Цэх для выпуску беларускай вакцыны ад ковіду збудуюць ля могільніку жывёлы


Эколагі знайшлі трывожнага суседа ў пляцоўкі будаўніцтва цэху, дзе збіраюцца вырабляць вакцыну ад COVID-19: могільнік быдла можа папсаваць ваду, якую будуць ужываць пры вытворчасці вакцыны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viacheslav Lopatin / Shutterstock.com

Грамадскае аб’яднанне «Экадом» звярнула ўвагу на справаздачу аб уплыве на асяроддзе будаўніцтва цэху ў Віцебскай вобласці, дзе збіраюцца вырабляць вакцыну ад каронавіруса. У гэтай справаздачы відаць, што з пляцоўкаю суседнічае могільнік жывёлы, які можа кепска ўплываць на водныя рэсурсы. Ліквідацыя могільніку толькі «рэкамендаваная», але ніякіх праектавых работаў адносна гэтага не прадугледжваюць.

«Могільнік быдла выкарыстоўваўся для пахавання трупаў жывёлінаў пасля выпрабавання на іх эфектыўнасці вакцынаў, якія вырабляюцца на прадпрыемстве. Ён дастаткова глыбокі, – тлумачыць «Экадом». – Парушаючы экалагічныя і санітарна-гігіенічныя нормы, могільнік месціцца ў водаахоўнай зоне возера Доўжа і ў зоне санітарнай аховы артэзіянскай свідравіны.

Гэтая свідравіна служыць для водазабеспячэння ўсёй Доўжы і самога «БелВітуніфарму». Гэта значыць, цяпер выкарыстоўваецца вада, на якую гэты могільнік можа паўплываць. У тым ліку мы гаворым пра ваду, якая будзе выкарыстоўвацца ў тэхналагічным працэсе рыхтавання вакцынаў».

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб будоўлі цэху ў Доўжы 3 лістапада 2021 года. Ён абяцаў аналаг замежнай вакцыны ад COVID-19, «які павінен быць паводле эфектыўнасці найлепшым узорам іншых краінаў, а паводле кошту, натуральна, таннейшы». На другім этапе праекту запланавалі будаўніцтва да 2023–2024 года вытворчага комплексу, які будзе вырабляць вакцыну паводле поўнага цыклу. Тэсты беларускай вакцыны праводзяць з пачатку 2022 года. У жніўні Лукашэнка казаў, што вакцыну пачнуць разліваць ужо неўзабаве.

Ідэя вырабляць уласную вакцыну ад каронавіруса сумнеўная: можа атрымацца нявыгадны і стратны праект, тлумачыў «Белсату» былы прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч.

Інтэрв’ю
Эксперты тлумачыць, ці варта вырабляць беларускую вакцыну ад каронавіруса
2021.11.17 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў