Да галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» прыйшлі з ператрусам, ён і жонка зніклі


Беларуская асацыяцыя журналістаў даведалася пра ператрус у доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча. Раней у гэты ж дзень стала вядома аб ператрусе і затрыманнях у рэдакцыі недзяржаўнай газеты «Інфа-Кур’ер».

«Рэгіянальная газета», папяровае выданне.
Фота: Rh.by

Паводле звестак БАЖ, ператрус у доме Аляксандра Манцэвіча ў Вялейцы прайшоў раніцай 15 сакавіка. Дзе цяпер Аляксандр і ягоная жонка Ніна Манцэвіч, невядома – сувязь з імі знікла. З якой прычыны быў ператрус і што шукалі сілавікі, не паведамляюць.

У 2021 годзе ў Манцэвіча і ў рэдакцыі ягонага выдання ўжо праводзілі ператрусы, канфіскавалі тэхніку, узялі з журналістаў падпіску аб нераскрыцці. У студзені 2022-га сайт і Telegram-канал «Рэгіянальнай газеты» назвалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Выданне працягнула выпускаць навіны ў сацсетках.

«Рэгіянальная газета» выдаецца з 1995 года на паперы і з 2000-га ў інтэрнэце. Піша па-беларуску пра падзеі Маладзечна, Вялейкі, Смаргоні, Ашмянаў, Валожына, Мядзела і Астраўца – паўночнага захаду Беларусі. Выходзіла штотыдзень на 24 палосах, накладам некалькі тысяч асобнікаў. Пасля ператрусаў 2021 года спыніла выхад на паперы.

Аб’ектыў
Справу пра мыла і вяроўку вырашылі на карысць «Рэгіянальнай газеты»
2020.01.22 23:53

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў