Яраслаў Раманчук падаў дакументы ў Цэнтрвыбаркам


Эканаміст Яраслаў Раманчук стаў другім прэтэндэнтам ад апазіцыі на пасаду прэзідэнта, які звярнуўся ў Цэнтрвыбаркам з заяваю зарэгістраваць ініцыятыўную групу.

Яраслаў Раманчук – намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. БелаПАН паведамляе, што ў ягоную ініцыятыўную групу ўвайшлі 1 423 чалавекі. Мяркуецца, што заўтра спіс папоўніцца яшчэ на 100 асобаў. Паводле Раманчука, у групе няма выпадковых людзей, бо кожны, хто хацеў да яе далучыцца, пісаў заяву.

Нагадаем, што сёння ў ЦВК паступілі яшчэ тры заявы ад патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта. Іх падалі лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, прадпрымальнік з Віцебску Уладзімір Правальскі і санітарка з Гомельскай вобласці Наталля Старыкава.

Тэрмін падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў заканчваецца заўтра, 24 верасня, а 19.00. Пра свой намер балатавацца на выбарах заявілі яшчэ 8 чалавек. Аляксандр Лукашэнка не рабіў заяваў наконт свайго ўдзелу ў выбарах.

belsat.eu

Стужка навінаў