У партыі «Беларускі Народны Фронт» з'явіўся новы часовы кіраўнік


Сойм Партыі БНФ прызначыў часовым выканальнікам абавязкаў кіраўніка арганізацыі гарадзенца Вадзіма Саранчукова. Раней ён займаў пасаду намесніка старшыні Партыі БНФ.

Вадзім Саранчукоў.
Фота: novychas.by

Прымаючы абавязкі па часовым выкананні функцыяў кіраўніка арганізацыі, намеснік старшыні Вадзім Саранчукоў сказаў:

«Хачу падкрэсліць, што старшынёй Партыі БНФ цяпер застаецца Рыгор Кастусёў, і мы спадзяемся, ён хутка будзе на волі і будзе мець магчымасць вярнуцца да паўнавартаснага выканання абавязкаў кіраўніка арганізацыі. Новы старшыня партыі можа быць абраны толькі наступным з’ездам партыі. Цяперашняе рашэнне мае выключна тэхнічны характар і скіраванае на забеспячэнне ўстойлівай працы партыі і грамадскага аб’яднання як юрыдычных асобаў».

«Лічу, што нашай першачарговай задачай на цяперашнім этапе павінна быць захаванне і ўмацаванне юрыдычнай устойлівасці партыі, забеспячэнне яе працы ў цяперашніх надзвычай неспрыяльных умовах. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб старшыня партыі Рыгор Кастусёў ды ўсе зняволеныя па палітычных матывах былі вызваленыя. Мы будзем прыспешваць гэты момант усімі сродкамі, якімі валодае палітычная партыя згодна з уласным статутам», – кажа Саранчукоў.

Сам кіраўнік партыі Рыгор Кастусёў застаецца ў СІЗА КДБ больш за месяц, з 12 красавіка. Яго абвінавачваюць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады. Кастусёву пагражае да 12 гадоў зняволення.

Вадзіму Саранчукову 41 год. Ён скончыў юрыдычны факультэт Гарадзенскага ўніверсітэту. У грамадскім жыцці Саранчукоў з 1998 года, раней быў актывістам «Маладога фронту», а з 2017 года займаў пасаду намесніка старшыні Партыі БНФ.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў