Талібы ўвайшлі ў Кабул, прэзідэнт Афганістану пакінуў краіну


Баевікі радыкальнага ісламісцкага руху «Талібан» без бою ўвайшлі ў Кабул. Раней яны абвесцілі, што цалкам кантралююць тэрыторыю Афганістану.

Талібы заявілі, што яны ўвайшлі ў горад, каб перадухіліць рабаванні і гвалт у раёнах, якія пакінулі сілавікі і мясцовыя ўлады, паведамляе Sky News.

Карэспандэнт CNN паведамляе, што талібы ўвайшлі ў Кабул мірна, без вулічных баёў. Паводле «РИА Новости», баевікі ўжо захапілі прэзідэнцкі палац. У Кабуле абвешчаная каменданцкая гадзіна з 21:00.

Прэзідэнт Афганістану Ашраф Гані пагадзіўся сысці ў адстаўку. Паводле СМІ, яшчэ да ўваходу талібаў у Кабул ён пакінуў прэзідэнцкі палац і вылецеў у Таджыкістан. Раней з краіны ўцяклі некалькі кіраўнікоў міністэрстваў, у тым ліку міністр абароны, а таксама віцэ-прэзідэнт Афганістану.

Крыніца «РИА Новости» паведамляе, што кіраванне Афганістанам перадалі радзе, у якую ўвайшлі кіраўнік найвышэйшай рады па нацыянальным прымірэнні Абдула Абдула і былы прэзідэнт краіны Хамід Карзай. Затым гэтая рада перадасць уладу талібам.

Паводле Reuters, пераходнага ўраду ў Афганістане не будзе, уладу перададуць талібам наўпрост.

  • Сёння раніцай талібы атачылі Кабул, баевікі фактычна не сустрэлі супраціву на подступах да гораду. Прадстаўнікі «Талібану» заявілі, што не збіраюцца штурмаваць Кабул і хочуць мірнай перадачы ўлады. Урадоўцы пагадзіліся на перамовы і перадачу ўлады.
  • Пагроза захопу Кабулу талібамі выклікала паніку ў гараджанаў: мірныя жыхары і ўрадавыя чыноўнікі бягуць з гораду. Доўгія чэргі з машынаў стаяць на выездзе з Кабулу.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў