За спаленае пудзіла Лукашэнкі – да трох гадоў калоніі. Рэпрэсіі 15 верасня


Ужо два гады ў Беларусі штодзень – палітычныя затрыманні і суды. «Белсат» вядзе хроніку рэпрэсіяў. Вось што стала вядома за адзін толькі дзень 15 верасня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выява Сцяпана Латыпава на мурле на плошчы Пераменаў. 2020 год.
Фота: чытачы Белсату

За спаленае пудзіла Аляксандра Лукашэнкі ў судзе Маскоўскага раёну Менску 15 верасня асудзілі пяць чалавек, расказваюць праваабаронцы «Вясны». Іллю Давыдзенку асудзілі на тры гады калоніі, Марыну Маркевіч – на два з паловай гады, Ганну Кісялёву, Віктара Хімароду і Максіма Мацулевіча – на паўтара года. Суддзя Сяргей Кацэр прызнаў іх вінаватымі ў «Абразе Лукашэнкі», Давыдзенкі і Маркевіч – таксама ў «Групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Паводле «Вясны», дзяржабвінаваўца падчас апытання абвінавачаных павышаў на іх голас і давёў да слёз Кісялёву. Усіх акрамя Давыдзенкі ўжо прызналі палітвязнямі. Вядома, што да асуджаных «Менсктранс» падаў пазоў на 15 тысяч рублёў.

Эка-актывісту Паўлу Наздру 15 верасня ў Гомельскім абласным судзе прысудзілі два гады калоніі агульнага рэжыму, таксама расказвае «Вясна». Суддзя Людміла Грынько прызнала яго вінаватым у перасылцы інфармацыі аб перасоўванні расейскіх войскаў праекту «Беларускі Гаюн» – а гэта палічыла «Спрыяннем экстрэмісцкай дзейнасці».

Артыкулы
Уласніка «Кальяннай № 1» Івана Мураўёва вінавацяць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні»
2022.09.15 15:30

Праваабаронцам «Вясны» таксама стала вядома аб затрыманні экс-кіраўніка лукашэнкаўскага пулу журналістаў Дзмітрыя Семчанкі і ягонай жонкі Юліі (жанчыну адпусцілі да суду «за рэпост», а за што будуць судзіць Дзмітрыя, невядома), менскай экскурсаводкі Аксаны Манкевіч (на «пакаянным відэа» яна «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах-2020), ваўкавыскай лекаркі-стаматолага Нэлы Саўчанкі (за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Міністэрства ўнутраных справаў пахвалілася затрыманнем пяцёх менчукоў, якія вывешвалі бел-чырвона-белы і ўкраінскі сіня-жоўты сцягі на 19-павярховым будынку. Як іх пакаралі, не паведамілі, затое расказалі, што «акцыяй пратэсту» «кіравалі з-за мяжы».

Hавiны
Адвакаткі, якія баранілі анархістаў, затрыманыя ў адміністратыўным парадку
2022.09.15 12:20

Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк працягнулі знаходжанне ў штрафным ізалятары яшчэ на 10 дзён, паведаміў ейны муж. Такім чынам, зняволеная прабудзе ў ШІЗА ўжо 60 дзён. За што ёй вынеслі такое пакаранне, невядома. Адвакат не можа наведаць зняволеную ўжо тры месяцы.

Зноў і зноў караюць ШІЗА таксама палітвязня Міколу Дзядка, паведамляецца на ягоным Telegram-канале. З-за кратаў ён перадаў, што знаходзіцца ў штрафным ізалятары ўжо 44 дні – і падобна, што будзе там цэлы верасень. Ён расказвае, што адно пакаранне атрымаў на дзень народзінаў за тое, што нібыта апрануўся не па форме і нясвоечасова назваўся, яшчэ адно – за тое, што спрабаваў займацца ёгай.

Жыве!
Палітвязня Сцяпана Латыпава перавялі з калоніі ў турму. Ён расказваў пра катаванні, рабіў спробы самагубства
2022.09.15 21:23

За ўдзел у пратэстах 2020 года пачалі судзіць палітвязня Арсенія Дзядка. На момант пратэстаў яму не было 18 гадоў. І яшчэ да выбараў ягоныя справы разглядала камісія справаў непаўналетніх – за ўдзел у легальных пікетах і ўдзеле ў пратэстах. Цяпер яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Міністэрства інфармацыі пастанавіла заблакаваць сайт «Зялёнага парталу». Супрацоўнікі парталу расказваюць, што не ведаюць прычынаў блакавання, але і не вельмі цікавяцца фармальнасцямі, бо «ў краіне не да законаў».

Hавiны
13 крокаў для выхаду з палітычнага крызісу, пра якія беларускім уладам нагадаў амбасадар ЗША ў АБСЕ
2022.09.15 19:50

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў