Аляксандр Алесін: Найбольш імаверная прычына катастрофы – тэхнічныя няспраўнасці


Учорашняя катастрофа магла адбыцца ў выніку тэхнічных непаладак – мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін. “Шматлікія такія машыны ўжо эксплуатуюцца вельмі доўга, і ва ўсім свеце адзначаецца, што адбываецца карозія ў раёне стырна МіГаў і шэраг іншых няспраўнасцяў”, – адзначыў эксперт.

Паводле Міністэрства абароны, катастрофа адбылася падчас выканання пілотам фігуры пілатажу павышанай складанасці. Экіпаж паветранага судна ў складзе лётчыка І класу, камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі падпалкоўніка Сяргея Каваленкі, і лётчыка ІІ класу, намесніка камандзіра авіяцыйнага звяна маёра Аляксандра Жыгайлы, перадухіляючы падзенне самалёта на населеныя пункты ўвёў машыну ў раён лясіста-балоцістай мясцовасці, дзе і адбылося яе падзенне – паведамляе прэс-служба ведамства. “Экіпаж загінуў, да канца выканаўшы свой воінскі і прафесійны абавязак”, – адзначыў прэс-сакратар Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык.

Па факце катастрофы МіГ-29 распачалі справу паводле ч. 2 арт. 465 КК (парушэнне правілаў палётаў ці рыхтавання да іх або іншых правілаў эксплуатацыі ваенных лятальных апаратаў, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці дзвюх асобаў).

Гэта ўжо другая сёлета катастрофа з удзелам беларускіх вайсковых лётчыкаў. 21 красавіка падчас планавага палёту ў паветры сутыкнуліся два МіГі, адзін лятак здолеў даляцець да аэрадрому, пілот другой машыны быў вымушаны катапультавацца. Прычыны гэтага інцыдэнту дагэтуль не названыя.

Аляксандр Алесін не выключае, што прычынаю ўчорашняй катастрофы мог стацца т. зв. чалавечы фактар, аднак лічыць гэтую версію менш імавернаю. “Улічваючы, што ў самалёце былі дасведчаныя лётчыкі І і ІІ класаў (гэта вельмі высокая ступень лётнага майстэрства), я ўсё ж больш схіляюся да версіі, звязанай з тэхнічнымі непаладкамі”.

belsat.eu

Стужка навінаў