Як беларуская дзяржаўная прапаганда адрэагавала на вызваленне Херсону


Чалавек, які атрымлівае навіны толькі з беларускіх дзяржаўных каналаў, наўрад ці даведаецца, што расейскія войскі сышлі з Херсону, а горад вярнула пад кантроль Украіна. Хіба пачуе, што ўсё паводле плану.

Грыгорый Азаронак на тэлеэкране. Калаж: Ctv.by / Pawel Kadysz / StockSnap / Белсат

Пакуль прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі віншуе суайчыннікаў з вызваленнем Херсону, Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка маўчаць. Што расейская, што беларуская прапаганда амаль не спрабуюць патлумачыць, што адбылося з Херсонам.

У беларускай прапаганде можна і не заўважыць, што ў вайне ва Украіне нешта здарылася. «Белсат» прыглядзеўся: пашукалі згадкі Херсону ў беларускіх дзяржаўных медыях і каналах праўладных блогераў.

Тэлевізар

У навінах на БТ вызваленне Херсону амаль не згадвалі. Нават у амаль дзвюхгадзінным «Галоўным эфіры» ў нядзелю 13 лістапада на Херсон не знайшлося часу, хоць расказалі, напрыклад, пра інфляцыю ў Нямеччыне і акцыі эка-актывістаў у Вялікай Брытаніі, Іспаніі і Нідэрландах. Хіба вечарам 11 лістапада ў час крытыкі польскіх уладаў сказалі, што «пакуль увесь свет гадае, што там з бітвай за Херсон», хоць на той час Зяленскі ўжо абвясціў аб яго вызваленні, а мясцовыя жыхары сустракалі ЗСУ. На наступную раніцу на сайт БТ перадрукавалі тэкст расейскага дзяржаўнага агенцтва «РИА Новости» пад загалоўкам «Зяленскаму прапанавалі пакінуць пасаду прэзідэнта ў абмен на грошы» (прапанова была агучаная ананімным каментатарам пад навіной на сайце нямецкага «Die Welt»).

Грыгорый Азаронак у перадачы «Тайные пружины мировой политики». 12 лістапада 2022 года. Скрыншот: Ctv.by

Дзяржаўны тэлеканал СТВ надаў падзеям у Херсоне больш увагі. Хоць у навінах пра іх не расказалі, затое ў перадачы «Азарёнок. Напрямую» згадалі 9 і 10 лістапада. 9-га прапагандыст Грыгорый Азаронак абмеркаваў заяву расейскіх вайскоўцаў аб адступленні з Херсону з прапагандыстам Андрэем Мукавозчыкам – пахвалілі, што ў Расеі праз публічнае прызнанне адступлення «адбываецца размова з грамадствам», а Мукавозчык заспакоіў: «Гэта не ўцёкі», расейская армія «бароніць мірнае насельніцтва», рашэнне «апраўданае і лагічнае». Азаронак цытаваў апраўданні адступлення ад кіраўніка баевікоў ПВК «Вагнер» Яўгенія Прыгожына. 10-га Азаронак казаў пра «трывожныя навіны» аб адступленні з Херсону, але прапагандыст Вадзім Гігін патлумачыў яму, што «з Херсону ніякія не ўцёкі, а загадзя спланаваная абарончая аперацыя». У сваёй перадачы «Тайные пружины политики» Азаронак заклікаў не радавацца вызваленню Херсону заўчасна: «Усё зменіць зіма».

Дзяржаўнае «Агенцтва тэлевізійных навінаў» не паведамляла аб выхадзе расейскіх войскаў з Херсону, але 9 лістапада напісала са спасылкай на ананімны Telegram-канал «Раньше всех. Ну почти», што Генеральны сакратар NATO «ў курсе заяваў па Херсоне». 11 лістапада АТН апублікавала відэа падрыву Антонаўскага моста ў Херсоне (без каментароў аб тым, дзеля чаго яго падарвалі), а 14 лістапада перадрукавала навіну «Russia Today» аб тым, што «ў Херсоне пасля прыходу Збройных сілаў Украіны некалькіх мясцовых жыхароў прывязалі да слупоў», і спаслалася на расейскі праваенны Telegram-канал, які заявіў, што «Западные журналисты показали  в эфире зигующих украинских нацистов в Херсоне» (на відэа чалавек адной рукой трымае ўкраінскі сцяг над галавой, затым падымае другую руку на тую ж вышыню).

Таксама не было навінаў пра Херсон у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ. Але на сваім сайце, у сацыяльных сетках і ў Telegram АНТ нават больш актыўна за АТН перадрукоўвала матэрыялы расейскіх дзяржаўных агенцтваў ТАСС і «РИА Новости»: 9-га распавялі, што «ЗСУ наносяць удары па школах, лякарнях і мірных жыхарах Херсону» і што «ЗСУ панеслі вялікія страты на херсонскім напрамку», 11-га – што ў Херсоне хтосьці (хто, не сказалі) узарваў Антонаўскі мост, а прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў не стаў каментаваць адступленне з Херсону, бо «спецыяльная ваенная аперацыя працягваецца», а Херсонская вобласць застаецца «суб’ектам Расейскай Федэрацыі».

Hавiны
«Мы рухаемся наперад»: Уладзімір Зяленскі прыехаў у вызвалены Херсон
2022.11.14 13:42

Інтэрнэт

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «БелТА» ігнаравала навіну аб вывадзе расейскіх войскаў з Херсону да 11 лістапада. Затым узяла каментар у расейскага прапагандыста Руслана Асташкі (ён казаў, што ў гісторыі тактычныя перагрупоўкі і інжынерныя хітрыкі давалі большыя вынікі, чым адкрытае ваеннае процістаянне, а «русские всегда своё возвращают»). Акрамя некалькіх публікацыяў цытатаў інтэрв’ю Асташкі на «БелТА» вызваленне Херсону не згадвалі.

Расейскі прапагандыст Руслан Асташка дае інтэрв’ю «БелТА». 11 лістапада 2022 года. Скрыншот: Информационное агентство БелТА / Youtube

Дзяржаўная газета «СБ. Беларусь сегодня» аб Херсоне збольшага перадрукавала тэксты ТАСС і «РИА Новости», у якіх уласна вызваленне гораду не згадвалася. Толькі 12 лістапада з’явіўся тэкст уласнага аўтарства са згадкай пра Херсон: калумніст выдання Антон Папоў патлумачыў, што для Расеі здача Херсону «выкліканая ваеннай неабходнасцю і не з’яўляецца палітычным рашэннем», звязаная з шэрагам пралікаў вясны-лета. Але ўсё гэта пісалася ў кантэксце таго, што Захаду нібыта патрэбная замарозка вайны ва Украіне, да гэтага нібыта спрабуюць схіліць прэзідэнта Зяленскага.

Дзяржаўная газета «Звязда» зусім нічога не напісала пра Херсон – апошні раз згадвала назву гораду ў ліпені.

Аб’ектыў
Свята ў Херсоне
2022.11.13 02:21

Праўладныя блогеры

Сярод праўладных блогераў найбольш за здачу Херсону хвалюецца Аляксандр Шпакоўскі. Яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка ён рабіў апытанне пра тое, «ці здадуць рускія Херсон», а ў канцы кастрычніка ён заўважыў у Расеі дзеянні «партыі паразы» і задаўся пытаннем, што рабіць Беларусі і ці варта ўступаць у вайну ва Украіне больш актыўна (ягоны пост тады выклікаў спрэчкі ў асяроддзі праўладных блогераў).

Аляксандр Шпакоўскі на ток-шоў «Будни». 8 лістапада 2022 года. Скрыншот: СБ ТВ / Youtube

9 лістапада ён прыгадаў апытанне пра здачу Херсону (53 % ягонай аўдыторыі лічыла, што здасць). Сам ён галасаваў за варыянт «не мае значэння, усё толькі пачынаецца», але дадаў, што «шэраг палітычных груповак» у Расеі і на Захадзе хоча замарозіць канфлікт, а гэта «наблізіць Маскву да паразы», ды Украіна як «васал Брытаніі» не можа на гэта пайсці. Задача Беларусі, піша ён, застаецца ранейшай: мацаваць нацыянальную абарону і ўмацоўваць «партыю перамогі» ў Маскве, каб не даць змоўнікам «знесці Пуціна», бо «перамога Расеі – пытанне нацыянальнага выжывання Беларусі».

10 лістапада Шпакоўскі ўжо напісаў, што «ніякіх адчувальных наступстваў для стабільнасці сістэмы кіравання ў РФ адыход расейскіх войскаў з Херсону не выкліча». Вайна, лічыць ён, бальшынёй расейцаў успрымаецца як «карцінка з тэлевізару», крэдыт даверу да вайсковага камандавання высокі, а расейскія «турбапатрыёты» стрымліваюцца ад крытыкі, ды разам з тым у Расеі «на кухнях» афармляецца зніжэнне даверу да дзяржавы і Пуціна.

А ўжо 14 лістапада яму хацелася лаяцца матам ад чутак пра магчымыя перамовы Расеі са Злучанымі Штатамі: гэта ж Украіна атрымае перадышку, а можна было б праз абстрэлы інфраструктуры пакінуць украінцаў без вады і электрычнасці, прывесці Украіну да калапсу. Ён таксама заўважыў правал расейскіх «барацьбы з русафобіяй», «дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі»: Украіна цяпер «самая мілітарызаваная краіна ў свеце», «нават малыя дзеці спяваюць песні пра Бацку Бандэру», расейцаў «не проста крыўдзяць, а забіваюць тысячамі».

Аляксей Дзермант у перадачы «Дзермант. Смыслы». 11 лістапада 2022 года. Скрыншот: Ctv.by

Аляксей Дзермант сам не згадваў Херсон хіба больш за месяц, 8 кастрычніка рабіў у свой канал рэпост са словам «Херсон»: публікацыю расейскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва аб тым, што «мы аддалі ініцыятыву» і што «час адказваць усімі сіламі і сродкамі». А 11 лістапада Дзермант пісаў: «Гэта вайна ў доўгую, у ёй будуць перамогі і паразы», але «іншага шляху ў Расеі і ва ўсіх нас, акрамя як перамагчы, няма». Што за паразы былі, ён не ўдакладніў.

Некаторыя прапагандысты, як то Пётр Пятроўскі ці Ігар Тур, зусім не заўважылі вызвалення Херсону ў сваіх каналах і выказваннях у дзяржаўных медыях. Іншыя, як то Людміла Гладкая ці Стас Яскевіч, абмежавалася рэпостамі.

Адзін з найбольш агрэсіўных Telegram-каналаў праўладнай прапаганды «Жёлтые сливы» паведаміў 9 лістапада аб рашэнні Расеі адвесці войскі з Херсону і дадаў, што «для ўкраінскай арміі такая тактыка расейцаў у перспектыве азначае вялікія страты». Для Расеі гэта параза з ідэалагічнага гледзішча, затое сыход з Херсону «захавае шмат жыццяў і вайсковых, і цывільных». 11 лістапада канал абураецца таму, як херсонцы святкуюць вызваленне гораду: спевы і карагоды на вуліцах – «секта неанацызму на выездзе».

«Фан-клуб» беларускага АМАП у Telegram называе расейскія войскі «нашымі», а ўкраінскія – «TikTok-войскамі» (хоць такая мянушка раней прычапілася да чачэнскіх). Канал перакананы, што ўкраінскія войскі ўжо сыходзяць з Херсону і адначасова едуць у Херсон чыніць расправы над мясцовым насельніцтвам.

Hавiны
«Мы не лядоўня». Сакратар РНБУ Данілаў выключае замарожванне вайны пасля ўзяцця Херсону
2022.11.12 12:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў