Беларуская заканадаўчая практыка супярэчыць правам і свабодам чалавека


Парушэнні правоў грамадзянаў Беларусі набылі масавы і грубы характар.

Да такіх высноваў прыйшлі праваабаронцы, апрацаваўшы анкеты амаль чвэрці з затрыманых падчас масавай акцыі 19 снежня ў Менску грамадзянаў.

Як растлумачыла старшыня ўправы Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова, людзей апыталі паводле наступных блокаў пытанняў: пры якіх акалічнасцях і як іх затрымалі; ці ўжывалі ў адносінах іх сілу; ці аказвалі яны супраціў пры затрыманні; якім чынам ажыццяўлялася іх транспартаванне да месца афармлення і працэдуры ў РУУС; якім чынам ажыццяўлялася правасуддзе падчас судовых працэсаў; якімі былі ўмовы ўтрымання ў следчых ізалятарах.

„На падставе гэтай працы атрымалася зрабіць наступныя высновы. Найбольшая колькасць фактаў гвалту, жорсткага, прыніжальнага ўтрымання адбылася ў момант затрымання і дастаўлення затрыманых да транспартных сродкаў”, – адзначыў прадстаўнік міжнароднай назіральнай камісіі Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Ігар Сажын. Ён таксама дадаў, што падчас судовых працэсаў суддзі рабілі „мноства грубых працэсуальных парушэнняў: не дапускалі на судовае паседжанне нанятых адвакатаў і сваякоў затрыманых, журналістаў і публіку, адмаўляліся дапытваць сведкаў з боку абароны”.

„Як чалавек, які часта бывае ў расейскіх судах, – падкрэсліў спадар Сажын, – магу сказаць, што працэдурныя парушэнні, якія мы даследавалі ў Беларусі, „пераплёўваюць” расейскія. Каб суддзя не дапускаў на судовае паседжанне адваката, журналістаў – гэта ўжо занадта”.

belsat.eu

Стужка навінаў