У Менскім гарадскім судзе сёння пачаўся суд над 21-гадовым палітвязнем студэнтам 4-га курса Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту Уладзіславам Марціновічам. Хлопца абвінавачваюць у адміністраванні Telegram-канала «Белыя халаты», піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Студэнта Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту Уладзіслава Марціновіча абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Пакаранне паводле артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.
Маладзёна судзяць у Менскім гарадскім судзе.
Паводле абвінавачвання, Уладзіслаў Марціновіч з 9 жніўня да 18 лістапада «стварыў тэлеграм-канал «Белыя халаты», на якім распаўсюджваў розныя матэрыялы, выкарыстоўваючы захады, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму, а таксама паслабленне ў грамадстве пачуцця патрыятызму».
Марціновіч адразу заявіў, што «ў сваіх дзеяннях ён не знаходзіць ніводнага парушэння Крымінальнага кодэксу» і не разумее сутнасці абвінавачвання.
«Спачатку гаворыцца аб стварэнні канала, потым аб распаўсюдзе. Хацелася б ведаць, мне ставіцца ўсё гэта ў сукупнасці: і распаўсюджванне, і стварэнне, і публікацыя? Ці з’яўляецца стварэнне і вядзенне канала злачынствам? Ці сапраўды кожны пост змяшчае заклікі і шкоду?», – заявіў Марціновіч
Таксама Уладзіслаў заявіў, што не адміністраваў Telegram-канал і казаў гэта міліцыянтам. Сілавікі ж пасля яго затрымання апублікавалі «пакаяльнае відэа», дзе маладзён прызнаецца, што ён нібыта зʼяўляецца адміністратарам Telegram-канала «Белыя халаты». Аднак дакладна відаць, што відэа змантаванае.
Студэнта затрымалі 19 лістапада. У той жа дзень затрымалі журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна, якіх асудзілі па справе «Нуль праміле» за інфармацыю пра адсутнасць утрымання ў крыві забітага жыхара «Плошчы пераменаў» Рамана Бандарэнкі.
СК belsat.eu