Лукашэнка пужаў голадам, а сельскагаспадарчая вытворчасць нават крыху вырасла


У студзені-жніўні 2022 года ў беларускіх сельскіх гаспадарках усіх катэгорыяў вырабілі прадукцыі на 18,4 млрд рублёў, што на 1,8 % больш за той жа перыяд 2021 года, піша Белстат. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Саламяныя скульптуры ААТ «Гарадзілава». Маладзечанскі раён, Беларусь. 14 верасня 2022 года.
Фота: Mlyn.by

Паводле афіцыйнай статыстыкі, вынікі цяперашніх васьмі месяцаў сапраўды добрыя для сельскай гаспадаркі на тле мінулага года – але гэтыя вынікі ўсё яшчэ меншыя за тыя ў 2020 годзе. Летась вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў студзені-жніўні ўпала на 4,6 % да таго ж перыяду 2020 года – то значыць, цяпер выраблена на 3 % менш, чым у пазамінулых студзені-жніўні. Але ў той перыяд 2020-га вытворчасць вырасла на 7,9 % да аналагічнага перыяду 2019-га.

Глядзім на некаторыя паказнікі студзеня-жніўня 2022 года ў параўнанні са студзенем-жніўнем 2021-га:

  • сёлета вырасцілі 1,15 млн тонаў жывой вагі буйной рагатай жывёлы і птушкі, летась – 1,2 млн тонаў;
  • малака вырабілі 5,3 млн тонаў, як і год таму;
  • яек атрымалі 2,33 млн супраць 2,38 млн у мінулых студзені-жніўні;
  • буйной рагатай жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях цяпер 4,1 млн галоваў, што на 0,1 млн менш, чым год таму;
  • свінняў – 2,3 млн галоваў, што менш на 0,2 млн;
  • збожжавыя і бабовыя (акрамя кукурузы) скошаныя ўжо на 97 % плошчаў – год таму было 97,6 %, два гады таму было 95,8 %;
  • сярэдняя ўраджайнасць – 36,7 цэнтнера з гектара, а год таму і два гады таму было толькі 30,5 цэнтнера з гектара;
  • кармоў нарыхтавалі 7,8 млн супраць леташніх 7,3 млн.
Аналітыка
Ці прайграе Беларусь «бітву за ўраджай»? Аналізуем апакаліптычныя заявы Лукашэнкі
2022.07.29 14:00

Гэта кантрастуе з нядаўнімі заявамі Аляксандра Лукашэнкі, з якіх можна было зрабіць выснову пра буйны крызіс сельскай гаспадаркі. Ён казаў: «Шмат хто кажа пра тое, што мы напярэдадні голаду», «Сітуацыя вельмі сур’ёзная і, я б сказаў, надзвычайная», «Хлеб трэба выратаваць», «Памрыце, але пакладзяце на стол»…

Як тлумачыў «Белсату» былы дарадца міністра сельскай гаспадаркі Казімір Раманоўскі, на сёння сельскай гаспадарцы няма вялікіх пагрозаў, Беларусь не можа так «праваліцца» ў сельскай гаспадарцы, каб не запэўніць харчовай бяспекі. Спажываем менш, чым вырошчваем. Але з чым сапраўды праблема, дык з эфектыўнасцю і рэнтабельнасцю.

Hавiны
Белстат: рэальныя даходы беларусаў упалі на 3,4 % у студзені – ліпені. Месяц таму было 2,7 %
2022.09.15 19:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў