Асуджаная ў «справе Зельцара» настаўніца музыкі Аксана Каспяровіч выйшла на свабоду


Палітзняволеная настаўніца музычнай школы ў Лідзе Аксана Каспяровіч выйшла на свабоду з гарадзенскай турмы № 1, паведамляе «Вясна».

Аксану Каспяровіч затрымалі 30 верасня 2021 года за каментар у сацыяльных сетках пад допісам пра забойства супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, якога застрэліў Андрэй Зельцар.

«Андрэй Зельцар у сябе ў кватэры бараніў свой дом, сваю сям’ю ад невядомых людзей, якія выламалі дзверы сякерай. Ён бараніўся як умеў…» – напісала яна ў каментары ў канцы верасня 2021 года.

29 чэрвеня Гарадзенскі абласны судзе прызнаў жанчыну вінаватай паводле арт. 130 КК («Распальванне варожасці») і асудзіў да года і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (суддзя – Аляксандр Козел). КДБ унёс палітзняволеную ў спіс «тэрарыстаў».

З улікам тэрміну, які Аксана Каспяровіч адбыла за кратамі, ёй заставалася быць у зняволенні крыху больш за два тыдні. 8 ліпеня Аксану Каспяровіч вызвалілі з гарадзенскай турмы № 1.

Аксана Каспяровіч – шматдзетная маці, яна правяла за кратамі больш за 280 дзён.

Стужка навінаў