«Зразумела, што самага вялікага страху за сына я яшчэ не ведала». Маналог маці беларускага добраахвотніка


З моманту разгортвання так званай спецаперацыі Расеі мінула больш за 100 дзён. За гэты час шмат якія беларусы далучыліся да абароны Украіны і працягваюць далучацца. Што адчуваюць іхныя бацькі? Мы паспрабавалі даведацца ў маці аднаго з такіх абаронцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы, што былі вымушаныя з’ехаць з краіны праз рэпрэсіі, менш чым праз тыдзень пасля пачатку вайны стварылі ў Варшаве цэнтр набору беларускіх добраахвотнікаў, гатовых змагацца за незалежнасць Украіны.
Фота: Белсат

«Сына я выхоўвала сама. Але ніколі не ўкладвала яму ў галаву апазіцыйных думак. Да гэтага той дайшоў неяк самастойна. Шмат не рабіў, так, выходзіў, ляпіў налепкі, нешта маляваў, напэўна, бо балончык з фарбаю быў удома. З гонарам называў сябе актывістам і патрыётам.

А ў 2020-м мы ўжо выйшлі разам: ён яшчэ да выбараў у ланцугах стаяў, а я ўжо пазней – як даведалася пра скалечаных 9 жніўня. Страшна было вельмі, але за сына болей. Што я? Ну, заб’юць у найгоршым выпадку. А за яго вельмі перажывала, асабліва калі пачула, як здзекаваліся з людзей на Акрэсціна, як хлапцоў гвалтавалі, як збівалі да смерці. Я калі ў валанцёраў запытала пра дакладную лічбу забітых, дык тыя патлумачылі, што лічбы такой няма і быць не можа, бо ніхто не ведае той інфармацыі, нават самі так званыя праваахоўнікі. Вось і баялася. Але ўсё абыходзіла бокам: то суседа возьмуць, то ягоных сяброў, а яго тады не зачапіла.

Пазней жа пачаліся масавыя затрыманні паводле крымінальнага артыкулу. Людзей бралі на працы ці нават з ложку. На гэтых хапунах я і не вытрывала, кінулася ў істэрыку. Вельмі ўжо прасіла яго зʼехаць, а той адмаўляўся. Коля [імя змененае] у мяне заўсёды быў такім: упрэцца рогам – ні на сантыметр не праціснеш. У выніку дамовіліся, што ён будзе ў Беларусі да таго моманту, пакуль дакладна не стане вядома, што яго распрацоўваюць. Як ён збіраўся даведвацца, мне дасюль не ясна, але я паверыла, што нейкія шляхі ёсць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. ІЧУ на Акрэсціна.
Фота: Белсат

Літаральна за месяц пабралі амаль усіх ягоных сяброў, з якімі мы хадзілі на пратэсныя маршы, амаль усіх асудзілі паводле крымінальнага артыкулу. Толькі адзінкам удалося ўцячы. Як і майму «актывісту». Ва Украіну. Там ён і застаўся да самай вайны. Там і цяпер.

Пра тое, што пайшоў у абаронцы, я даведалася толькі праз месяц ад знаёмага. Той ляпнуў, бо думаў, што я ў курсе. І вось тады я зразумела, што самага вялікага страху за сына я яшчэ не ведала. Але і тут давялося прыняць ягоны выбар. На маю чарговую істэрыку ён проста сказаў:

«Мама, я не здолеў абараніць свайго народу ад Лукашэнкі – і гэтая вайна цяпер у нас агульная. Супраць пуцінскай імперыі мы павінныя зрабіць усё магчымае і не, але перамагчы гэтую навалу. А там і Лукашэнка збяжыць. І мы зможам вярнуцца дадому!»

Ён заўсёды быў у мяне такім…

Я нават не ведаю, дзе ён цяпер. Кажа, што недзе каля Кіева. Пра аперацыі распавядае мала, толькі тое, што з ім усё добра, пра хлапцоў-беларусаў, якія таксама засталіся дапамагаць, пра тых, якія зʼехалі, але вярнуліся, пра тых, якія едуць і едуць з розных частак свету, каб плячо да пляча стаць разам са сваймі пабрацімамі (вось вам і мірныя беларусы), а астатняе ім нельга агалошваць. Расказаў, што гэта ўсё больш падобна да вучэнняў, чымся на сапраўднасць, але роўна да таго моманту, пакуль не ўбачыш наступстваў ад тых «вучэнняў». Ці не баяцца яны? Усе па-рознаму, я так разумею. Але гонар за сябе пасля кожнай вылазкі перакрывае той страх. Ды і за больш як сотню дзён вайны той страх ужо замыльваецца. А вось я баюся… Ніколі не была верніцай, але цяпер толькі і бегаю ў царкву свечку паставіць ды памаліцца. А што мне яшчэ застаецца?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нашыўкі з украінскім сцягам, эмблемай палка імя Кастуся Каліноўскага і бел-чырвона-белым сцягам на амуніцыі.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Адзінае, чаго я не разумею, – тых маці, якія з Расеі адпраўляюць сваіх сыноў забіваць. Пра што яны думаюць у той момант і ці думаюць увогуле? А калі атрымліваюць назад замест дзіцяці «пахаронку»? Чаму яны з такім гонарам гавораць пра гэта? Няўжо асабістая тупасць даражэйшая за сваю кроў і сэрца? Не разумею тых салдацікаў, якія так здзекуюцца з людзей, якія ім абсалютна нічога не зрабілі, займаюцца марадзёрствам на акупаваных тэрыторыях і забіваюць усіх без разбору. Гэта нелюдзі. Што салдацікі, што бацькі, якія паставілі на ногі такую пачвару.

Мне брыдка, што мы жывем у такім свеце. Я не выбірала Лукашэнкі ці Пуціна, але вінаватая перад сынам за тое, што яму даводзіцца перажываць да сёння. А я цяпер толькі магу падтрымліваць ягоны выбар. Падтрымліваць і маліцца, каб гэта хутчэй усё скончылася».

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў