news
Гісторыі
Блогер «Бомж на хайпе» распавёў, як яго экстрадавалі ў Беларусь і чым расейскія турмы розняцца ад беларускіх
Міхаіл Сальнікаў уцёк ад расейскай мабілізацыі, цяпер ён у вышуку РБ і РФ.
17.02.202411:11

Беларус Міхаіл Сальнікаў больш за 10 гадоў пражыў у Маскве. Займаўся прамоцыяй блогераў і ўласным YouTube-каналам «Бомж на хайпе». Зарабіў на кватэру і некалькі аўтамабіляў. Але ў 2021 годзе беларускія спецслужбы абвясцілі яго ў вышук – Міхаіл быў затрыманы і перададзены ў Беларусь. У размове з «Белсатам» Сальнікаў распавядае, чым адрозніваюцца расейскія СІЗА ад беларускіх і чаму за ягонай непалітычнай справай стаіць, на ягоны погляд, палітыка.

Міхаіл Сальнікаў у Літве. Фота перададзенае рэдакцыі

Міхаілу Сальнікаву 39 гадоў. У Беларусі ён меў сваю справу – займаўся кандыцыянерамі і сістэмамі вентыляцыі. Але пасля 2010 года з’ехаў у Маскву, бо, як кажа, ужо тады зразумеў, «чым тут пахне». Хацелася развівацца і мець «больш-менш свабодную прастору».

Дапамог Уладу А4 набраць мільён падпісчыкаў

У Маскве Сальнікаў адкрыў у сабе талент прамоўтара. Займаўся раскручваннем медыяпраектаў расейскіх (і не толькі) блогераў, на чым зарабіў добрыя грошы. Працаваў з Аміранам Сардаравым («Дневник Хача»), з рэперам Пашам Тэхнікам (Павел Іўлеў), відэаблогерамі Міхаілам Літвіным і Карынай Крос ды іншымі. Сцвярджае, што менавіта ён зрабіў мільённікам Улада А4, з якім у 2017 годзе яго пазнаёміў спявак Арцём Сарока. Улад Бумага набраў мільён падпісчыкаў пасля чэленджу ў менскім аквапарку, што арганізаваў яму разам з кампаньёнам Міхаіл Сальнікаў.

У апошнія гады Міхаіл прамаваў свой уласны забаўляльны праект «Бомж на хайпе»: пераўвасабляўся ў маскоўскага бяздомніка. YouTube-канал паспяхова развіваўся, але грымнуў 2020 год.

Міхаіл Сальнікаў у ролі бяздомнага на відэа YouTube-каналу «Бомж на хайпе» (на Youtube відэа былі выдаленыя ў 2021 годзе). Скрыншот перададзены рэдакцыі

Міхаіл Сальнікаў кажа, што ў жніўні 2020 года, адразу пасля выбараў, быў у Менску і выходзіў на маршы, пратэстуючы супраць фальсіфікацыяў і гвалту. Сцвярджае, што быў на праспекце Пушкіна 10 жніўня, калі там забілі Аляксандра Тарайкоўскага. Праз пару дзён вярнуўся ў Маскву, але пасля яшчэ некалькі разоў ездзіў у Менск пратэставаць з маскоўскімі беларусамі – ужо арганізавана. Кажа, што беларусы Масквы былі натхнёныя рэвалюцыяй у Беларусі.

«У Маскве беларусаў лічылі за такіх цярпілаў: «Трус беларус, терпилы в стране терпил». Крыўдна было такое чуць, хоць мяне асабіста ніхто баязліўцам не называў. Я казаў: «Навошта вы так гаворыце пра ўвесь народ?» І тут народ падняўся! І мяне гэта… Мяне гэта таксама падняло. І шматлікіх нашых у Маскве», – успамінае Міхаіл.

«Цябе бяруць і пачынаюць цягаць па ўсіх ізалятарах Масквы»

Беларус гаворыць, што падчас стрымаў на канале публічна выказваў сваю пазіцыю наконт пратэстаў у Беларусі. А праз нейкі час даведаўся, што ягонае імя трапіла ў федэральны крымінальны вышук, што ініцыявалі беларускія «сілавікі». Адзін са знаёмых у сілавых структурах (Міхаіл «меў тады шмат розных сувязяў у Маскве») паведаміў, што на яго «выставілі картачку паводле аднаго артыкулу», але «чакаюць паводле зусім іншых справаў».

Беларускія органы, са словаў Міхаіла Сальнікава, падалі ў вышук і далі запыт на ягонае затрыманне ды экстрадыцыю, узнавіўшы крымінальную справу 2015 года, што была ў той час нават не распачатая праз адсутнасць складу злачынства.

У суд на Сальнікава падаў у 2015-м уладальнік відэакамеры, якую блогер не змог вярнуць і ў якасці кампенсацыі якой прапаноўваў грошы. У завядзенні крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 209 («Завалоданне маёмасцю шляхам махлярства») пазоўніку тады адмовілі. Не меў «пацярпелы» прэтэнзіяў да Сальнікава і ў 2021 годзе. Як высветлілася на судзе ў Менску, паўторную заяву на Міхаіла яго вымусілі напісаць міліцыянты, прыгразіўшы, што, калі адмовіць, у яго будуць праблемы з бізнесам.

Да суда ў Менску яшчэ вернемся. У Маскве Міхаіла Сальнікава схапілі 27 чэрвеня 2021 года. Затрымлівалі не тое што жорстка, але ўдзел у гэтым бралі аж пяцёра паліцыянтаў, распавядае мужчына.

Экстрадыцыйны працэс цягнуўся каля паўгода

«Цябе бяруць і пачынаюць цягаць па ўсіх ізалятарах Масквы, якія толькі ёсць. Я быў два дні ў Бутырцы, у «Матроскай цішыні» дзень прабыў, у Мядведкаве (СІЗА № 4 Масквы) каля месяца праседзеў і гэтак далей», – распавядае беларус.

Бутырская турма ў Маскве.
Фота: Stanislav Kozlovskiy / Wikipedia

Паводле падлікаў Міхаіла Сальнікава, яго каля 20 разоў вазілі на розныя суды: рашэнне аб утрыманні пад вартай, працягненне гэтага рашэння, разгляд справы аб экстрадыцыі, апеляцыя і г. д. Разбіраць справу аб экстрадыцыі могуць ад паўгода да двух гадоў у залежнасці ад цяжкасці артыкулу.

«А там кожны суд каштуе каля мільёна рублёў. І вось у мяне было дваццаць судоў. Разумееце, так? Пры гэтым ніхто цябе не збіраецца вызваляць. Гэта проста бюракратыя і спісанне бабак. Усё толькі для гэтага робіцца.

Быццам бы дакументы разглядаюць, чакаюць адказу з Беларусі, вырашаюць, адпраўляць цябе ці не. Усё гэта шляпа! Натуральна, адпраўляць. Усіх адпраўляюць!» – тлумачыць Міхаіл Сальнікаў.

«У кожнай «хаце» на восем чалавек – як мінімум два беларусы»

Міхаіл сведчыць, што ўжо ў беларускім ізалятары сустрэў экстрадаванага з Расеі чалавека, якому суд РБ адмовіўся залічыць у прысуджаны тэрмін час, праведзены пад вартай у маскоўскіх турмах, пакуль трываў працэс экстрадыцыі. Мужчына ўтрымліваўся ў СІЗА Масквы нібыта каля двух гадоў.

У маскоўскіх ізалятарах, кажа Сальнікаў, у 2021 годзе сядзела вельмі шмат беларусаў.

«У кожнай экстрадыцыйнай хаце на восем чалавек – мінімум два беларусы. І з гэтых двух – адзін палітычны», – гаворыць Міхаіл.

Удакладняе, аднак, што амаль усім беларусам, з кім яму ўдалося там пазнаёміцца, выстаўлялі як падставу для экстрадыцыі непалітычныя артыкулы: пакража, махлярства, ухіленне ад службы ў войску і г. д. Пры гэтым самыя затрыманыя добра ўсведамлялі, што беларускія спецслужбы шукалі іх за ўдзел у пратэстах 2020 года. Міхаіл памятае толькі аднаго чалавека, запыт на якога ўтрымліваў яўна палітычныя матывы – абвінавачанне ў гвалце ў дачыненні супрацоўнікаў МУС.

Прынамсі, гэтак было ў 2021 годзе, падкрэслівае наш суразмоўца.

«У Расеі піянерскі лагер, у Беларусі – канцэнтрацыйны»

Пасля таго як маскоўскі суд пастанавіў выдаць Сальнікава Беларусі, яго этапавалі ў сталыпінскім вагоне праз Калугу ў Бранск, адтуль у Смаленск, са Смаленску ў Віцебск, потым у Жодзіна і Менск.

Прайшоўшы праз расейскія турмы і апынуўшыся ў віцебскім СІЗА № 2, Міхаіл робіць выснову: «У Расеі піянерскі лагер, у Беларусі – канцэнтрацыйны».

Параўноўваючы турэмныя рэжымы і ўмовы ў абедзвюх краінах, мужчына заўважае, што ўсе турмы ў Маскве «чорныя», гэта значыць функцыянуюць «по понятиям», а амаль усе пытанні развязваюцца праз блатных і «смотрящих». «Увесь варушняк», са словаў Сальнікава, адбываецца ўначы, а ўдзень затрыманыя высыпаюцца – наглядчыкам усё роўна. Калі трэба, зняволены мог атрымаць доступ да тэлефона і нават інтэрнэту.

Гісторыі
Законы крымінальнага свету, забарона беларускай мовы і падручнікаў. Гісторыі з калоніі № 15
2024.01.22 11:08

Як сцвярджае Міхаіл Сальнікаў, з маскоўскай турмы ён лёгка звязаўся са сваім кампаньёнам у медыяпраекце і папрасіў яго выдаліць усе відэа з YouTube-каналу «Бомж на хайпе», бо баяўся, што ў Беларусі ягоныя выказванні падчас стрымаў выкарыстаюць супраць яго.

Міхаіл кажа, што нават ізалятары ў Бранску і Смаленску, якія лічацца «чырвонымі» («мянтоўскімі»), не ідуць у параўнанне з беларускімі, дзе рэжым куды больш жорсткі: у Беларусі яны б былі «чорнымі».

СІЗА ў Віцебску – «сурʼёзнае прыкурванне»

Два тыдні, якія правёў у віцебскім СІЗА № 2, наш суразмоўца называе «сурʼёзным прыкурваннем». Кажа, што некалькі разоў трапіў у так званы матрацны пакой, дзе яго збівалі. «Матрацны пакой», паводле былога вязня, гэта камера, сцены якой абабітыя некалькімі слаямі матрацаў дзеля гукаізаляцыі і «амартызацыі».

СІЗА № 2 у Віцебску, Беларусь. Крыніца: spring96.org

«Заводзяць цябе туды людзі ў масках і пачынаюць біць. Па-першае, нічога не чуваць. Па-другое, ніякіх слядоў не застаецца, бо ты аб тыя матрацныя сцены бʼешся…» – сведчыць Міхаіл Сальнікаў.

Ён тлумачыць, што ў адным выпадку так яго пакаралі за адмову начышчаць да бляску донца металічнага кубка. Прызнаецца, што пасля Масквы было цяжка: ні паспаць удзень, ні нават прыхіліцца да сцяны, каля сядзіш на шконцы.

У Жодзіне было трохі лягчэй. Але Міхаіл згадвае, як яму не аддалі там перадачы ад маці, ужо пасля таго як ён распісаўся за яе атрыманне: пакет проста пакінулі каля дзвярэй на «продоле», а праз нейкі час забралі.

Міхаіл гаворыць, што ў Жодзіне трапіў у медчастку, дзе выпадкова сустрэўся ў калідоры з Марыяй Калеснікавай.

256 гадзінаў «грамадскіх працаў»

Справу Міхаіла Сальнікава разбіралі ў судзе Менскага раёну. Да гэтага, яшчэ ў жодзінскую турму, да яго прыязджала следчая, якая тыцкала яму пад нос фотаздымкі з пратэстаў у Менску і патрабавала прызнаць віну: «Прызнавацца будзеш?» – «У чым прызнавацца?» – «Ну, ты сам разумееш у чым…» Міхаіл адмовіўся. Ён быў упэўнены, што ідэнтыфікаваць яго не змогуць, бо хадзіў на маршы ў масцы і пад капюшонам.

Гэтыя фотаздымкі зʼявіліся потым і на судзе.

«Уявіце сабе, мяне судзяць паводле артыкулу 209 часткі 1, нібыта за махлярства, і пры гэтым пытаюцца, што я рабіў на мітынгах і як туды трапіў! Абсурд! Каб не адвакатка, я б, напэўна, не адбіўся. Яна настойвала, што мяне павінны судзіць выключна паводле таго артыкулу, паводле якога мяне экстрадавалі з Расейскай Федэрацыі, спасылалася на Менскую канвенцыю 1993 года. А паводле таго артыкулу пацярпелы заявіў на судзе, што не мае да мяне прэтэнзіяў, ну і ўсё…» – апавядае Міхаіл Сальнікаў.

Аказалася, не зусім усё. Суддзя прызначыла Сальнікаву 256 гадзінаў грамадскіх працаў, што пакрывалася пяццю днямі ўтрымання пад вартай. Тое, што мужчына правёў за кратамі розных ізалятараў 6 месяцаў і 12 дзён, нікога не хвалявала.

«У Маскве ўдзень не было коркаў на вуліцах! Падобна да апакаліпсісу»

Міхаіла Сальнікава вызвалілі ў зале суда 2 лютага 2022 года. Папярэдзілі, што да набыцця прысудам законнай моцы ён застаецца пад падпіскай аб нявыездзе і не мае права пакідаць краіну.

Нягледзячы на забарону, Міхаіл выехаў з Беларусі праз некалькі дзён пасля суда – вярнуўся ў Маскву. І, як кажа, меў рацыю. Бо пазней высветлілася, што пракурор заявіў пратэст на рашэнне суда ў ягонай справе – як на занадта лагоднае.

Сальнікаў не выключае таксама, што супраць яго завялі новую крымінальную справу, гэтым разам палітычную. Бо «сілавікі» прыйшлі з ператрусамі да ягоных бацькоў. У маці, якая жыла ў Воршы, адразу пасля начнога візіту супрацоўнікаў МУС здарыўся інфаркт – у лякарні яе не выратавалі. Праз месяц пайшоў з жыцця і бацька…

Гісторыі
Гісторыя былога вязня «Віцьбы» Сяргея Сабалеўскага, які перажыў на зоне інсульт і выйшаў з анкахваробай
2024.01.18 07:00

Што да Масквы, то нанава наладзіць нармальнае жыццё ў расейскай сталіцы былому блогеру і вязню Міхаілу Сальнікаву не ўдалося. Бо літаральна праз 20 дзён па ягоным прыездзе Расея напала на Украіну – пачалася вайна.

«Я выдатна памятаю гэты дзень і некалькі месяцаў пасля пачатку вайны. Усе пачалі адмаўляцца ад праектаў. Блогеры пачалі згортвацца і зʼязджаць хто куды – у Дубай, Казахстан, Грузію, Беларусь і гэтак далей. У Маскве раптам стала мёртва. У Маскве ўдзень не было коркаў на вуліцах! І вось гэта было вельмі падобна да апакаліпсісу», – згадвае Міхаіл Сальнікаў.

«Няма папераў – і ты нікому не патрэбны…»

Міхал уцёк з расейскай сталіцы, калі аднойчы з незнаёмага нумара яго папрасілі прыехаць па пашпарт РФ (Сальнікаў тлумачыць, што ў 2012 годзе спрабаваў падавацца на расейскае грамадзянства, каб лягчэй было весці бізнес, але потым адмовіўся ад гэтай ідэі) і далі зразумець, што ён цяпер падлягае мабілізацыі.

У Літву Міхаіл Сальнікаў некалькі дзён прабіраўся маршрутам ад расейскай ініцыятывы «Идите лесом» – праз лясы і балоты, праз Нёман, з Беларусі.

Міхаіл Сальнікаў і Святлана Ціханоўская. Фота з асабістага архіву героя публікацыі

Былы блогер правёў у Літве ўжо 8 месяцаў. Падаўся ў гэтай краіне на статус уцекача, але рашэння да гэтага часу не атрымаў. Вельмі баіцца, што, калі раптам яно будзе негатыўным, яго могуць дэпартаваць у Беларусь. Там яго чакаюць несправядлівы суд і турма.

Прозвішча Сальнікава дагэтуль застаецца ў базе вышуку расейскага і беларускага МУС. Цалкам магчыма, што ў Беларусі на яго заведзеная новая крымінальная справа (праверыць гэта ён не мае магчымасці).

Сітуацыя ўскладняецца тым, што беларус не мае пры сабе ніякіх папераў – ні судовай пастановы, ні пратаколу ператрусу, ні пратаколу затрымання, – якія б давялі факт ягонага пераследу ў Беларусі і Расеі з палітычных прычынаў.

«У выніку выходзіць так: няма папераў – і ты нікому не патрэбны. Хтосьці адседзеў пару содняў у Менску – і ён ужо палітвязень, мае ВНЖ у Літве. А ў мяне ўсё вісіць на валаску…» – падсумоўвае Міхаіл Сальнікаў.

Сам ён не сумняецца, што ягоны пераслед – затрыманне, экстрадыцыя, суд, ператрусы ў бацькоў – меў палітычны характар.

Каментар
«Расейцы прыйшлі па нас». Як беларусы рэагуюць на вышук у Расеі, і што раіць юрыст
2024.02.13 21:52

Зміцер Міраш belsat.eu