Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі 14 і 15 сакавіка


«Белсат» падводзіць вынікі двух апошніх дзён поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі 14 і 15 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Цалкам разбураны жылы дом, пацярпелы ад артылерыйскага абстрэлу. Кіеў, Украіна. 15 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

14 сакавіка Уладзімір Зяленскі ўнёс у Вярхоўную Раду законапраект пра падаўжэнне ваеннага стану ва Украіне яшчэ на месяц. Ужо наступным днём Вярхоўная Рада ўхваліла гэтую прапанову прэзідэнта. Такім чынам ваенны стан у краіне падоўжыцца на месяц ад 5:30 26 сакавіка.

Генштаб Збройных сілаў Украіны абнавіў лічбы расейскіх стратаў. На дзень 15 сакавіка Расея страціла ўжо звыш за 13 500 чалавек.

Міністэрства фінансаў Украіны падлічыла шкоду ад вайны, што развязала Расея: $ 500 млрд. Пра гэта паведаміў міністр Сяргей Марчанка.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што на тэрыторыі Беларусі распрацоўваецца спецаперацыя, падчас якой беларускія вайскоўцы мусяць апрануць форму РФ для ўварвання ва Украіну.

Украінская чыгунка пачынала нацыяналізацыю расейскіх вагонаў, што застаюцца ва Украіне. Ідзецца прынамсі пра 3 тыс. вагонаў, што цяпер будуць працаваць на эканоміку краіны.

Аналітыка
«За рэпарацыйныя грошы ад Расеі потым усё адновім». Як Украіна абараняе ад вайны культурную спадчыну
2022.03.15 13:00

Чацвёрты раўнд перамоваў паміж Украінай і Расеяй прайшоў у відэафармаце і скончыўся «тэхнічнай паўзай», якую абвясцілі бакі.

Генеральная пракурорка Украіны Ірына Вэнэдзіктава анансавала абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў пра магчымасць штурму буйных гарадоў Украіны. Паводле Пяскова, такое рашэнне было прынятае «ў сувязі з тым, што ўзброеныя нацыяналістычныя фармаванні абсталёўваюць агнявыя пункты, размяшчаюць цяжкую вайсковую тэхніку проста ў жылых кварталах».

14 сакавіка Еўразвяз зацвердзіў чацвёрты пакет санкцыяў супраць Расеі. Ён накіраваны супраць фізічных і юрыдычных асобаў, датычных цяперашняй вайны, а таксама супраць некаторых сектараў расейскай эканомікі.

Гісторыі
«Яны білі па вакзале, адкуль ехалі бежанцы». Аповед украінкі, якая апошнім цягніком з’ехала з Ірпіня
2022.03.15 19:45

Удзень 14 сакавіка расейскія войскі дазволілі выехаць з Марыупалю ў Запарожжа першай калоне мірных жыхароў. На 14:00 15 сакавіка «гуманітарным калідорам» выехала ўжо 2 тыс. легкавых машынаў, яшчэ 2 тыс. машынаў стаялі на выездзе з гораду.

Горад быў у аблозе два тыдні: туды не маглі даставіць неабходных медыкаментаў, харчоў і вады. Таксама ў гэты дзень былі арганізаваныя «зялёныя калідоры» з гарадоў Сумы, Канатоп, Шостка, Трасцянец і Лебядзін. У гэты ж час Расея блакавала «зялёны калідор» з боку Чарнігава.

ВК, Belsat.

Стужка навінаў