Міністэрства гандлю ЗША: самалёты «Белавіі» парушаюць санкцыі


Міністэрства гандлю ЗША выявіла чарговыя 10 самалётаў, якія парушаюць амерыканскі экспартавы кантроль. Сярод іх упершыню выявілі 7 лайнераў, якія эксплуатуюцца авіякампаніяй «Белавія». Два належаць кампаніі «UTair» і адзін – «Аэрафлоту».

Раней у спіс самалётаў, экспартаваных у Беларусь і Расею з парушэннем экспартавага кантролю ЗША, былі ўнесеныя больш за 100 суднаў. Гэтым разам, акрамя дадавання новых лайнераў, змянілі бартавыя нумары 32 самалётаў, ужо ўключаных у спіс, з улікам імавернай перарэгістрацыі самалётаў у Расеі.

Міністэрства гандлю ЗША нагадвае, што наданне паслугаў самалётам з санкцыйнага спісу патрабуе адмысловага дазволу, а калі яго няма, то можа пагражаць штраф, іншыя абмежаванні або нават турма.

Hавiны
«Белавія» засталася без самалётаў і можа лётаць толькі ў 7 краінаў свету. Што чакае нацыянальнага авіяперавозніка
2022.03.28 09:30

Забарона на атрыманне самалётамі паслугаў, у тым ліку з-за мяжы, фактычна выключае магчымасць выкарыстання гэтых лайнераў для міжнародных рэйсаў. Гэтыя санкцыі – частка адказу на расейскую агрэсію супраць Украіны, якая здзяйсняецца ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

«Уладзімір Пуцін і ягоныя памочнікі сталі ізгоямі ў выніку грубага парушэння суверэнітэту Украіны. Міністэрства гандлю разам з нашай кааліцыяй саюзнікаў і партнёраў будзе працягваць сачыць за тым, каб яны плацілі за тыя разбурэнні, якія наносяць рэгіёну і народу Украіны, – сказаў намеснік міністра гандлю ЗША Дон Грэіўз. – Адхіляючы міжнароднае вяршэнства права, Расея і Беларусь ясна далі зразумець, што яны не заслугоўваюць перавагаў удзелу ў сусветнай эканоміцы, уключаючы міжнародныя паездкі. Пакуль Расея працягвае гэты неабгрунтаваны напад, Міністэрства гандлю ЗША будзе працягваць рабіць адпаведныя захады, каб прыцягнуць іх да адказнасці».

2 сакавіка Міністэрства гандлю ЗША ўвяло пашыраны і строгі кантроль у дачыненні тавараў, звязаных з авіяцыяй, якія накіроўваюцца ў Беларусь, у тым ліку ў дачыненні пэўных самалётаў або частак самалётаў. Такім чынам, любы самалёт, выраблены ў ЗША або іншай краіне, які ўключае больш за 25 % частак, вырабленых у ЗША, падлягае ліцэнзаванню, калі ён прызначаны для Беларусі або Расеі. З 9 красавіка Міністэрства гандлю ЗША выявіла шэраг беларускіх самалётаў, якія гэтае патрабаванне парушаюць.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў