«Мы святкуем вашую перамогу ўва ўсім свеце». Еўрапейскія лідары віншуюць Украіну


Украіну з перамогаю ў «Еўрабачанні-2022» павіншавалі кіраўнікі краінаў Еўразвязу, а таксама беларуская лідарка Святлана Ціханоўская.

Украіна перамагла ў «Еўрабачанні-2022».
Фота: AFP

Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан напісаў:

«Гэта яскравае адлюстраванне не толькі вашага таленту, але і непахіснага падтрымання вашай барацьбы за свабоду».

Павіншаваў Украіну і міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўоліс.

Прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен зазначыла, што перамогу Украіны святкуе ўвесь свет:

«Сёння ўвечары вашая песня скарыла нашае сэрца. Мы святкуем вашую перамогу ўва ўсім свеце. ЕЗ з вамі».

«Няхай гэта будзе толькі адна перамога са шматлікіх у гэтым годзе. Любоў заўжды перамагае, праўда заўжды перамагае. З вамі Еўропа, з вамі нашыя сэрцы», – сказаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Hавiны
Ва Украіне ў гонар перамогі на «Еўрабачанні-2022» цягнік назавуць «Стэфанія-Экспрэс»
2022.05.15 12:05

Прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс зазначыў, што еўрапейцы з нецярплівасцю чакаюць «Еўрабачання» ў наступным годзе ва Украіне.

Кіраўнік Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль і вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль таксама павіншавалі Украіну. Шарль Мішэль частку свайго допісу ў Twitter зрабіў па-ўкраінску.

Аб’ектыў
Саліст «Kalush Orchestra»: «Гэта вельмі адказны момант для нас, бо нашую культуру зараз спрабуюць знішчыць»
2022.05.13 23:05

Выказала свае віншаванні Святлана Ціханоўская.

«Выступленне Украіны сёння кранула маё сэрца: не толькі сама песня, але і тое, што нават падчас страшнай вайны ў сваёй краіне гэтыя людзі захоўваюць здольнасць да творчасці, паказваюць усяму свету не толькі сілу, але і прыгажосць сваёй нацыі. Я ўпэўненая, што ўвесь свет сёння – за Украіну, як і беларусы. Я віншую Украіну з гэтаю перамогай і веру ў тое, што далей на вашым шляху адбудзецца найважнейшая перамога, якой вам, дарагія ўкраінцы, таксама зычым усе мы», – сказала беларуская лідарка.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў спадзяванне, што аднойчы «Еўрабачанне» пройдзе ў Марыупалі:

«Нашая мужнасць уражвае свет, нашая музыка скарае Еўропу! У наступным годзе Украіна будзе прымаць «Еўрабачанне»! Трэці раз у сваёй гісторыі. І я веру – не апошні. Мы зробім усё, каб аднойчы ўдзельнікаў і гасцей «Еўрабачання» прымаў украінскі Марыупаль. Вольны, мірны, адбудаваны! Дзякую за перамогу «Kalush Orchestra» і ўсім, хто аддаў за нас свае галасы! Упэўнены: не за гарамі наш пераможны акорд у бітве з ворагам».

Украінскі гурт «Kalush Orchestra» перамог у фінале «Еўрабачання-2022» з песняю «Стэфанія». Гэта трэцяя перамога Украіны на «Еўрабачанні»: у 2004 годзе першае месца здабыла спявачка Руслана, у 2016-м – Джамала.

Лідар «Kalush Orchestra» Алег Псюк пасля выступу са сцэны звярнуўся да свету з заклікам уратаваць абаронцаў Марыупалю з «Азоўсталі». Пасля абвяшчэння вынікаў спявак падзякаваў свету за падтрыманне і скончыў прамову словамі «Слава Украіне!».

Другое месца на конкурсе заняла Вялікая Брытанія, трэцяе – Іспанія.

Тым часам «Kalush Orchestra» прэзентаваў кліп на песню «Stefania». Яго здымалі ў Бучы, Ірпіні, Барадзянцы, Гастомэлі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў