У Вільні эвакуявалі вучняў Беларускай гімназіі


Раніцай 14 верасня ў Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны, што ў Вільні, адбылася эвакуацыя. Пра гэта «Белсату» паведамілі відавочцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пачатак навучальнага года ў Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні.
Фота: Vilniaus Pranciškaus Skorinos gimnazija / Facebook

Эвакуацыя адбылася праз тое, што на пошту дырэктаркі гімназіі даслалі ліст аб мінаванні будынку. Па інфармацыі нашай крыніцы, падобныя лісты аб мінаванні паступілі яшчэ ў некалькі іншых школаў гораду.

Відавочцы паведамілі, што на месцы прысутнічаюць аўтамабілі паліцыі, а таксама сілавікі ў бронекамізэльках. Усіх дзяцей з будынку навучальнай установы вывелі, унутры працуе паліцыя. Сёння заняткі ў гімназіі адмененыя.

Беларуская гімназія размяшчаецца на вуліцы Sietyno, гэта муніцыпальная бюджэтная ўстанова. Асноўная мова навучання – беларуская, частка прадметаў выкладаецца па-літоўску. У гімназіі вучацца вучні з 1 да 12 класу. Таксама там працуе дашкольная група.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў