Суды над музыкамі, журналістам і бодзібілдарам


«Белсат» сочыць за хадою рэпрэсіяў у нашай краіне і за тым, як беларусаў судзяць за іхныя палітычныя перакананні.  

Аляксандр Шарабайка.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

14 верасня вядомы бодзібілдар з Глыбокага Аляксандр Шарабайка быў асуджаны на 1,5 года калоніі за абразу Лукашэнкі. Раней мужчыну ўжо арыштоўвалі за ўдзел у пратэстах і за вывешаны на доме нацыянальны сцяг.

14 верасня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс над музыкамі гурта «TOR BAND» Яўгенам Бурлом, Дзмітрыем Галавачом і Андрэем Ярэмчыкам, якіх затрымалі 28 кастрычніка 2022 года. Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Маладым людзям у залежнасці ад ролі кожнага выстаўляецца абвінавачанне паводле чатырох артыкулаў: ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»); ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»); арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»); арт. 368 КК (знявага Лукашэнкі).

16 жніўня жыхару Менску Сяргею Фірсаву прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» за тое, што ён нападпітку сарваў чырвона-зялёны сцяг з фасаду адной з менскіх крамаў. Яго абвінавацілі паводле арт. 370 КК («Глумленне з дзяржаўных сімвалаў»).

У канале сілавікоў з’явілася «пакаяннае відэа» галоўнай бухгалтаркі з Дзяржынску. Як сцвярджаецца, ёй зацікавіліся пасля даносу. У відэа жанчына сазнаецца ў рэпосце з «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналу, а таксама ў тым, што брала ўдзел у пікетах у падтрыманне Святланы Ціханоўскай падчас выбарчай кампаніі 2020 года.

Праваабаронцам стала вядома пра прысуд слесару з Менску Уладзіславу Сачку, якога абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») за ўдзел у акцыі пратэсту, што праходзіла ў Менску ў 2020 годзе. Мужчыну прызначылі 2,5 года «хатняй хіміі».

12 верасня ў судзе Першамайскага раёну Менску другі раз за тры месяцы быў асуджаны палітзняволены Мікалай Васілевіч. У чэрвені яго ўжо прысудзілі да 6 гадоў калоніі за «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК) і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-1 КК). Цяпер жа яму выставілі абвінавачанне ў «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці». Усяго за ахвяраванні яму прызначылі 9,5 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

2 жніўня 2023 года ў судзе Нараўлянскага раёну разглядалася справа 25-гадовага Максіма Галавацкага паводле арт. 24.54 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да дзяржаўных сімвалаў»). Ён і двое ягоных сяброў на адным з выпускных вечароў у Нароўлі не падняліся падчас выканання дзяржаўнага гімну. На іх склалі пратакол і асудзілі.

У праўладных тэлеграм-каналах з’явілася паведамленне аб затрыманні «актывіста Новай Баравой». У «пакаянным відэа» мужчыну прымусілі сказаць на камеру, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ён перапісваўся «са сваёй знаёмай Вольгай Хіжынковай» і «пісаў ёй некарэктныя паведамленні аб тым, што над Беларуссю ляцяць самалёты з ракетамі».

Праваабаронцам стала вядома, што 27 верасня адбудзецца суд над галоўным рэдактарам «Рэгіянальнай газеты» Аляксандрам Манцэвічам. Журналісту выставілі абвінавачанне паводле арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). Паводле матэрыялаў справы, Аляксандр Манцэвіч, выконваючы абавязкі дырэктара рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты», разам з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года да 15 сакавіка 2023 года распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах свядома ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў