«Беларусь запаўняе ўсё ягонае сэрца, і канкураваць тут ніхто не можа». Былая жонка – пра Уладзіміра Мацкевіча


Філосаф і метадолаг, вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч з 4 жніўня 2021 года за кратамі. Ён ведаў, што яго чакае ў Беларусі, але прынцыпова адмаўляўся з’язджаць. Доўгі час па затрыманні з ягонай справай нічога не рабілі. У адказ на гэта з 4 лютага 2022 года Мацкевіч абвясціў галадоўку, а 15-га адмовіўся ад вады. Толькі 17 лютага, калі «справа зрушылася з мёртвай кропкі», ён спыніў галадоўку. 23 чэрвеня 2022 года яго асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У лютым 2023 года яго перавялі ў турму. Філосаф за кратамі напісаў дзве кнігі.

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

Пра жыццёвыя прыярытэты Уладзіміра, каштоўнасці, значэнне для яго Радзімы ды проста пра побыт мы паразмаўлялі з ягонай былой жонкай Святланай Мацкевіч. Яны былі сям’ёй 20 гадоў, і хоць і разышліся, захавалі сяброўскія адносіны.

Пазнаёміла і зблізіла праца

– Нас пазнаёміла праца ў пачатку 1990-х. Я тады была аспіранткай. Валодзя працаваў у Маскве і прыязджаў у Менск праводзіць семінары па метадалогіі. Мы распрацоўвалі канцэпцыю вучэбна-метадычных комплексаў для адукацыі, займаліся стандартамі.

Прыкладна ў 1994-м Валодзя канчаткова вярнуўся ў Беларусь. Праз свае семінары ён набіраў сабе каманду для Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў, і я ў яе ўвайшла.

Доўгі час мы проста супрацоўнічалі. У кожнага з нас была свая сям’я. Я працавала ў Міністэрстве адукацыі. Валодзя – у Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі. Мы разам распрацоўвалі канцэпцыю па функцыянальнай пісьменнасці беларусаў. Супольная дзейнасць нас і зблізіла. У 1999-м, калі абодва ўжо былі ў разводзе, мы сталі сям’ёй.

Мы моцна адзін аднаго кахалі. У нас было такое духоўнае адзінства і добрая моцная сям’я. Валодзя пасябраваў з маёй дачкой ад першага шлюбу. Надзя лічыць яго татам, а ён яе – сваёй дачкой.

Святлана і Уладзімір Мацкевічы з дачкой Надзеяй.
Фота: Белорусский журнал

З часам мы сталі разыходзіцца ў дзейнасці, па-рознаму бачылі, як трэба развіваць метадалагічны кірунак у Беларусі. Я больш арыентавалася на ўключэнне працэсаў у дзяржаўную сістэму кіравання, адукацыі. Валодзя ж выбраў тактыку вырошчвання і канцэнтрацыі інтэлектуальнага рэсурсу, не залежнага ад дзяржавы, працу з грамадзянскай супольнасцю.

Я спрабавала спалучаць працу ў дзяржаўнай і нефармальнай адукацыі, а Валодзя ўпэўнена ішоў па шляху, які сабе абраў, што «вылілася» у Лятучы ўніверсітэт, кансорцыум «ЕўраБеларусь», стварэнне Нацыянальнай платформы беларускай грамадзянскай супольнасці.

У нейкі момант прафесійныя разыходжанні перайшлі ў асабістае жыццё. Мы былі разам 20 гадоў – з 1999 года да 2019-га. Хоць развод нам даўся няпроста, але мы захавалі сяброўскія адносіны.

Геній, з якім няпроста жыць

Уладзімір і Святлана Мацкевічы.
Фота: сямейны архіў Мацкевічаў

– Валодзя вельмі непатрабавальны ў побыце. Ён дакладна расстаўляе прыярытэты ў сваім жыцці. Для яго матэрыяльныя рэчы, дабрабыт, заўсёды былі не вельмі важнымі. Ягоны прынцып – калі ты займаешся сваёй справай, то ўсё астатняе, звязанае з кар’ерай, заробкам, так ці інакш да цябе прыйдзе. У аснове дзейнасці чалавека павінна стаяць мэта, ідэя, самавызначэнне. І ў гэтым плане Валодзя заўсёды быў вельмі дакладны і паслядоўны. Ён казаў: «У мяне ёсць свая справа, місія, я яе выконваю. І калі я правільна гэта раблю, то ўсё астатняе прыйдзе – прызнанне, патрэбныя людзі, нават каханне».

Я заўсёды лічыла Валодзю геніем, з якім не вельмі проста жыць. Яго трэба прымаць такім, якім ён ёсць, разумець ягоную справу.

Асабістае для Валодзі заўсёды было другасным. На першым месцы – справа. Мы па-рознаму расстаўлялі акцэнты і прыярытэты ў жыцці, але я застаюся ягонай вучаніцай, саратніцай».

Пра веру і кейс царквы «Новае жыццё»

– Валодзя – вернік. Ён наведваў кальвінісцкую царкву, і мяне туды прывёў.

Для Валодзі важная салідарнасць канфесіяў. У 2006 годзе ўлады хацелі забраць будынак царквы «Новае жыццё». У адказ на гэтыя дзеянні людзі абвясцілі галадоўку, Валодзя далучыўся. Ён разумеў, што калі «Новае жыццё» прайграе, то астатнія, меншыя прыходы пацярпяць ад такіх жа рэпрэсіяў з боку рэжыму. Тады пытанне стаяла «жыццё ці смерць», бо галадоўка цягнулася даволі доўга. Але там была адпрацаваная мадэль маленькай перамогі – калі вакол справы аб’ядноўваюцца высілкі розных прыходаў, вернікаў, іх блізкіх, праваабаронцаў, калі праца ідзе супольна, перамога робіцца магчымай.

Уладзімір і Святлана Мацкевічы. Фота: Белорусский журнал

Гэты кейс Валодзя разглядаў як адну з мікрамадэляў, якую можна прымяніць для перамогі ў беларускай рэвалюцыі.

Яшчэ тады Валодзя паказаў, што ён не толькі кажа, назірае, ацэньвае, але і дзейнічае, і можа рызыкаваць сабой. Ён заўсёды настойваў, што трэба дзейнічаць і дзейнічаць разам, і тады Беларусь мае шанец стаць еўрапейскай краінай. Прайсці шлях, згодна з Валодзіным лозунгам-трыпціхам, ад дэсаветызацыі да беларусізацыі і еўрапеізацыі.

У нас ёсць шанец разарваць спіраль рэпрэсіяў

– У Валодзі цікавая сямейная гісторыя. Абодва ягоныя дзядулі падчас вайны ваявалі ў Арміі Андэрса, адзін сустрэў перамогу ў Францыі, другі – у Англіі. Калі ў 1948 годзе яны вярнуліся дамоў на Гарадзеншчыну, іх выселілі ў Іркуцкую вобласць, у горад Чарамхова. Там Валодзіны бацькі ажаніліся, Валодзя нарадзіўся. Там для рэпрэсаваных беларусаў была школа выжывання, захавання мовы.

У 1969 годзе Валодзя з сям’ёй вярнуўся ў Горадню. Пасля школы працаваў на заводзе фрэзероўшчыкам. Потым пайшоў у армію, а пасля паступіў на псіхалагічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэту. З гэтага моманту ў яго і пачалося бурнае інтэлектуальнае жыццё.

Бацькі да апошніх дзён жылі ў Горадні. Нядаўна мы іх пахавалі. Яны сышлі ў даволі сталым узросце, абодвум было за 80.

Вельмі складаным было жыццё ў Валодзінай мамы. Падчас вайны ейную сям’ю саслалі ў Казахстан. Яна як старэйшая дачка на сабе цягнула вялікую сям’ю. Яна была вельмі моцнай жанчынай, але разам з тым – чуллівай, эмпатычнай.

Валодзіным бацькам я магу сказаць толькі вялікі дзякуй, бо яны прынялі мяне як дачку, мне заўсёды з імі было вельмі камфортна і добра.

Яны, але ў першую чаргу, напэўна, дзядулі, заклалі Валодзін фундамент у жыцці. Прайшоўшы праз вайну, рэпрэсіі, яны навучылі Валодзю гісторыі, любові да Беларусі.

Кожнае пакаленне беларусаў зазнае рэпрэсіі, і цяпер у нас ёсць гістарычны шанец разарваць гэтую спіраль. І мы павінны нарэшце гэтую задачу развязаць.

З чаго пачынаецца раніца беларускага філосафа?

Уладзімір і Святлана Мацкевічы.
Фота: сямейны архіў Мацкевічаў

– Валодзя так жыве, што заўсёды зразумела, што ён нібы перабывае ў іншым свеце. Аднак і звычайнае жыццё ў нас таксама было. Мы любім жывёлу. У нас былі котка, сабака. Мы любілі разам з імі гуляць.

Валодзя любіць і ўмее смачна гатаваць. Цэніць парадак і чысціню, і ў гэтым мы з іх сыходзіліся. Але асноўнае хобі – чытанне кніг, самых розных, у тым ліку фантастыкі, дэтэктываў.

З чаго можа пачынацца раніца беларускага філосафа? З кубачка кавы і чытання, пра што сёння падумаў філосаф з Германіі (смяецца.Г. Г.).

Чытанне кніг, шпацыры, размовы з сябрамі, паездкі на лецішча – так мы жылі.

Валодзя вельмі цікавіцца культурным жыццём краіны. Любіць музыку, слухаў джаз, народную музыку. Мы хадзілі ў тэатры, на канцэрты. Апошні наш сумесны паход быў у філармонію, дзе ў апрацаванні гучала аргентынскае танга.

Прынцыповае рашэнне застацца ў Беларусі

Уладзімір і Святлана Мацкевічы.
Фота: сямейны архіў Мацкевічаў

– За месяцы тры да арышту ў перапісцы я пыталася ў Валодзі, што ён думае пра ўласную бяспеку, бо зразумела было, што хапаць будуць усіх. І ён усё разумеў, але ягоным прынцыповым рашэннем было застацца ў Беларусі, і я ніяк не магла гэта аспрэчыць.

Дзейнасць Валодзі заўсёды была такой, што не настолькі важная ягоная фізічная прысутнасць, наколькі рэалізацыя ягоных ідэй. І ягонае зняволенне – добрая праверка таго, як спрацуюць гэтыя ідэі. І ў маім разуменні яно павінна спрацаваць. Нават на адлегласці я адчуваю, што і Валодзя ўпэўнены, што ўсё спрацуе, і што мы пераможам. Гэтую ўпэўненасць дэманструе не толькі ён, але і Марыя Калеснікава, і Віктар Бабарыка, і ўсе палітвязні. І гэтая ўпэўненасць павінна перадавацца нам.

У Валодзі для такой упэўненасці ёсць добрая база, якую ён выклаў у тэкстах, напісаных яшчэ ў 1990-я: «Беларусь: вопреки очевидности», «Вызывающее молчание». Там пра тое, што мы спачатку паміж сабой павінны наладзіць дыялог, незалежна ад таго, што мы можам прытрымлівацца розных пазіцый.

Але для гэтага мы павінны навучыцца чуць тое, што чалавек кажа, а не ўспрымаць усё, гледзячы на асобу. А таксама казаць адзін аднаму праўду, нават калі яна непрыемная. Валодзя заўсёды гэтую праўду казаў, а ў адказ атрымліваў прэтэнзіі да сваёй асобы.

Гэтак жа было і з дыскусіяй аб рэферэндуме і змяненні канстытуцыі. Наша апазіцыя не пачула Валодзю, калі ён казаў, што гэты рэферэндум зводзіць нас ад перамогі, што не асобныя артыкулы трэба абмяркоўваць, а як зрабіць, каб яго ўвогуле не было. Але Валодзю высоўвалі контраргумент: «Ну, гэта ж Мацкевіч». А рэжым пачуў тое, што казаў Валодзя. І зразумеў, што гэта якраз тое, што будзе яму перашкаджаць. І пасадзіў яго. І атрымліваецца, што рэжым чуе, а свае чамусьці не чуюць.

Аб’ядноўвайцеся

Уладзімір і Святлана Мацкевічы.
Фота: сямейны архіў Мацкевічаў

– Я выехала ў дзень арышту Валодзі. Але як толькі мы пачнем хоць крышачку перамагаць, адразу вярнуся. І думаю, шмат хто вернецца.

У цяперашняй сітуацыі я, хоць і былая жонка, адчуваю сябе абавязанай прымяняць і прасоўваць усё тое, чаму Валодзя вучыў мяне і нашае грамадства. Цяпер па максімуме, наколькі я магу, я буду падтрымліваць Уладзіміра.

Я не магу цяпер насіць Валодзі перадачы, пісаць лісты, але магу дапамагчы праз уключэнне ў ягоную справу, праз дасягненне перамогі. І так мы ўсе можам дапамагчы не толькі яму, а ўсім палітзняволеным, якія цяпер сядзяць – праз аб’яднанне, супольныя грамадзянскія дзеянні і перамогу.

Валодзя нават з СІЗА гэта кажа: аб’ядноўвайцеся. На нас, на нашае аб’яднанне ўся надзея, бо інакш ні ён, ні іншыя не выйдуць.

Для нечага і гэта трэба

– Валодзя вельмі глыбока адчувае Беларусь, чаго я, магчыма, не да канца разумею. Беларусь не толькі ў ягоным розуме, але найперш у сэрцы. Перастаць атаясамліваць Валодзю і Беларусь проста немагчыма. Як жонка я разумела гэта на ўзроўні пачуццяў, што ён частку сваёй эмацыйнасці і пачуццёвасці аддае Беларусі, а не жанчыне, сям’і. Беларусь запаўняе ўсё ягонае існаванне. Канкураваць з гэтым немагчыма нікому – ні жонцы, ні маці. Беларусь для яго – усё. І калі ты гэта прымаеш, то і ён цябе прымае.

Пасля інтэрв’ю з-за кратаў Валодзю перавялі з адзіночнай камеры, думаю, вырашылі яму так сапсаваць умовы. Бо для яго «адзіночка» адназначна лепш – каб думаць, пісаць, разважаць. Але Валодзя добра адаптуецца да розных умоваў і да розных людзей, умее знайсці агульную мову і з інтэлектуаламі, і з простымі людзьмі, таму думаю, што ўсё будзе добра.

Тое, што адбываецца, Валодзя ўспрымае як знакі лёсу. У вернікаў усё крыху прасцей тлумачыцца: калі мяне Бог сюды прывёў, то я тут павінен быць, не трэба скардзіцца, значыць, для нечага, для нейкіх вышэйшых мэтаў і гэта трэба.

  • Адрас для лістоў: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў