Хто такі Філіп Давыдаў, які звярнуўся ў камісію для вяртання, і колькі зваротаў яна ўжо разгледзела?


Учора дзяржаўны тэлеканал паказаў інтэрв’ю з беларусам, які з Польшчы вярнуўся ў Беларусь. Ён напісаў у камісію для вяртання і змог бесперашкодна прыехаць на радзіму. «Белсат» з дапамогаю Кіберпартызанаў даведаўся, хто ён такі і колькі зваротаў ужо разгледзела камісія.

Філіп Давыдаў, які вярнуўся ў Беларусь пасля звароту ў адмысловую камісію. Менск, Беларусь. 14 ліпеня 2023 года. Скрыншот відэа «Беларусь 1»

Што вядома пра Філіпа Давыдава?

Філіпу Давыдаву ў верасні споўніцца 25 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, працаваў у «McDonald’s». У 2016 годзе яму быў забаронены выезд з Беларусі праз ухіленне ад яўкі на мерапрыемствы для прызыву на вайсковую службу. Пазней забарона была знятая.

8 верасня 2020 года Давыдаў быў затрыманы і змешчаны ў ЦІП, на яго завялі адміністрацыйную справу паводле арт.23.4, 23.34 КаАП.

«Я здзейсніў не менш цяжкія злачынствы, я ўдзельнічаў у пратэстах… Быў мітынг у цэнтры гораду, падʼязджала міліцэйская машына і я ў эмоцыях ударыў па ёй».

Распавядае мужчына і пра свае матывы выходзіць на пратэсты: «Таму што думаў, што на Захадзе лепш».

З Беларусі ён зʼехаў не ў Польшчу, як расказвае ў інтэрвʼю, а ва Украіну: мінуў пешшу мяжу ў пункце пропуску Макраны. Ці быў ён насамрэч у Польшчы, нам не ўдалося спраўдзіць.

Hавiны
Тэлеканал «Беларусь 1» паказаў інтэрв’ю з беларусам, які прыехаў дамоў праз Камісію па вяртанні
2023.07.13 22:59

Філіп расказвае, што знаходзіцца ў Беларусі ўжо 7-8 дзён. Згодна з дакументамі, якія мы маем, у камісію ён звярнуўся ў сакавіку, але з першага разу зварот не прынялі і папрасілі яго дапоўніць. Толькі 31 траўня Давыдаў атрымаў адказ, што можа вярнуцца. Зрабіць гэта ён мусіў цягам 3 месяцаў пасля рашэння камісіі.

«Людзі думаюць, што тут страшна. Што калі яны прыедуць, іх затрымаюць… У нас у Беларусі на дадзены момант усё спакойна і няма ніякіх перашкодаў, каб жыць. І прэзідэнт казаў: на каленях паўзіце. Сёння мой прыклад – нават на каленях паўзці не трэба. Я звярнуўся ў камісію і гуляю па горадзе».

А ўсе, хто зʼехаў, паводле Давыдава, ужо пашкадавалі аб такім рашэнні, якое прынялі неабдумана, не ўсведамляючы, што Беларусь нічым не адрозніваецца ад Еўропы:

«Чыстыя вуліцы, мірнае неба над галавой, добрыя ветлівыя грамадзяне, людзі жывуць удома, яны не шанавалі гэта. Што можна схадзіць у душ, папіць вады, калі хочаш паесці».

Паводле інфармацыі Кіберпартызанаў, за ўвесь час існавання камісіі ў яе звярнуліся каля 15 чалавек. У тым ліку маці Рамана Пратасевіча, якая, як стала вядома ўчора, вярнулася ў Беларусь. Факт яе звароту ў камісію пацвярджаецца дакументамі, якія ёсць у рэдакцыі.

Hавiны
У Генпракуратуры распавялі, колькі ўсяго беларусаў звярнуліся ў камісію для вяртання
2023.05.07 22:40

Алёна Дубовік belsat.eu

Стужка навінаў