У Расеі быў атакаваны чарговы нафтаперапрацоўчы завод


Украінскія ЗСУ атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у Дзяржынскім раёне Калужскай вобласці. Паводле некаторых дадзеных, атаку здзейснілі тры беспілотнікі. Паведамляецца пра пашкоджанне абсталявання прадпрыемства.

Атака на НПЗ у Калузе.
Фота: @astrapress

Атаку пацвердзіў губернатар Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша, але, з ягоных словаў, пацярпелых няма, як няма і разбурэнняў інфраструктуры.

Аднак на відэа, якое з’явілася ў інтэрнэце, відаць, што выбух быў вельмі магутным, некаторыя сцвярджаюць, што ён мог прынесці найбольш сур’ёзныя разбурэнні ў параўнанні з атакамі на НПЗ, якія былі некалькімі днямі раней. (Асцярожна, у відэа нецэнзурная лексіка.)

Паводле некаторых расейскіх тэлеграм-каналаў, адзін з беспілотнікаў закрануў толькі комін, што стала прычынай пажару.

Нагадаем, што гэтым тыднем былі атакаваныя адразу некалькі нафтаперапрацоўчых заводаў у Расеі. У ноч на 13 сакавіка з паветра быў атакаваны Разанскі НПЗ кампаніі «Роснефть», што прывяло да пажару на дзвюх сістэмах, другая атака адбылася ў Арле, яшчэ адна ў Кстове Ніжагародскай вобласці па прадпрыемстве «Лукойл-Нижегороднефтеоргсинтез». Паводле ацэнак, на гэтыя тры НПЗ прыходзяцца 12 % усіх магутнасцяў у перапрацоўцы нафты ў Расеі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў