Разварочваюць пасля 36 гадзінаў чакання. Як не атрымаць забароны на ўезд у ЕЗ праз адсутнасць страхоўкі на аўта?


1 чэрвеня на тэрыторыі ЕЗ перасталі дзеяць «Зялёныя карты», аформленыя ў Беларусі. Цяпер полісы трэба купляць у страхавых кампаніяў Польшчы, Літвы або Латвіі. І калі на літоўскай і латышскай мяжы праблемаў няма, то палякі праз адсутнасць страхоўкі часта разварочваюць – і гэта пасля шматгадзіннага чакання ў чарзе. «Белсат» высветліў, што рабіць, каб дакладна трапіць за мяжу.

Ля міжнароднага пункту пропуску «Берасце» (Варшаўскі мост). 23 траўня 2020 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Узаемнае прызнанне страхавання «Зялёная карта» паміж Беларуссю і краінамі Еўразвязу трывала з 2003 года. Зручную сістэму скасавалі праз расейскую агрэсію ва Украіне і суўдзел Беларусі ў вайне. Цяпер беларусам, як і расейцам, даводзіцца афармляць полісы на мяжы пры заездзе ў краіны ЕЗ. Гэта ў ідэале і спрацоўвае ў выпадку з Літвою і Латвіяй.

Мінанне мяжы з Польшчаю з адзіным прапускным пунктам у Берасці – фактычна латарэя, і ці ўдасца трапіць да страхаўніка, залежыць, бадай, толькі ад настрою памежніка.

Hавiны
З 1 чэрвеня больш за 30 еўрапейскіх краін не будуць прызнаваць беларускія “Зялёныя карты”
2023.05.31 11:49

«Я раву»

Паводле адзінага легальнага правіла, кіроўцу незастрахаванага аўтамабіля мусяць пусціць да тэрміналу ў Тэрэспалі. Там працуе агент, які афармляе полісы. У гэтым пункце распавялі «Белсату», што страхоўка на адзін месяц каштуе ў іх 163 злотыя (прыкладна 36 еўраў):

«Кожны наступны месяц таксама каштуе 163 злотыя, зніжкі, калі афармляць на паўгода або год, няма».

Акенца, дзе выпісваюць страхоўкі, месціцца ў галоўным будынку тэрміналу побач з абменнікам.

Там ведаюць пра выпадкі, калі польскія памежнікі не пускаюць сюды па набыццё полісу. Электронных страховак, якія можна даслаць на e-mail, там не робяць, аднак прапануюць іншае выйсце:

«Можна папрасіць каго-небудзь перадаць нам копіі пашпарта і тэхнічнага пашпарта, мы аформім поліс, і яго можна перадаць праз мяжу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія памежнікі.
Фота: Straż Graniczna / Twitter

У сацыяльных сетках беларусы скардзяцца, што польскія памежнікі разварочваюць на мосце над Бугам аўтамабілі без страхоўкі і не дазваляюць ні даехаць, ні дайсці пешшу да ратавальнага тэрміналу.

«36 гадзінаў на мяжы. Бацькоў не пускаюць. Прычына: страхоўка мусіць быць раздрукаваная. Тая самая страхоўка, што маецца ў выглядзе PDF на тэлефоне. На пераходзе ёсць пункт страхавання. Але да яго не пускаюць. Ані на машыне, ані пешшу. Я раву», – напісала ў сваім Facebook беларуска, якая чакала ў Польшчы сваякоў.

Пусціць нельга забараніць

Неафіцыйна ў мытным аддзеле тэрэспальскага пункту пропуску кажуць, што страхоўку можна аформіць на тэрмінале, і не пускаць туды па поліс – незаконна:

«Вас там ніхто не мусіць пытаць, ці маеце страхоўку, вы маеце права сказаць, што страхоўку купіце на мяжы».

Пры гэтым у памежным аддзеле пункту пропуску не здолелі дакладна адказаць, ці дазволяць аформіць поліс на месцы: усё залежыць ад меркавання афіцэра ў кожным асобным выпадку:

«Усё будзе спраўджана, вашыя дакументы і гэтак далей, калі вы з’явіцеся на памежны кантроль. Афіцэр будзе пастанаўляць».

«Белсат» даслаў афіцыйны запыт у Надбужанскі аддзел Памежнай аховы Польшчы, што кіруе пунктам пропуску ў Тэрэспалі, аднак адказу пакуль не атрымаў.

Памежны пераход «Тэрэспаль» на польска-беларускай мяжы. 13 чэрвеня 2023 года.
Фота: Алесь Ляўчук / Белсат

Онлайн-памагатыя

У гэтай сітуацыі відавочна спрацаваў прынцып «маецца попыт – з’явіцца і прапанова». У сацсетках і Telegram-чатах лёгка знаходзяцца пасярэднікі, якія абяцаюць зрабіць страхоўкі онлайн. Патрабуюцца толькі асабістыя звесткі, даныя аўтамабіля і грошы: кошты розныя, поліс на мінімальны тэрмін, 30 дзён, можна знайсці за 150 злотых (33 еўры), на год – за 882 злотыя (амаль 200 еўраў).

Фрагмент ліставання з пасярэднікам, які прапануе паслугу онлайн-афармлення страхоўкі.
Фота: Белсат

Галоўнае – не трапіць на махляроў і спраўдзіць атрыманы на электронную пошту поліс на сайце адмысловага польскага фонду. А перад памежным кантролем абавязкова раздрукаваць дакумент.

Задача спрашчаецца, калі ў Польшчы маюцца знаёмыя ці сваякі, якія могуць самастойна звязацца са страхавымі кампаніямі і дыстанцыйна аформіць поліс. Некаторыя фірмы надаюць такую паслугу, хоць гэта і нелегальна. Праўда, некалькі буйных страхаўнікоў наагул адмаўляюцца выпісваць полісы на аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі і Расеі. У кампаніях PZU і «TUZ Ubezpieczenia» ў размове з карэспандэнтам «Белсату» спаслаліся на санкцыі.

Літоўскі рай

У тэлеграм-чатах, дзе беларусы дзеляцца інфармацыяй пра мінанне мяжы, на шчыраванні літоўскіх памежнікаў не скардзяцца. Тыя пускаюць без страхоўкі, аформіць якую можна наўпрост у пункце пропуску.

Як паведамілі «Белсату» ў Бюро аўтастрахаўнікоў Літвы, полісы прадаюць на чатырох памежных пераходах з Беларуссю: Каменны Лог – Мядзінінкай, Прывалка – Райгардас, Беняконі – Шальчынінкай і Катлоўка – Лаворышкес.

«Гэтая опцыя недаступная на пунктах Лоша – Шумскас і Відзы – Твярачус. Полісы афармляюцца толькі на тэрыторыі Літвы, і таму іх нельга набыць онлайн», – сказалі ў арганізацыі.

На памежным пераходзе «Катлоўка – Лаворышкес» на літоўска-беларускай мяжы. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Ва ўпраўленні пунктаў памежнага кантролю Міністэрства транспарту Літвы ўдакладнілі «Белсату», што на тэрміналах на мяжы з Беларуссю страхоўкі робіць банк «Medicinos», а таксама мытныя брокеры «Durga» і «Eurokusta».

Поліс на два тыдні будзе каштаваць мінімальна 25 еўраў, на месяц – 35 еўраў.

Латышскі шык

На мяжы з Латвіяй страхоўку на аўта зробяць толькі на пераходзе «Грыгараўшчына – Патэрніекі». У Латвійскім аб’яданні страхаўнікоў транспартавых сродкаў запэўнілі «Белсат», што памежнікі пры неабходнасці дапамагаюць знайсці страхавога агента:

«Цяпер немагчыма падпісаць дамову памежнага страхавання на пераходзе «Урбаны – Сілэнэ». Паводле заканадаўства Латвіі, аформіць поліс можна толькі асабіста. У выпадку патрэбы памежнікі абавязкова дапамогуць вам знайсці страхавога прадстаўніка».

Праўда, полісы на мяжы з Латвіяй «залатыя»: 100 еўраў за месяц.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Valsts robežsardze / Facebook

Падсумаванне

Страхоўкі, аформленыя ў Польшчы, Літве ці Латвіі, узаемна прызнаюцца ўва ўсіх краінах Еўрапейскай эканамічнай зоны – гэта ўсе чальцы ЕЗ, а таксама Ісландыя, Нарвегія ды Ліхтэнштэйн. Такім чынам, у якой з гэтых краінаў набываць поліс, не мае аніякага значэння.

З досведу, з якім сутыкнуліся беларусы, вынікае:

  • самы надзейны і просты варыянт – набыць страхоўку пры заездзе ў Літву;
  • самы просты, але не самы надзейны варыянт – пошук пасярэднікаў, якія абяцаюць зрабіць польскі поліс онлайн;
  • надзейны, аднак складаны – дапамога сваякоў або знаёмых у Польшчы;
  • надзейны, але самы дарагі – афармленне страхоўкі на мяжы з Латвіяй.
Разбор
Даверанасць за мяжой: як аформіць, калі патрэбная, у якіх сітуацыях не працуе і трэба ехаць у Беларусь
2023.06.05 08:00

Дар’я Форман, Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў