў пра аб’екты, прыроду якіх патлумачыць не могуць (паўгадзінны аповед пра гэтыя аб’екты на англійскай мове – тут). А гэтым летам былы афіцэр амерыканскай выведкі расказаў Кангрэсу ЗША, што Штаты доўгі час вядуць сакрэтную праграму здабычы і даследавання НЛА. Паводле яго, Злучаныя Штаты нібыта ведаюць аб «нечалавечай» актыўнасці ў справе НЛА аж з 1930-х гадоў. Пэнтагон ягоныя словы зняпраўджвае.

У суседнім Кангрэсе – у Мексіцы – нядаўна таксама абмяркоўвалі «іншапланетнікаў». Міністарка культуры Перу скардзілася мексіканскім дэпутатам на выставу парэштак двух «гуманоідаў»: неаднаразовыя даследаванні паказалі, што пад выглядам іншапланетнікаў выстаўляюць муміфікаваныя парэшткі людзей, памерлых яшчэ ў дакалумбавыя часы, а за незаконны вываз целаў з Перу ў Мексіку распачалі крымінальную справу.

Аб’ектыў
Вайскоўцы ЗША збілі чарговы «НЛА»
2023.02.13 23:22

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў