Вайна ў «любы момант», эвакуацыя і перамовы. Хроніка вайсковай эскалацыі


Belsat.eu прапаноўвае агляд галоўных падзеяў апошніх дзён, звязаных з крызісам вакол Украіны і пагрозай вялікай вайны ў Еўропе.

Новая дата нападу

11 лютага амерыканскі дзяржсакратар Энтані Блінкен заявіў, што ЗША назіраюць вельмі трывожныя прыкметы эскалацыі – у прыватнасці, прыбыццё новых расейскіх сілаў да мяжы з Украінай. Паводле Блінкена, «уварванне можа пачацца ў любы момант», у тым ліку да завяршэння Алімпіяды (то бок да 20 лютага).

Жыхары прымаюць удзел у ваенных вучэннях для грамадзянскіх асоб, якія праводзяцца групай «Правы сектар».
Фота: UMIT BEKTAS / Reuters / Forum

Нямецкае выданне «Der Spiegel», спасылаючыся на звесткі Сі-Ай-Эй (ЦРУ), паведаміла, што вялікая вайна можа распачацца 16 лютага. Пазней прадстаўнікі Белага дому і Пентагону адмовіліся пацвердзіць звесткі, што расейскае ўварванне прызначанае менавіта на 16 лютага, але яшчэ раз падкрэслілі, што гэта можа здарыцца ў любы момант. Пры гэтым ЗША ды іх саюзнікі настойваюць на тым, што перадухіліць вайну яшчэ магчыма.

У Крамлі заявілі, што амерыканскі бок нагнятае істэрыю. У МЗС Расеі выказаліся яшчэ больш жорстка, абвінаваціўшы ЗША ў правакацыі і дэзынфармацыі. «Англасаксам патрэбная вайна. Любой цаной», – заявіла прадстаўніца МЗС Марыя Захарава.

Аналітыка
Што будзе, калі расейскія войскі застануцца ў Беларусі пасля вучэнняў? Спыталі расейскага і ўкраінскага аналітыкаў
2022.02.08 10:45

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на інфармацыю пра ўварванне стрымана і зноў заклікаў не наганяць панікі. Але пры гэтым ён не стаў выключаць магчымыя рызыкі.

«Калі ёсць у вас ці любых людзей нейкая дадатковая інфармацыя пра 100-адсоткавае ўварванні РФ, пачынаючы з 16 чысла, ва Украіну, калі ласка, давайце нам гэтую інфармацыю», – падкрэсліў ён. У МЗС і Мінабароны Украіны таксама заклікалі грамадзянаў захоўваць спакой.

Аднак некаторыя прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў выказваюцца больш рэзка. Амбасадар Украіны ў Нямеччыне Андрэй Мельнік заявіў журналістам: «Ёсць адчуванне, што вайна становіцца ўсё больш непазбежнай». Паводле ягоных словаў, урад Украіны гатовы да «найгоршага сцэнара», пры якім Кіеў «можа падвергнуцца бамбаванню ўжо бліжэйшымі днямі».

Аналітыка
Вучэнні «Саюзная рашучасць»: маштабы, лакацыі, кантэкст. Што трэба ведаць
2022.02.10 08:00

Спробы дыпламатычнага ўрэгулявання

Абвастрэнне сітуацыі вакол Украіны прывяло да інтэнсіфікацыі перамоваў паміж сусветнымі лідарамі. Адразу пасля з’яўленне інфармацыі аб тым, што вайна можа распачацца ў «любы момант», адбыліся тэлефонныя размовы Уладзіміра Пуціна з Джо Байдэнам і Эманюэлем Макронам. Байдэн паабяцаў, што ў выпадку расейскага ўварвання ЗША і іх саюзнікі «адкажуць рашуча», і Расеі панясе «хуткія і сур’ёзныя страты» (маюцца на ўвазе перш за ўсё жорсткія санкцыі).

Гэтыя ж абяцанні амерыканскі прэзідэнт паўтарыў у размове з Зяленскім 13 лютага. Зяленскі, у сваю чаргу, прапанаваў Байдэну наведаць Кіеў бліжэйшымі днямі, што «будзе магутным сігналам і будзе спрыяць дээскалацыі» (амерыканскія медыі, праўда, лічаць такі візіт малаверагодным).

У Крамлі ж наракаюць на тое, што не атрымалі жаданага адказу на патрабаванні «гарантыяў бяспекі» ад ЗША і NATO. Масква працягвае настойваць, каб NATO дало гарантыі не пашырацца на Усход (у тым ліку коштам далучэння да Альянсу Украіны) і адвяло ўсю вайсковую інфраструктуру ў Еўропе на пазіцыі 1997 года.

Сустрэча Уладзіміра Зяленскага з Оляфам Шольцам.
Фота: president.gov.ua

Расейскае кіраўніцтва зноў спаслалася на пагрозу вайны Расеі і NATO ў выпадку далучэння да Альянсу Украіны, а таксама абвінаваціла Захад у напампоўванні Украіны зброяй, праз што, нібыта, «ствараюцца перадумовы для магчымых агрэсіўных дзеянняў украінскіх сілавікоў на Данбасе».

Да спробаў дыпламатычнага ўрэгулявання сітуацыі далучылася і Нямеччына. Міністарка замежных справаў Аналена Бэрбак прызнала, што Еўропа апынулася ў вельмі небяспечнай сітуацыі: утрымаць Расею за сталом перамоваў спрабуюць праз усе каналы. 14 лютага канцлер Нямеччыны Оляф Шольц наведае Кіеў, а 15 лютага – Маскву. Украінскі амбасадар у Берліне назваў гэтыя візіты «апошнім шанцам» урэгуляваць канфлікт сродкамі дыпламатыі.

Паралельна міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба выступіў з ініцыятывай цягам 48 гадзінаў склікаць сустрэчу з Расеяй і ўсімі ўдзельнікамі Венскага дакументу – для ўмацавання даверу і бяспекі.

Аналітыка
За 5 хвілінаў да катастрофы: 60 гадоў таму ледзь не пачалася атамная вайна паміж СССР і NATO
2022.01.28 13:34

Усё больш войскаў на мяжы з Украінаю

Расея працягвае канцэнтраваць войскі на мяжы з Украінай. На дзень 8 лютага ўкраінскі бок ацэньваў колькасць групоўкі – на 140 тысяч вайскоўцаў. Мяркуючы з усяго, з таго часу сітуацыя толькі пагоршылася: у прыватнасці, да ўкраінскай мяжы перакідваюць 1-ю гвардзейскую танкавую армію.

На тэрыторыі Беларусі з 10 лютага праходзяць найбуйнейшыя супольныя манеўры з часу распаду СССР – «Саюзная рашучасць». Колькасць расейскіх войскаў у Беларусі NATO ацэньвае на 30 тысяч чалавек. Напярэдадні старту манеўраў у Беларусь прыляцеў начальнік расейскага Генштабу Валерый Герасімаў, якога ва Украіне лічаць «ідэолагам развязвання агрэсіўнай вайны».

Нават афіцыйныя мапы сведчаць пра тое, што найбольш актыўна вучэнні праводзяцца менавіта ў рэгіёнах, што мяжуюць з Украінай – Берасцейскай і Гомельскай вобласцях. Хаця першапачаткова палігоны і вайсковая інфраструктура Гомельшчыны наогул не фігуравала ў планах вучэнняў. Напрыклад, на ўчастак мясцовасці «Гомель», які размяшчаецца бліз украінскай мяжы, перакінутыя Сілы спецыяльных аперацыяў Беларусі і расейскія дэсантнікі. Раней эксперты «Conflict Intelligence team» ацэньвалі з’яўленне расейскіх паветрана-дэсантных войскаў на тэрыторыі Беларусі як вельмі трывожны сігнал, бо ў «любым маштабным наступе на тэрыторыю Украіны ПДВ павінны адыграць вырашальную ролю». Агулам цяпер фактычна ў кожным памежным з Украінай раёне Гомельшчыне заўважаныя расейскія вайскоўцы.

Супольныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Саюзная рашучасць» на палігоне «Гожскі».
Фота: Раміль Насібулін / TASS / Forum

Канцэнтрацыя войскаў на мяжы з Украінай выклікае асаблівую занепакоенасць у звязку з тым, што раней заходнія медыі са спасылкай на звесткі выведкі заяўлялі пра магчымасць удару па Кіеве з тэрыторыі Беларусі. Вайсковая актыўнасць у Беларусі выклікае занепакоенасць Украіны і заходніх краінаў. Паказальна, што ў дзень пачатку вучэнняў старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў узброеных сілаў ЗША Марк Мілі патэлефанаваў начальніку Генштабу Беларусі Віктару Гулевічу, каб «ацаніць перспектыву еўрапейскай бяспекі» і «зменшыць імавернасць няправільных ацэнак». Улічваючы, што праз дзень, 11 лютага, у Белым доме заявілі пра пагрозу вайны «ў любы момант», перамовы Мілі з Гулевічам наўрад ці змаглі паспрыяць разрадцы.

Аналітыка
Дзе і якія расейскія падраздзяленні заўважаныя ў Беларусі
2022.01.28 00:13

«Гэта наша з Пуціным справа»

На фоне абвастрэння сітуацыі 12 лютага Пуцін патэлефанаваў Лукашэнку, каб абмеркаваць рэакцыю ЗША і NATO на расейскія прапановы аб «гарантыях бяспекі». А 14 лютага Лукашэнка анансаваў таксама асабістую сустрэчу з Пуціным – плануецца, што яна адбудзецца да канца тыдня.

Аднак наконт вываду расейскіх войскаў з Беларусі выказаўся рэзка, адзначыўшы, што гэта іх з Пуціным справа: «Выведзем тады, калі вырашым з прэзідэнтам Расеі гэта зрабіць». Адпаведнае рашэнне якраз і плануецца абмеркаваць падчас асабістай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Хаця ў Крамлі раней адназначна заяўлялі, што ўсе расейскія войскі пасля заканчэння вучэнняў вернуцца дадому.

Гэтыя заявы Лукашэнка зрабіў падчас сустрэчы з экс-спікерам Вярхоўнай Рады Украіны (1994–1998 і 2006–2007 гг.) Аляксандрам Марозам, які наведаў Менск 14 лютага. Мароз па выніках сустрэчы заявіў, што Лукашэнка нібыта пагадзіўся дапамагчы са зняццем «штучнага створанага напружання вакол Украіны». Амаль адразу пасля гэтага стала вядома пра тэлефонную размову міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава і міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна з мэтай «аднаўлення атмасферы дыялогу» і «запэўнівання бяспекі ў рэгіёне». Міністры дамовіліся пра ўзаемныя візіты вайсковых аташэ на вучэнні ў Беларусі і Украіны. Паводле Рэзнікава, Хрэнін запэўніў яго ў адсутнасці рызыкі і пагроз для Украіны з тэрыторыі Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Bryan Smith / Zuma Press / Forum

Між тым, дзеянні рэжыму Лукашэнкі падчас крызісу вакол Украіны і ягоная мілітарысцкая рыторыка ўжо маюць наступствы для Беларусі: з 11 лютага ў беларусаў узнікаюць праблемы з уездам ва Украіну. Паводле неафіцыйных звестак, украінскія ўлады пастанавілі часова не пускаць у краіну ўсіх мужчынаў прызыўнога ўзросту і ўзросту запасу з беларускім грамадзянствам. Тыя ж абмежаванні цяпер неафіцыйна дзейнічаюць і супраць грамадзянаў РФ.

Акрамя таго, існуе пагроза новых санкцыяў супраць Беларусі за спрыянне расейскай агрэсіі – адпаведны законапраект ужо быў унесены ў Сенат ЗША.

Эвакуацыя і спыненне палётаў

Інфармацыя аб хуткім нападзе на Украіну выклікала хвалю эвакуацыі. Яшчэ 10 лютага прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што амерыканскія грамадзяне мусяць пакінуць тэрыторыю Украіны з прычыны пагрозы вялікай вайны з Расеяй. У наступныя дні з ЗША ўзялі прыклад больш за тры дзясяткі краінаў. У афіцыйных заявах амбасадаў і МЗС гэтых дзяржаваў ідзе гаворка пра «непрадказальную сітуацыю з бяспекай» і «максімальны ўзровень пагрозы».

Распачалася і эвакуацыя дыпламатаў. Раніцай 12 лютага стала вядома, што супрацоўнікі расейскай дыпламатычнай місіі пакідаюць Украіну. У МЗС РФ назвалі гэта «аптымізацыяй штатаў», выкліканай перасцярогамі наконт «магчымых правакацыяў кіеўскага рэжыму або трэціх краінаў».

Дзярждэпартамент ЗША загадаў эвакуяваць большасць працаўнікоў амбасады ва Украіне, наданне консульскіх паслуг спынілася. Услед за гэтым 13 лютага амерыканскія супрацоўнікі місіі АБСЕ пакінулі Данецк, які кантралююць баевікі ДНР.

Амерыканскія прадстаўнікі АБСЕ выязджаюць з Данецку. На здымку супрацоўнікі загружаюць багаж перад тым, як пакінуць гатэль «Park Inn», у якім размяшчаецца місія маніторынгу.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum

Выданне «Українська правда» паведаміла, што Украіну пачалі пакідаць алігархі – 13 лютага з Кіева вылецелі каля 20 чартараў і прыватных самалётаў.

Эскалацыя крызісу прывяла да праблемаў з паветраным рухам над Украінай. Заходнія кампаніі не хочуць страхаваць цывільныя самалёты ва ўкраінскай паветранай прасторы і таму авіяперавозцы пачалі адмяняць свае рэйсы. Урад Украіны мае намер выправіць сітуацыю і плануе вылучыць больш за 16 млрд грыўняў (каля $ 592 млн) на дзяржаўныя гарантыі для авіякампаніяў. Разам з тым Украіна афіцыйна апублікавала рэкамендацыі авіякампаніям не выконваць палётаў над адкрытымі водамі Чорнага мора з 14 да 19 лютага.

Масавая вайсковая падрыхтоўка. Як у Кіеве вучаць насельніцтва карыстацца зброяй

Новая дата нападу, расейскія марпехі ў Беларусі і ўзмацненне сілаў NATO. Хронікі вайсковай эскалацыі

«Рэспубліка Палессе», адказ Захаду і расейская дапамога для ЛДНР. Хронікі вайсковай эскалацыі

«Ужо сем гадоў вайна ідзе, чаго баяцца». Рэпартаж з украінска-беларускай мяжы напярэдадні вучэнняў

РР, belsat.eu

Стужка навінаў