Беларускі гісторык і прафесар Алесь Смалянчук падчас даследчай працы ў Нацыянальным музеі Літвы сярод матэрыялаў Літоўскага губернскага камітэту знайшоў некалькі беларускамоўных тэкстаў, верагодна, з акружэння Кастуся Каліноўскага. Пра гэта Смалянчук распавёў у Facebook.
Як адзначае гісторык, почырк некаторых тэкстаў («Do Ciabie swiaty ojcza..», чатыры радкі на абарачэнні шостага нумара «Мужыцкай праўды») падобны да почырку Каліноўскага.
«Нават беглы погляд на дакументы дазваляе меркаваць, што прынамсі частка з іх належала асабіста Кастусю Каліноўскаму», – напісаў Смалянчук.
Пасведчанне аб адукацыі Кастуся Каліноўскага:
Кастусь Каліноўскі быў адным з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. Выдаваў з паплечнікамі першую беларускамоўную газету – «Мужыцкая праўда». Быў схоплены царскімі жандарамі ды пакараны смерцю праз павешанне за арганізацыю паўстання супраць царскага рэжыму. Расправа адбылася 22 сакавіка 1864 г. на Лукішскім пляцы ў Вільні. Пахавалі Каліноўскага на гары Гедзіміна, дзе ў тыя часы месціўся расейскі ваенны гарнізон. 22 лістапада 2019 года ў Вільні адбылося ўрачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Алена Рувіна belsat.eu