Пайшоў з жыцця аўтар беларускага буквара Анатоль Клышка


Учора, 14 красавіка, пайшоў з жыцця аўтар беларускага буквара, пропісяў і кніг для дзяцей Анатоль Клышка. 16 красавіка яму споўнілася б 86 гадоў.

Анатоль Клышка на імпрэзе Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры «Усё пачынаецца з буквара».
Фота: wikipedia.org

«Пакінуў гэты свет Анатоль Клышка, па чыім Буквары вучыліся мільёны беларусаў. Той Буквар (найвыдатнейшы!) стаў ці не самай тыражнай беларускай кнігай. У пару майго школьніцтва яго разавы наклад даходзіў да 150 000 асобнікаў. 37 гадоў прайшло-прамільгнула, а я і сёння помню і ўсе малюнкі буквароўскія, і ўсе тэксты», напісаў літаратар Міхась Скобла на сваёй старонцы ў Facebook.

Таксама Скобла адзначыў, што спадар Анатоль быў дабрадушны, заўсёды жыццярадасны, па-маладому цікаўны да ўсяго на свеце і на дзявятым дзясятку не сядзеў склаўшы рукі: «То дасканаліў свой легендарны Буквар (выходзілі новыя перавыданні, іх было больш за 40), то перакладаў з арыгіналу Марцыяла (асобным зборнікам выйшаў пару гадоў таму), то даследаваў жыццёвы і творчы шлях свайго ўлюбёнца Валянціна Таўлая (для серыі «Беларускі кнігазбор»). 16 красавіка Анатолю Канстанцінавічу споўнілася б 86… Светлая памяць рупліваму творцу і вялікаму Настаўніку».

Выданні Анатоля Клышкі.
Фота: skorina-lib.by

Нарадзіўся Анатоль Клышка ў 1935 годзе ў вёсцы Данейкі Баранавіцкага раёну на Берасцейшчыне. Вучыўся ў Наваградскай педагагічнай вучэльні. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Працаваў у розных рэдакцыях.

Буквар Анатоля Клышкі ўзнагароджваўся залатым медалём Міжнароднай ляйпцыгскай выставы ў 1977 годзе, срэбным медалём на ВДНГ СССР, у 1999 годзе буквар атрымаў першую прэмію на конкурсе «Падручнік года». Методыка Клышкі лічыцца ўнікальнаю, пры стварэнні падручніка аўтар вывучыў больш за 500 буквароў розных краінаў на розных мовах.

«Абавязкова чытайце ўслых штодня не менш як 15–20 мінут. Вымаўляючы словы, адчувайце да іх пашану. Яны саграваліся вуснамі прашчураў. Хай кожнае слова будзе вам як блаславенне продкаў», – вучыў Анатоль Клышка.

За сваю творчую працу спадар Анатоль быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, літаратурнаю прэміяй імя Васіля Віткі. Мае ганаровыя званні «Выдатнік народнай асветы БССР», «Выдатнік асветы СССР», «Заслужаны працаўнік культуры Рэспублікі Беларусь».

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў