Пратасевіча пачнуць судзіць 16 лютага. З ім завочна – рэдактараў «Nexta»


Менскі абласны суд 16 лютага мае пачаць разгляд справы супраць рэдактараў сеткі каналаў «Nexta» Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча, піша «БелТА». У руках беларускіх сілавікоў – толькі Пратасевіч, астатніх будуць судзіць завочна.

Раман Пратасевіч падчас размовы з Маратам Маркавым. 3 чэрвеня 2021 года. Скрыншот: скрыншот ОНТ

Крымінальную справу супраць Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка збіраюцца разглядаць у парадку «спецыяльнага вядзення» – яны застаюцца за межамі Беларусі. У такім парадку падсуднага не дапускаюць да дыстанцыйнага ўдзелу ў працэсе: як расказвала выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская, прызначаны ёй адвакат нават не выйшаў на сувязь.

Раман Пратасевіч – у руках сілавікоў. Яму закідаюць дзевяць крымінальных артыкулаў, у ліку якіх «Арганізацыя масавых беспарадкаў», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «Абраза Лукашэнкі» і «Паклёп на Лукашэнку». Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Артыкулы
Гадавіна пасадкі «Ryanair»: Пратасевіч ладзіць вяселле, Сапега – ідзе ў калонію…
2022.05.23 18:28

Летам 2020 года Пратасевіч быў рэдактарам сеткі каналаў «Nexta», потым сышоў у каналы «Беларусь головного мозга». Калі ён ужо быў за межамі Беларусі, улады абвясцілі яго «тэрарыстам» і нават накіравалі Польшчы запыт на экстрадыцыю. 23 траўня 2021 года ён ляцеў з Грэцыі ў Літву, самалёт кампаніі «Ryanair» перасякаў паветраную прастору Беларусі. Праз фальшывае паведамленне пра бомбу беларускія спецслужбы фактычна захапілі самалёт, затрымалі Пратасевіча і ягоную сяброўку Соф’ю Сапегу.

Пасля затрымання Пратасевіч стаў з’яўляцца ў эфіры дзяржаўных медыяў і на «пакаянных відэа». У інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу ОНТ на руках Пратасевіча былі выразна бачныя траўмы ад кайданкоў. У чэрвені 2021 года Пратасевіча перавялі пад хатні арышт, у дзяржаўных медыях яго паказвалі як вольнага чалавека, ад ягонага імя спрабавалі запусціць новае выданне (якое «заглухла» пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне).

Соф’ю Сапегу асудзілі на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму нібыта за працу на канал «Чорная кніга Беларусі». Ёй адмовілі ў памілаванні, а таксама ў экстрадыцыі ў Расею, грамадзянкай якой застаецца дзяўчына. На трэці дзень пасля суда над Сапегай Раман Пратасевіч нібыта ажаніўся з іншай неназванай дзяўчынай.

За захоп самалёту «Ryanair» адносна Беларусі ўвялі санкцыі, мноства краінаў адмовілася ад палётаў у Беларусь ці закрыла Беларусі паветраную прастору. Улады Беларусі спрабуюць дамагчыся зняцця прынамсі часткі санкцыяў: 15 лютага суд Еўразвязу адмовіў «Белаэранавігацыі» ў просьбе зняць санкцыі з яе. Справу з захопам самалёту згадваюць нават у кантэксце дзяржаўнага тэрарызму: так, сенат Чэхіі мае разглядзець рэзалюцыю аб прызнанні КДБ і ГУБАЗіКу арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм – сярод аргументаў за гэта інцыдэнт з самалётам, Пратасевічам і Сапегай.

Hавiны
Што такое годнасць у палоне, і ці важнейшая яна за захаванне жыцця? Тлумачаць былыя палонныя «ЛНР»
2021.06.16 14:22

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў