У Менску судзяць 30-гадовага бубнача адразу паводле некалькіх крымінальных артыкулаў


У судзе Маскоўскага раёну сталіцы 15 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 30-гадовага бубнача Аляксея Санчука, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

У пачатку лістапада на рэпетыцыі сілавікі затрымалі групу бубначоў «Патрабуем разысціся», якая ўвосень стала адным з сімвалаў пратэстаў. Усяго затрымалі 16 чалавек: сямёх адразу адпусцілі, а тры дзяўчыны атрымалі штраф па 30 базавых велічыняў. Астатніх шасцярых, у тым ліку і Аляксея Санчука, асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Аднак пасля 15-содневага арышту Аляксей так і не выйшаў на волю – супраць яго распачалі крымінальную справу.

Аляксей Санчук. Фота з сацыяльных сетак

Паводле іншых затрыманых музыкаў, пры арышце работнікі ГУБАЗіКу збівалі Аляксея і патрабавалі пароль ад тэлефона.

Цяпер яго вінавацяць паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу – за арганізацыю, рыхтаванне дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак; навучанне ці іншае рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў масавых закалотах;рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах.

Справу разглядае суддзя Таццяна Пірожнікава, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае пракурор Яўген Серакоў.

Аляксей Санчук.
Фота: Алексей Санчук / «УКантакце»

Згодна з версіяў абвінавачання, Аляксей Санчук «пад выглядам масавых мерапрыемстваў» у Менску здзяйсняў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак: перакрываў праезную частку, відавочна не падпарадкоўваўся работнікам УУС, крычаў лозунгі, гучна пляскаў у далоні, размахваў бел-чырвона-белым сцягам. Гэтым ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 342 КК, і другою часткаю гэтага артыкулу: «зарганізаваў супольнасць, дзе навучаў людзей, схіляў асобаў да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 293 КК, яго вінавацяць у тым, што падчас ператрусу былі знойдзеныя 67 вырабаў «гарбатнай ружы» і «папугайчыкаў», петарды, газавыя балончыкі, 18 лазерных указак, аптычная сістэма назірання, пнеўматычная стрэльба ды іншае.

За «блакаванне дарог» 27 верасня, 18 кастрычніка, 4 кастрычніка, 25 кастрычніка, 1 лістапада яму выставілі пазоў на Br 161 900.

Санчук прызнаў сябе вінаватым толькі паводле артыкулу 342 КК.

Таксама бок абвінавачання сцвярджае, што з чэрвеня да лістапада 2020 года Санчук па папярэдняй змове з мэтаю выказаць палітычныя погляды стварыў тэлеграм-чат, які мае ў сваёй назве слова «Крыжыкі».

На паседжанні пачалі дапытваць сведак, якія былі ў чаце. Паводле іхных паказанняў, у чаце ўсё ж такі абмяркоўваліся паходы на пратэсты, скідалі фота, але гэта былі мірныя акцыі.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў