МУС афіцыйна пацвердзіў затрыманне працаўнікоў тэлеканалу «Ранак»


Міністэрства ўнутраных справаў афіцыйна пацвердзіла затрыманне былых працаўнікоў светлагорскай тэлекампаніі «Ранак». У заяве гаворыцца, што затрыманыя дзве жыхаркі Светлагорску, а яшчэ аднаму 53-гадоваму «фігуранту» ўдалося схавацца за мяжой. Ім ставіцца ў віну стварэнне «экстрэмісцкага фармавання».

«Аператыўнікі затрымалі дзвюх жыхарак Светлагорску (39 і 41 года). Яшчэ адзін фігурант – 53-гадовы мужчына – схаваўся за мяжой. «Калегі» працавалі на прыватную тэлерадыёкампанію, якая раней функцыянавала ў райцэнтры», – гаворыцца ў паведамленні МУС.

Згодна з МУС, у 2020 годзе фігуранты справы стварылі і адміністравалі групу ў Telegram, дзе публікавалася інфармацыя, «накіраваная на арганізацыю, рыхтаванне і здзяйсненне масавых беспарадкаў, супраціўленне супрацоўнікам праваахоўных органаў з мэтай замаху на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласць, асновы канстытуцыйнага ладу» Беларусі.

Нагадаем, што пра ператрусы ў карэспандэнткі выдання «Ранак» Людмілы Андэнкі і былой галоўнай рэдактаркі Юліі Даўлетавай зрабілася вядома 7 снежня. Аб гэтым паведаміў у сваім «Фэйсбуку» журналіст «Ранку» Андрэй Ліпскі.

Цікава, што ў паведамленні МУС гаворыцца аб тым, што затрыманыя дзве працаўніцы, але ў іншых праўладных тэлеграм-каналах прыводзяцца відэа з трыма затрыманымі, сярод іх ёсць «пакаянне» і журналіста выдання Андрэя Ліпскага (таго самага, які «схаваўся за мяжой»). З гэтага можна зрабіць выснову, што «пакаянным відэа» ўжо некалькі месяцаў.

Затрыманыя працаўнікі «Ранку».
Фота: скрыншот з відэа «Ближе к звездам. Гомель» / Telegram

Вядома, што Андрэя затрымалі 9 чэрвеня разам з іншымі работнікамі выдання і прысудзілі яму пазней 7 содняў арышту. 2 жніўня да яго таксама прыйшлі з ператрусам, пасля чаго даставілі ў РАУС, спрабуючы высветліць, як і пры якіх абставінах ён пачаў адміністраваць тэлеграм-чат «Ранку». 3 жніўня яму прызначылі штраф памерам 20 базавых велічыняў. Пазней Андрэю Ліпскаму ўдалося выехаць з краіны.

Нагадаем, што праблемы ў «Ранку» пачаліся пасля сюжэту пра выбух і гібель людзей на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. Гэта здарылася 7 чэрвеня. Увечары 9 чэрвеня 2023 года дзевяць чалавек з «Ранку», у тым ліку Андрэй Ліпскі, былі затрыманыя людзьмі з упраўлення ГУБАЗіК па Гомельскай вобласці.

4 ліпеня сайт «Ранку» і старонкі ў сацсетках былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў