Фонд медычнай салідарнасці: «У Беларусі лекараў амаль у два разы менш, чым сцвярджае Мінздароўя»


Фонд медычнай салідарнасці сумесна з ініцыятывай Zubr правялі аналіз лічбаў, якія прыводзіць Міністэрства аховы здароўя Беларусі адносна колькасці лекараў у краіне. Рэальная лічба нашмат меншая, чым у афіцыйнай справаздачы – прыкладна на 10 тысячаў, прыходзіць да высновы Фонд медычнай салідарнасці. Каардынатарка фонду Лідзія Тарасенка распавяла Белсату, як праводзіўся падлік, чаго чакаць медычнай галіне Беларусі ў бліжэйшай будучыні і як у свеце вырашаюць праблему недахопу лекараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Maxim Guchek / TASS / Forum

Афіцыйная статыстыка змяняецца заднім чыслом

Мінздароўя ў зборніку «Беларусь у лічбах, 2023» заявіў, што ў нас – 48 тысяч практыкуючых лекараў. Да гэтай лічбы з недаверам паставіўся Фонд медычнай салідарнасці і ў рамках свайго праекту па маніторынгу сітуацыі ў галіне аховы здароўя ў нашай краіне вырашыў самастойна падлічыць, колькі ж у Беларусі засталося лекараў на сённяшні дзень.

«Мы разумелі, што дакажам, што лічбы, якія прыводзіць Мінздароўя, не адпавядаюць рэчаіснасці, і так і атрымалася. Асноўная выснова нашай справаздачы гучыць так: верагоднасць таго, што Мінздароўя сказала праўду пра забяспечанасць лекарамі ў Гарадзенскай вобласці прыкладна 3%, па іншых вобласцях і да 1% не дацягвае», – кажа каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка.

Колькасць лекараў, якую прыводзіць Мінздароўя, дакладна не адпавядае рэчаіснасці, лічаць незалежныя аналітыкі.

«У нас ёсць меркаванне, колькі лекараў у Беларусі насамрэч – каля 38 тысячаў, але мы не сталі ўзгадваць гэта ў справаздачы, бо даказаць матэматычна мы гэта не можам», – кажа спадарыня Тарасенка.

У статыстычных справаздачах Мінздароўя за папярэднія гады – 2019-21, колькасць лекараў у краіне была меншай. Аднак сёлета ў афіцыйных даведніках «Беларусь у лічбах» і «Статыстычным штогодніку» яна павялічылася заднім чыслом – з 41,7 тысяч да 48,1 тысяч. Разыходжанне ў лічбах у параўнанні з мінулымі статыстычнымі справаздачамі тлумачацца тым, што «дадзеныя скарэктаваныя з улікам змянення метадалогіі разліку колькасці практыкуючых лекараў у адпаведнасці з міжнароднымі рэкамендацыямі».

Мінздароўя ўключыла ў падлік лекараў стаматолагаў, чым парушыла міжнародную метадалогію

Тлумачэнні пра змяненні метадалогіі, праз якія павялічылася колькасць лекараў у краіне, Фонд медычнай салідарнасці лічыць маніпулятыўнымі, бо міжнародная метадалогія не змянялася з 2000 года. Акрамя таго, згодна з міжнароднымі рэкамендацыямі, пры падліку лекараў на 10 тысяч насельніцтва, не ўлічваюцца студэнты, якія яшчэ не атрымалі дыплом, стаматолагі, лекары, занятыя ў кіраванні, у навуковых даследаваннях і тыя, што працуюць на пасадах, якія выключаць прамы кантакт з пацыентамі, беспрацоўныя лекары і лекары на пенсіі, лекары, якія працуюць за мяжой.

Фонд медычнай салідарнасці звяртае ўвагу на тое, што ў Статыстычным штогодніку за 2022 год у колькасць практыкуючых лекараў уключаныя ўсе лекары стаматалагічнага профілю.

«Уключэнне ў падлік стаматолагаў – гэта парушэнне міжнароднай метадалогіі, і гэта не адзіны спосаб маніпуляцыі статыстыкай, – зазначае Лідзія Тарасенка. – Яшчэ, напрыклад, лічаць занятыя стаўкі і кажуць, што ў нас столькі лекараў. Пры ўліку, што лекары працуюць у сярэднім на 1,5 стаўкі, іх колькасць магічным чынам павялічваецца ў 1,5 разы. Асцярожна скажу, што мы здолелі гэта даказаць, хоць, канешне, мы не маглі самі прыйсці ў лякарні і пералічыць. Мы працавалі з дадзенымі, якія сыходзяць з сістэмы аховы здароўя, і, адпаведна, ёсць верагоднасць, што яны не вельмі дакладныя. Але, як мінімум, бачна, што яны супярэчаць самі сабе, не могуць прывесці метадалогію, якую выкарыстоўваюць».

Фонд медычнай салідарнасці падкрэслівае, што адкрытых дадзеных недастаткова для дакладнага вылічэння лекараў у Беларусі. Аднак нават з тых лічбаў, якімі могуць апераваць аналітыкі, бачна, што афіцыйная статыстыка не адпавядае рэальнай сітуацыі.

Рэальныя лічбы адрозніваюцца ад афіцыйнай статыстыкі ў два разы

Аналітыкі фонду знайшлі дадзеныя па колькасці лекараў па 45 раёнах Беларусі (усяго ў краіне – 118 раёнаў). Белстат падае статыстыку па кожным раёне, аднак адмыслоўцы не сталі браць гэтую інфармацыю, бо ёй складана давяраць. Дадзеныя шукалі ў іншых крыніцах, і яны выйшлі адрознымі ад статыстыкі Белстату.

У гэтых 45 раёнах пражываюць амаль 19% насельніцтва Беларусі. Калі лічыць, што ў іх размеркаванне лекараў з разліку на 10 тысяч чалавек такое ж, як і ў іншых раёнах, дзе жывуць 80% насельніцтва, то становіцца відавочным, што рэальная колькасць лекараў у 2 разы меншая, чым заяўляе Мінздароўя, кажа Лідзія Тарасенка.

«Канешне, можна яшчэ ўзяць пад улік, што гэтыя 45 раёнаў – аддаленыя, не самыя паспяховыя, тады, магчыма, у больш развітых раёнах розніца будзе меншай, чым два разы, аднак усё роўна відавочна, што афіцыйная статыстыка хлусіць», – зазначае каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці.

Згодна з падлікамі аналітыкаў Фонду медычнай салідарнасці, цяпер у Беларусі лекараў з разліку на 10 тысяч насельніцтва прыкладна ў два разы менш, чым заяўляе Мінздароўя:

  • у Віцебскай вобласці – 26,2 – рэальная колькасць супраць 52 па дадзеным Мінздароўя;
  • у Гомельскай вобласці – 30,1 супраць 58;
  • у Гарадзенскай вобласці – 40,8 супраць 54;
  • у Менскай вобласці – 27,4 супраць 40;
  • у Магілёўскай вобласці – 26,3 супраць 47.

Па Берасцейскай вобласці Фонд медычнай салідарнасці не знайшоў дастаткова дадзеных.

Размеркаванне не вырашыць праблему медычных кадраў

Лідзія Тарасенка зазначае, што праблема нехадопу медычных кадраў у Беларусі становіцца ўсё вастрэйшай, але дзяржава не робіць нічога насамрэч эфектыўнага, каб яе вырашыць. Абавязковае размеркаванне пасля навучання каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці не лічыць развязаннем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

«Размеркаванне лекараў існавала заўсёды, аднак сітуацыя, асабліва ў раёнах, толькі працягвае пагаршацца. Навошта чыноўнікі робяць тое самае, нягледзячы на шматгадовы адмоўны вынік, я не ведаю, – кажа Лідзія Тарасенка. – Хоць дзеля справядлівасці трэба сказаць, што лекараў па ўсім свеце не хапае, асабліва гэта датычыць нягустанаселеных раёнаў. Але ёсць больш гуманныя і эфектыўныя спосабы спраўляцца з гэтай нястачай. У нас жа працягваюць упарта хадзіць па граблях і цяпер уводзяць літаральна прыгоннае права. Я не думаю, што беларускія ўлады насамрэч зацікаўленыя ў павелічэнні колькасці лекараў і ў вырашэнні праблемы іхнай нястачы».

Наша суразмоўца прыводзіць прыклады, як у іншых краінах вырашаюць праблему недахопу лекараў у рэгіёнах – так, нават у суседніх Літве, Латвіі, не кажучы ўжо пра ЗША, лекарам, якія працуюць у вясковай мясцовасці, даплачваюць. Прычым, даплаты могуць быць як з дзяржбюджэтаў, так і з розных фондаў.

«Людзям трэба аказаць увагу і падтрымку, каб яны працавалі. Гэта ў тым ліку мусіць быць клопат пра ўзровень жыцця, нармальныя камунікацыі, добры інтэрнэт, – кажа Лідзія Тарасенка. – Калі ўсё гэта ёсць, у сучасным свеце не так важна, працуеш ты ў населеным пункце, дзе 2 мільёны насельніцтва ці 20 тысяч. Сёння ў свеце гэтая мяжа сціраецца».

Рабіць дакладныя прагнозы адносна будучыні забеспячэння беларускай медыцыны кадрамі экспертка не бярэцца, аднак лічыць, што змяненняў да лепшага пакуль чакаць не выпадае.

«Агульны трэнд у свеце – старэнне насельніцтва, актыўнае даўгалецце. Насельніцтва шмат у якіх краінах скарачаецца, а медычнай дапамогі ўсё роўна трэба больш, – кажа спадарыня Тарасенка. – У Беларусі агулам колькасць беларусаў будзе змяншацца, бо людзі з’язджаюць, не хочуць нараджаць дзяцей у гэтай краіне, не давяраюць уладам, адзін аднаму. І гэта датычыць і лекараў, і слесараў, і сантэхнікаў, і ўвогуле проста ўсіх беларусаў».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў