Мастачка Таццяна Савіч: У мяне ёсць вялікі спадзеў, што мы вернемся ў роднае гняздо


Падзеі 2020 года, вайна ва Украіне, эміграцыя – асноўныя тэмы берасцейскай мастачкі Таццяны Савіч. Ейная персанальная выстава, прысвечаная самым важным падзеям двух апошніх гадоў, адкрылася ў беларускім хабе «Новая зямля» ў Беластоку.

Мастачка Таццяна Савіч.
Фота: Белсат
Выстава мастачкі Таццяны Савіч.
Фота: Белсат

На выставе прадстаўленыя больш за 30 твораў, выкананых у розных тэхніках, усе яны былі напісаныя з 2020 года да сённяшняга дня.

«Аб чым выстава?» – пытаемся мы ў мастачкі. І чуем адказ: «Пра наш агульны боль».

Жанчына з сям’ёй пераехала ў Беласток толькі ў кастрычніку 2022 года. А з канца 2020 года паціху вывозіла свае карціны ў Польшчу, некаторыя з іх цяпер у музеі «Вольнай Беларусі» ў Варшаве.

«Мы толькі прыехалі ў Польшчу і да канца яшчэ не адаптаваліся, але я ўжо напісала некалькі працаў, прысвечаных вымушанай эміграцыі і разрыву з Радзімай. Але маю вялікі спадзеў, што мы вернемся ў роднае гняздо, у нашу Беларусь», – кажа ў размове з «Белсатам» Таццяна Савіч.

Выстава мастачкі Таццяны Савіч.
Фота: Белсат
Выстава мастачкі Таццяны Савіч.
Фота: Белсат

Мастачка распавядае пра галоўную працу выставы.

«Галоўная карціна выставы – «Пакідаючы роднае гняздо». Тут мы бачым галубоў, якія пакідаюць роднае гняздо таму, што ў ім прарасла расліна з калючкамі, якая раніць птушак, і яны больш не могуць гэта цярпець і заставацца ў сваім гняздзе. А гэта птушкі, якія будуць заўсёды вяртацца ў роднае гняздо, і гэта такая надзея на тое, што мы ўсе вернемся, будзе ўсё добра і мы будзем расціць сваіх дзяцей на нашай роднай зямлі», – кажа Савіч.

Выстава «Пакідаючы роднае гняздо» ў беластоцкім хабе «Новая зямля» будзе працаваць прынамсі да канца студзеня.

Выстава мастачкі Таццяны Савіч.
Фота: Белсат
Выстава мастачкі Таццяны Савіч.
Фота: Белсат

АС, belsat.eu

Стужка навінаў