Хроніка рэпрэсіяў супраць беларускага народу за 15 красавіка


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі беларускага рэжыму супраць народу за 15 красавіка.

  • Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 8 асобаў

Гэта Ганна Пышнік, Андрэй Уткін, Віктар Кулінка, Ірына Абдукерына, Алег Барадзін, Іван Яснікаў, Мікіта Слепянок, Віктар Бедрый. Шасцёра з васьмі новых палітзняволеных трапілі пад пераслед за фатаграфаванне і перасыланне фотаздымкаў расейскай тэхнікі ў Беларусі. Агулам колькасць палітвязняў у Беларусі цяпер дасягнула 1133 асобаў.

  • Беларуску, якая прыехала на радзіму на гадавіну смерці маці, вінавацяць у тэрарызме

Алесю Буневіч вінавацяць у здзяйсненні акту тэрарызму (ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэксу), ёй пагражае ад 8 да 20 гадоў зняволення. Праваабаронцы мяркуюць, што крымінальная справа тычыцца так званых партызанскіх акцыяў на беларускай чыгунцы.

  • Менчука абвінавацілі ў спробе падпалу лецішча старшыні Вярхоўнага суда і пакаралі 10 гадамі калоніі

39-гадовага менчука Аляксандра Зайцава затрымалі 22 жніўня 2021 года каля лецішча старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы нібыта за спробу падпалу. Ягоныя дзеянні кваліфікавалі як «акт тэрарызму». Суд праходзіў у закрытым рэжыме. У 2020 годзе Зайцаў удзельнічаў у пратэстах, яго затрымлівалі і каралі «соднямі».

  • Расея выдала Беларусі яшчэ аднаго ўдзельніка пратэстаў 2020 года

25-гадовага гомельца Дзмітрыя Падлобнікава вінавацяць у тым, што 10 жніўня 2020 года ў Жлобіне падчас акцыі пратэсту ён нібыта адштурхоўваў праваахоўнікаў, біў іх нагамі і рукамі па ахоўным экіпаванні, шчытах, кідаў камяні, бутэлькі ды іншыя прадметы. Каб пазбегнуць пераследу за пратэсты, гомелец з’ехаў у Расею, але адтуль яго экстрадавалі ў Беларусь. Цяпер яго чакае суд.

  • Палітвязня Арцёма Майсіёнка асудзілі на 3 гады «хіміі»

Вырак вынесла суддзя Юлія Блізнюк, яна прызнала 28-гадовага палітвязня Арцёма Майсіёнка вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Арцёма вызвалілі ў залі суда да накіравання ў папраўчую ўстанову. Пад вартай ён быў з 23 лістапада 2021 года.

  • У Менску за ўдзел у пратэстах 2020 года затрымалі Вольгу Рытус

Яе затрымалі паводле арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэксу. Удома ў Вольгі застаўся 12-гадовы сын, цяпер яна на Акрэсціна.

  • Двое жыхароў Гомля былі затрыманыя за графіці ў падтрыманне Украіны

Акрамя арт. 341 Крымінальнага кодэксу («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці») ім інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года.

РР belsat.eu

Стужка навінаў