news
Агляд

Дагнаць і перагнаць Кітай паводле рэпрэсіяў. Навіны палітычнага пераследу 14 снежня

Беларусь стала адной з трох краінаў-лідараў па колькасці журналістаў у зняволенні.
14.12.202321:55

«Белсат» працягвае адсочваць навіны рэпрэсіяў у дачыненні да беларусаў, уся віна якіх заключаецца ў нязгодзе з фальсіфікацыяй выбараў, гвалтам сілавікоў і ў супрацьстаянні расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Пікет з патрабаваннем вызвалення журналісткі TVP і намесніцы старшыні БАЖ Ірыны Слаўнікавай, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

У 2023 годзе Беларусь побач з Кітаем і Бірмай стала адной з трох краінаў-лідараў па колькасці журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні. Такія дадзеныя вынікаюць з даклада, падрыхтаванага арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў» (RSF). Паводле падлікаў, прыведзеных у справаздачы, на сённяшні дзень у беларускіх турмах знаходзяцца 39 журналістаў. Гэта на 7 больш, чым у 2022 годзе. Пры гэтым наша краіна заняла другое месца пасля Кітая па колькасці зняволеных жанчын-журналістак. У Беларусі на сённяшні дзень за кратамі знаходзіцца 10 супрацоўніц СМІ (у Кітаі 14).

Тым часам МУС афіцыйна пацвердзіла затрыманне былых працаўнікоў светлагорскай тэлекампаніі «Ранак». У заяве гаворыцца, што затрыманыя дзве жыхаркі Светлагорску, а яшчэ аднаму 53-гадоваму «фігуранту» ўдалося схавацца за мяжой. Ім ставіцца ў віну стварэнне «экстрэмісцкага фармавання». Нагадаем, што пра ператрусы ў карэспандэнткі выдання «Ранак» Людмілы Андэнкі і былой галоўнай рэдактаркі Юліі Даўлетавай зрабілася вядома 7 снежня. Аб гэтым паведаміў журналіст «Ранку» Андрэй Ліпскі.

Таксама былога магілёўскага блогера Алеся Сабалеўскага арыштавалі на 10 сутак. Яго затрымалі раніцай 12 снежня наўпрост на працы.

Hавiны
Еўрапарламент прыняў тэрміновую рэзалюцыю пра лёс беларускіх палітвязняў
2023.12.14 13:16

У берасцейскім ГСКБ (Галоўнае спецыялізаванае канструктарскае бюро), якім кіруе брат Аркадзя Добкіна (заснавальніка «EPAM»), адбыліся ператрусы і затрыманні. Інфармацыі пра затрыманне самога кіраўніка кампаніі, 75-гадовага Сямёна Добкіна, пакуль няма. Ягонага брата Аркадзя Лукашэнка абвінавачваў у фінансаванні пратэстаў.

Міністэрства ўнутраных справаў прызнала Беларускі добраахвотніцкі корпус у складзе ЗСУ «экстрэмісцкім фармаваннем», пра што паведамляецца на сайце ведамства. У абноўленым спісе пералічаныя таксама асобы, датычныя Беларускага добраахвотніцкага корпусу – Радзівон Батулін, Ігар Янкоў і Андрэй Трацэўскі. Акрамя таго, у спісе фігуруюць інфармацыйныя рэсурсы БДК: YouTube- і Telegram-каналы, боты, а таксама рахунак ва ўкраінскім банку, на які адбываецца збор ахвяраванняў.

Сілавікі пачалі затрымліваць людзей, якія напісалі каментары з нагоды смерці намесніка начальніка Шчучынскага РАУС Сяргея Асавіка, які памёр на працоўным месцы 29 лістапада. Праўладныя каналы напісалі пакуль пра аднаго затрыманага, але адзначылі, што такі каментар быў не адзіны. Затрыманы – 42-гадовы мужчына, у якога шэсць судзімасцяў, у тым ліку за забойства.

У Горадні затрымалі супрацоўніка дзяржпрадпрыемства за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што прычынай затрымання стаў фотаздымак з дазволенага менскага мітынгу і канцэрта, прысвечанага 100-годдзю БНР у 1918 годзе.

У Глыбокім за «экстрэмізм» аштрафавалі шматдзетную ўраджэнку Украіны. Суддзя Алена Кот прысудзіла Іне Юргель 740 рублёў штрафу. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» размясціла інфармацыйную прадукцыю, якую раней уключылі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таксама міліцыянты на яе старонцы заўважылі лагатып Nexta.

У Менскім абласным судзе 14 снежня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 31-гадовага Чэслава Канановіча. Мужчыну абвінавачваюць у вербаванні, навучанні, ці іншай падрыхтоўцы для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, альбо ва ўзброеных канфліктах, ці ў фінансаванні такой дзейнасці паводле ч. 2 арт. 361-3 КК. Справу прызначаны разглядаць суддзя Вячаслаў Тулейка.

ГУБАЗіК затрымаў 36-гадовага менчука Сяргея Кудзіна, які нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» і нацысцкую сімволіку, падтрымліваў «неанацызм ва Украіне» і чакаў, «калі каліноўцы прыйдуць вызваляць Беларусь».

У Берасцейскім абласным судзе 11 снежня асудзілі былога палітвязня Аляксандра Плескацэвіча за «рэабілітацыю нацызму» і «хуліганства». Суддзя Андрэй Сіз прызначыў Аляксандру тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Першы раз мужчыну затрымалі восенню 2021 года за надпіс на слупе чырвона-белымі літарамі «Света, я вас кахаю» адрасаваны Святлане Ціханоўскай. Тады мужчыну асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 339 (хуліганства) на два гады «хіміі», а пазней перавялі адбываць тэрмін у калонію.

У Старых Дарогах працягваецца чарговы суд над пенсіянерам Васілём Дземідовічам. Яго абвінавачваюць у «абраза» прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі. Справу разглядае суддзя Наталля Зык. Гэта ўжо сёмы суд над пенсіянерам. Агулам яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх двух судоў пакуль невядомы. У зняволенні пенсіянера ўтрымліваюць ужо амаль год і чатыры месяцы.

Зноў затрыманы бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў. Раней мужчына правёў за кратамі 102 дні – яго 7 разоў запар арыштоўвалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сын Лапунова – адзін з наймалодшых затрыманых палітвязняў у выніку пратэстаў 2020 года. Агульны тэрмін пакарання для яго склаў чатыры з паловай гады выхаваўчай калоніі.

Hавiны
У Нямеччыне выйшла кніга пра палітзняволеных жанчын Беларусі
2023.12.14 17:54

Якуб Хруст belsat.eu