Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 15 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 15 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Разбіты БТР на краю вёсцы Світыльня, Кіеўская вобласць, Украіна. 1 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле аператыўных звестак Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў расейскія войскі працягвалі наступленне ва Усходняй аператыўнай зоне з мэтай усталявання поўнага кантролю над тэрыторыяй Данецкай, Луганскай, Херсонскай вобласцяў і захавання сухапутнага калідору з часова акупаваным Крымам.

Украінскія войскі ў сваю чаргу перайшлі ў контрнаступленне на Ізюмскім напрамку ў Харкаўскай вобласці. Пры гэтым паведамляецца, што расейцы нясуць вялізныя баявыя страты, якія з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну дасягнулі 27400 чалавек забітымі.

Прэс-сакратар Генштабу Збройных сіл Украіны Аляксандр Штупун паведаміў, што Расея трэнуе ў памежных з Украінай Варонежскай, Белгародскай і Растоўскай вобласцях каля дзвюх з паловай тысяч рэзервістаў, якіх плануюць кінуць на фронт.

Пры гэтым выведка Вялікай Брытаніі заявіла, што Расея, імаверна, страціла траціну сухаземных баявых сілаў, уцягнутых ва Украіну з лютага. Таксама Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі звяртае ўвагу на тое, што за апошні месяц Расея не мела значных тэрытарыяльных дасягненняў і ў цяперашніх умовах наўрад ці рэзка паскорыць тэмпы прасоўвання цягам наступных 30 дзён.

Намеснік генеральнага сакратара NATO Мірча Джаанэ таксама звярнуў увагу на страту тэмпаў расейскага ўварвання. На ягоную думку, гэта звязана з мужнасцю ўкраінскага народу і войска, а таксама з фінансавай, ваеннай і гуманітарнай падтрымкай Украіны ейнымі саюзнікамі.

Артыкулы
Пазыўны Сон – гісторыя ваяркі з батальёну Кастуся Каліноўскага
2022.05.14 16:21

У самой Расеі ўначы 15 траўня загарэўся ваенкамат у Валгаградзе. Калі пажар быў патушаны, паліцыянты знайшлі ў памяшканні разбітую бутэльку з кавалкам тканіны. Паводле выдання «Медуза», толькі за апошнія двое содняў у Расеі былі ўчыненыя тры спробы падпалу ваенкаматаў – у Растоўскай і Разанскай вобласцях, і цяпер – у Валгаградзе. Усяго з пачатку вайны было зафіксавана не менш за 11 падпалаў расейскіх ваенкаматаў.

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба скептычна выказаўся пра магчымую дамоўленасць з Расеяй аб рэжыме спынення агню. Паводле яго, Украіна гатовая да дыпламатыі і перамоваў з РФ, але не дазволіць, каб гэтая ж дыпламатыя працягвала пакуты і адкладала наступны этап вайны.

Расейскія СМІ пішуць, што ў калоніі Херсону вязні паднялі бунт, але яго прыдушвалі акупацыйныя войскі. Сцвярджаецца, што бунт нібыта быў арганізаваны Службай бяспекі Украіны, супрацоўнікі якой пачалі адчыняць у калоніі камеры і выпускаць зняволеных.

ВІДЭА
Вайсковы эксперт: Кіеў ставіць перад сабою мэту цалкам вярнуць захопленыя тэрыторыі
2022.05.14 22:04

ВК belsat.eu

Стужка навінаў