Сяргей Будкін: Улады працягваюць планамернае вынішчэнне беларускай культуры


Беларуская рада культуры паведаміла, што са школьных бібліятэк могуць прыбраць кнігі шматлікіх беларускіх аўтараў. У гэтым чорным спісе ёсць сябры зліквідаванага ўладамі Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Усяго ў спіс увайшлі 33 прозвішчы. Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін у размове з «Белсатам» кажа, што ліст сапраўдны, выглядае, што ўлады працягваюць планамернае вынішчэнне беларускай культуры.

Крыніца: by_culture / Telegram

У сацыяльных сетках разгарнулася дыскусія вакол ліста, які напярэдадні распаўсюдзіла Беларуская рада культуры. У лісце, які ўлады накіравалі ў школьныя бібліятэкі, прозвішчы 33 беларускіх аўтараў, сябраў зліквідаванага ўладамі Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Патрабуецца, каб з бібліятэк прыбралі кнігі гэтых аўтараў.

«Спіс выглядае даволі дзіўна. Паводле нашых крыніцаў, ён распаўсюджваецца ў абласным маштабе. Мажліва, што гэта проста спроба прааналізаваць сітуацыю, прыгледзецца, а вось восенню могуць увесці гэта ў нацыянальным маштабе. Можа адбыцца поўная зачыстка гэтых аўтараў і кніг. Натуральна, зрабіць гэта ўсё складана, але калі паглядзець на гісторыю дачыненняў гэтай улады з нацыянальнай культурай, то выглядае сітуацыя цалкам лагічна і паслядоўна», – распавёў «Белсату» Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай рады культуры.

У сацыяльных сетках вакол гэтага ліста разгарнулася сапраўдная дыскусія. Пісьменнік Міхась Скобла ў сваім Facebook піша, што далей у Беларусі можа з’явіцца вогнішча на плошчы ці кнігарэзная гільяціна. Але тым, хто трапіў у спіс забароненых, перажываць не варта, піша Міхась Скобла. Пісьменнік цытуе верш паэта-антыфашыста Бэртальда Брэхта.

«Вось той верш у перакладзе на беларускую Аляксея Зарыцкага:

Калі загадалі нацысты спаліць

Кнігі са шкодным зместам,

Адзін гнаны паэт (з самых лепшых),

Прачытаўшы спіс спаленых, жахнуўся,

Чаму яго кнігі забыты.

Акрылены гневам,

Ён напісаў ліст да тых, у каго ўлада.

«Спаліце мяне! –

Пісаў ён крылатым пяром. –

Спаліце мяне!

Не зневажайце мяне!

У спіс уключыце мяне!

Хіба я ў сваіх кнігах

Не пісаў шчырую праўду?

Чаму ж вы ставіцеся да мяне, як да лгуна?

Я загадваю вам:

Спаліце мяне!»

Іншыя карыстальнікі ў сацсетках таксама выказваюць меркаванне, што сапраўднасць ліста не пацвярджаецца, і мяркуюць, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.

«У мяне адносна таго спісу пісьменнікаў, кнігі якіх нібыта хочуць выдаліць са школьных бібліятэк, ёсць пэўныя субʼектыўныя назіранні і ўражанні, якія прымушаюць да дакладнасці і праўдзівасці гэтай інфармацыі ставіцца, скажам так, з пэўнай асцярожнасцю.

Чамусьці ў ім прысутнічаюць толькі жывыя творцы, за выключэннем Алеся Разанава і Анатоля Вярцінскага, якія памерлі не так даўно (а Вярцінскі – зусім нядаўна). Гэта наводзіць на думку, што, магчыма, спіс не свежы, а мог для нейкіх мэтаў складацца як мінімум год таму, калі жылі і гэтыя.

Калі спіс сапраўды на выдаленне з бібліятэк – то ў сувязі з гэтым узнікае пытанне – чаму, на думку ўладаў, крамолу сеюць толькі творы жывых, а калі чалавек памёр – то ўжо і не? Нейкі дзіўны падыход, калі гаворка пра барацьбу са шкоднымі ўплывамі. Чаму, скажам, Зуёнак шкодны, а Бураўкін не?» – задае пытанне гісторык Алесь Пашкевіч.

Яшчэ больш скептычна ў справе праўдзівасці ліста адрэагавала Ганна Севярынец.

«Распаўсюджваецца нейкі дзіўны спіс беларускіх пісьменнікаў, нібыта рэкамендаваных да выкіду са школьных бібліятэк. Слухайце. Большай часткі пералічаных там пісьменнікаў і так ані ў праграме, ані ў школьных бібліятэках не было. Правярайце інфармацыю. А то самі сваімі рукамі зараз шораху наведзяце», – піша ў сваім Facebook Ганна Севярынец.

Hавiны
Са школьных бібліятэк хочуць прыбраць кнігі чальцоў СБП, у тым ліку Святланы Алексіевіч
2022.06.14 14:33

У сваю чаргу кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін кажа, што інфармацыя пра чорны спіс беларускіх пісьменнікаў пацвярджаецца.

«Мы спраўджвалі сапраўднасць ліста. Вядома, у мэтах бяспекі мы абмежаваныя, але мы праверылі інфармацыю і атрымалі пацверджанне з дзвюх прынамсі асобных крыніцаў. Але калі і дапусціць, што гэта фэйк, то ён даволі блізкі да праўды, паколькі калі паглядзець, калі з’яўляліся ў дзяржаўнай прэсе пералічаныя пісьменнікі, той жа Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, Вольга Іпатава, то можам пабачыць, што ў гэтым стагоддзі іх не было ў прынцыпе. Таму не ведаю, што можа выклікаць здзіўленне, паколькі бачым метадычнае вынішчэнне ўсяго жывога беларускага, якое з кароткімі паўзамі адбываецца на працягу апошніх ужо 25, як мінімум, гадоў», – кажа Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай рады культуры.

Сяргей Будкін.
Фота: радыё «Свабода»

Кіраўнік рады кажа, што апошнім часам адбываецца беспрэцэдэнтны ціск на беларускую культуру і выглядае, што ўлады ўзялі курс на поўнае вынішчэнне нацыянальнай культуры.

«Усе гэтыя навіны пра закрыццё, прыпыненне дзейнасці выдавецтваў, поўная зачыстка прасторы ад нацыянальных арганізацыяў, патрабаванне пракуратуры выдаліць «экстрэмісцкія» кнігі ў розных інтэрнэт-пляцоўках, укладаюцца ў адзіны шэраг. Таму здзіўляцца зʼяўленню спісу з канкрэтнымі прозвішчамі, прычым напісаныя яны з памылкамі, як па мне, дык не выпадае. Усё ўвогуле набліжаецца нават да таго, што мову твораў, на якой створаныя кнігі аўтараў у спісе, то бок беларускую, могуць прызнаць «экстрэмісцкай», як бы абсурдна гэта ні гучала. Роўна да гэтага вядуць усе захады ўладаў», – мяркуе Сяргей Будкін.

З гэтым сцверджаннем пагаджаюцца і некаторыя карыстальнікі ў сацсетках. Некаторыя, у тым ліку і Сяргей Будкін, выказваюць меркаванне, што ўлады ў краіне цалкам могуць пайсці на тое, каб прызнаць «экстрэмісцкімі» нават беларускі алфавіт або нават літару «ў».

Hавiны
Пракуратура знайшла ў інтэрнэт-крамах «экстрэмісцкія» кнігі і запатрабавала прыбраць іх з продажу
2022.06.14 13:48

Мікалай Каткоў, belsat.eu

Стужка навінаў