Нелаяльных больш, чым здаецца. Як рэжым Лукашэнкі праз вайну з новай сілай абрынуўся на цэрквы


У Беларусі працягваецца пераслед вернікаў і святароў, якія выступаюць з крытыкай дзеянняў афіцыйнага рэжыму. Пры гэтым, як кажуць эксперты, з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі ва Украіне ў беларускіх сілавікоў з’явіліся новыя нагоды для пераследу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сілавікі назіраюць за шэсцем ля Чырвонага касцёлу на плошчы Незалежнасці. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Белсат / Вось Так

9 жніўня, у гадавіну пачатку беларускіх пратэстаў, стала вядома пра новыя рэпрэсіі супраць беларускіх святароў і рэлігійных суполак. Так, ксёндз Аляксандр Баран з вёскі Лынтупы (Пастаўскі раён) ізноў быў затрыманы. Яму далі 17 содняў арышту паводле арт. 24.23 КаАП. Святара ўжо затрымлівалі 25 сакавіка. Тады яму прысудзілі 10 содняў паводле двух артыкулаў КаАП: 24.23 за беларускі нацыянальны і ўкраінскі сцягі на аватарцы, а таксама 19.11 – за падабайкі і каментары пад публікацыямі «экстрэмісцкіх» старонак.

Таксама з’явілася інфармацыя, што Менгарвыканкам пагражае пазбавіць рэгістрацыі пратэстанцкую царкву «Новае жыццё», у якой забралі будынак яшчэ ў лютым 2021 года. Нягледзячы на гэта, вернікі працягвалі ўвесь гэты час маліцца нядзелямі на стаянцы каля царквы. У гэтым чыноўнікі ўбачылі парушэнне заканадаўства.

Аналітыка
«РПЦ пачынае разыходзіцца па швах». Як патрыярх Кірыла падтрымаў вайну і згубіў Украіну. І не толькі яе
2022.04.05 10:35

У цэлым жа колькасць святароў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі ўладаў, сёлета значна большая. Статыстыку гэтых пераследаў вядзе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

Штрафы і содні

28 лютага падчас антываеннай акцыі супраць расейскага ўварвання ва Украіну, што праходзіла каля чыгуначнага вакзалу ў Менску, быў затрыманы святар Міхаіл Маруга. За букет кветак у руках яму прысудзілі 13 содняў за кратамі.

3 сакавіка праваслаўныя маці запрасілі вернікаў прыходзіць у Менскі кафедральны сабор на вечаровую службу, разам памаліцца за Украіну і за сыноў, каб ім не прыйшлося ваяваць на баку Расеі.  У прызначаны час сабор і прылеглая да яго тэрыторыя былі ачэпленыя сілавікамі ў цывільным і спецтранспартам. Усіх, хто ўваходзіў на службу, здымалі на камеру, а пасля службы чатырох жанчын затрымалі і даставілі ў РУУС, нягледзячы на пратэсты святара. Журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк і ейнага мужа Яўгена Батуру ў той дзень таксама затрымалі каля царквы, абаім прысудзілі 15 содняў.

У сакавіку ксяндзу Анджэю Бульчаку з Паставаў, грамадзяніну Польшчы, які 14 гадоў служыў у нашай краіне, давялося пільна выехаць з Беларусі. Як высветлілася, у дачыненні яго завялі адміністрацыйны працэс за ролік на Youtube супраць вайны з Украінай. Тым не менш, святару завочна прысудзілі 13 траўня штраф 960 рублёў.

Аналітыка
«РПЦ пачынае разыходзіцца па швах». Як патрыярх Кірыла падтрымаў вайну і згубіў Украіну. І не толькі яе
2022.04.05 10:35

25 сакавіка ў Віцебску быў затрыманы грэка-каталіцкі святар Васіль Ягораў за налепку на ягоным аўце «Украіна, даруй». Ён правёў тры дні ў СІЗА, а затым яму прысудзілі яшчэ 1600 рублёў штрафу.

18 красавіка быў затрыманы, а 12 траўня аштрафаваны на 640 рублёў ксёндз з Горак Андрэй Кеўліч, пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай. На яго склалі адміністратыўны пратакол паводле ч. 2. арт. 19.11 КаАП за рэпосты са старонак «Белсату» і радыё «Свабода». Абодва рэпосты датычыліся расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны.

30 красавіка ксяндзу з вёскі Слупкі Ігару Лашуку прысудзілі штраф 960 рублёў – таксама за рэпосты «Белсату» і радыё «Свабода». У пачатку сакавіка ксёндз ажыццявіў паломніцтва з фігурай Арханёла Міхаіла ўздоўж мяжы з Украінай.

5 ліпеня былі затрыманыя пастар Філіп Іваноў і ягоная жонка Лідзія, служкі менскай пратэстанцкай царквы «Новы Запавет». Пастара пасля затрымання выпусцілі, а жонка была ўзятая пад варту паводле крымінальнай справы.

8 ліпеня за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Facebook, за рэпосты са старонак незалежных СМІ быў аштрафаваны на 640 рублёў ксёндз Яўген Учкуроніс, пробашч каталіцкай парафіі Святога Яна Паўла II у Смаргоні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На 30 содняў агулам арыштаваны ксёндз Андрэй Вашчук, пробашч парафіі Святога Духа ў Віцебску, якога затрымалі 15 ліпеня. Першыя 15 содняў святар атрымаў паводле арт. 24.23 КаАП за аватарку ў Facebook з бел-чырвона-белым сцягам. У матэрыялах справы таксама пазначаны і іншыя фотаздымкі ягонай галерэі, у тым ліку са сцягам Украіны. Другі арышт яму прысудзілі паводле арт. 19. 11 КаАП за ўдзел у тэлеграм-чаце «free_vtb», прызнаным уладамі экстрэмісцкім. Пакуль святар застаецца за кратамі, звязаныя з сілавікамі паблікі пачалі ягонае цкаванне: святара вінавацяць не толькі ў закліках да пратэстаў, але нават ва ўжыванні наркотыкаў.

21 ліпеня сілавікі затрымалі служкаў сталічнай царквы ХВЕ «Гефсіманія» Яўгена Барысіка і Максіма Стасілевіча. Яны атрымалі па 10 содняў арышту кожны: Максіма асудзілі паводле ч. 2. арт. 19.11 КаАП за перапост сябрам навіны з «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналу, Яўгена – за тое, што ён нібыта крычаў, лаяўся і нецэнзурна выказваўся ў Маскоўскім РУУС. Пры гэтым у іх канфіскавалі буклеты з малітваю за Беларусь. Праз 10 содняў адпусцілі толькі Барысіка. Днямі стала вядома, што Стасілевіч узяты пад варту як абвінавачваны паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

У Гомлі ж 28 ліпеня аштрафавалі на 640 рублёў пастара царквы «Жывая вера» Дзмітрыя Падлобку. Яго прызналі вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў – правядзенні воднага хрышчэння ў басейне на ўласным участку.

З адным з самых сур’ёзных пераследаў сутыкаецца сям’я праваслаўнага святара Сергія Разановіча, ігумена храму Святога Арханёла Міхаіла ў аграгарадку Сцяпанкі Жабінкаўскага раёну. Яны сталі фігурантамі ў «справе Аўтуховіча» – пра нібыта стварэнне тэрарыстычнай групоўкі, што займалася падпалам аўтамабіляў і дамоў сілавікоў (арт. 289 КК – «Акт тэрарызму»). Усе яны ўнесеныя ў спіс асобаў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці. 18 траўня над Разановічамі і іншымі фігурантамі справы пачаўся суд.

Цкаванне з боку прапагандыстаў

Не абыходзяць увагай святароў і прапагандысты. Так, 8 траўня Рыгор Азаронак у сваім тэлеграм-канале раскрытыкаваў казань праваслаўнага архімандрыта Аляксея Шынкевіча ў Менскім кафедральным саборы з заклікам памаліцца аб спачыне душы першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. Азаронак назваў святара «Юдам», «хрыстапрадаўцам», якога трэба «вытруціць з цела Царквы», і суправадзіў заклікам да «органаў дзяржбяспекі» разабрацца ў сітуацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

18 траўня быў звольнены з усіх пасадаў святар Андрэй Наздрын, ігумен храму Спірыдона Трыміфунцкага ў Горадні. Ён быў адным з тых гарадзенскіх святароў, хто дапамагаў затрыманым падчас пратэстаў 2020 года. Раней на Наздрына за ягоную антываенную пазіцыю скардзілася праўладная актывістка Вольга Бондарава.

У ліпені яна ж прысвяціла некалькі пастоў-даносаў протаіерэю Паўлу Сердзюку, ягонай жонцы Вераніцы, кіраўніцы цэнтру падтрымання сям’і і мацярынства «Матуля», а таксама цешчы – журналістцы Тамары Вяцкай, «нягледзячы на тое, што ўся сям’я характарызуецца актыўнай лаяльнасцю рэжыму Лукашэнкі», піша  «Хрысціянская візія».

Закруціць закручаныя гайкі

Апытаныя «Белсатам» эксперты адзначаюць, што распачатая Расеяй поўнамаштабная вайна з Украінай у лютым 2022 года, актыўна падтрыманая рэжымам у Беларусі, стала новай нагодаю для рэпрэсіяў у рэлігійнай сферы.

«З 2020 года і да пачатку вайны рэжым ужо дастаткова жорстка «закруціў гайкі» ў рэлігійнай сферы, фактычна змяніў кіраўніцтва Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў на лаяльнае да сябе, прыбраў або прымусіў замаўчаць топавых іерархаў, некалькі актыўных у публічнай прасторы святароў мусілі збегчы з краіны. Пачатак вайны стаў для рэлігійнай супольнасці новым маральным трыгерам для пратэстаў, што, у сваю чаргу, выклікала новую хвалю рэпрэсіяў, падставаў да якіх стала больш – акрамя БЧБ, «несанкцыянаваным пікетаваннем» і пазнакаю нелаяльнасці сталі і ўкраінскія сцягі», – заяўляе мадэратарка суполкі  «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч.

На думку Фелікса Корлі, рэдактара сайту нарвежскай праваабарончай арганізацыі «Форум 18», што займаецца пытаннямі свабоды веравызнання на постсавецкай прасторы, «вайна прывяла да таго, што рэжым зрабіў яшчэ больш жорсткімі свае абмежаванні на ажыццяўленне правоў чалавека, уключна з ажыццяўленнем права на свабоду рэлігіі або перакананняў».

Католики празднуют Рождество Христово в Красном костёле в Минске, Костёл святого Симеона и святой Елены, богослужение
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пры гэтым ён згадвае выпадак гомельскага пастара Дзмітрыя Падлобкі, аштрафаванага за воднае хрышчэнне, як прыклад таго, што ўлады зноў узяліся за пераслед святароў за нібыта незаконныя рэлігійныя сходы.

«Цягам некалькіх гадоў міліцыя, як правіла, не ўмешвалася, калі асобныя асобы і супольнасці карысталіся свабодай рэлігіі або перакананняў па-за межамі строгага кантролю, усталяванага рэжымам, калі толькі рэжым не ўспрымаў гэтую дзейнасць як палітычную», – падкрэслівае Фелікс Корлі.

Больш рэгулярна і метадычна

Наталля Васілевіч адзначае, што «ў цэлым пераслед стаў весціся на больш рэгулярнай і метадычнай аснове – у тым ліку і ў дачыненні тых святароў, імёны якіх не былі на слыху і якія не рабілі яскравых публічных заяваў».

«Ідэалагічныя аддзелы проста пачалі маніторыць сацсеткі святароў і прыходаў, што ёсць на іх тэрыторыі, а таксама праводзіць правяранні нядзельных школаў, моладзевых арганізацыяў, укараняцца ў чаты малітоўных просьбаў і г. д. Я назвала б гэта «фільтрацыйнымі» мерапрыемствамі – правяранне датычыць усіх, нават тых, хто публічна не заяўляў пратэставай пазіцыі, але, магчыма, дзяліўся са сваімі сябрамі або сямейнікамі артыкуламі з незалежных СМІ, падпісаны на пэўныя телеграм-каналы пратэставай скіраванасці або ў любой іншай форме не выяўляў прыкметаў абсалютнай лаяльнасці рэжыму», – тлумачыць мадэратарка «Хрысціянскай візіі».

Каментар
«Біблія вачыма кадэбістаў». Чаму не спыняюцца рэпрэсіі супраць беларускіх святароў
2022.07.19 18:29

У сваю чаргу Фелікс Корлі падкрэслівае, што «рашучасць рэжыму захаваць поўны кантроль над грамадствам прывяла да сталага росту набору абмежаванняў, асабліва з лютага 2022 года. Узніклі новыя меры кантролю над публічнымі сходамі, выказваннямі і публікацыямі, што непазбежна абцяжарыла ажыццяўленне свабоды рэлігіі або перакананняў пэўнымі асобамі і рэлігійнымі суполкамі».

«Цяжэй збірацца для глыбокага ўшанавання і гаварыць адкрыта. Гэтыя новыя абмежаванні заснаваныя на існым цвёрдым кантролі, што робіць ажыццяўленне свабоды рэлігіі або перакананняў больш складаным і рызыкоўным з 2019 года», – кажа праваабаронца.

Усе аднолькава бяспраўныя

Ціск з боку ўладаў зазнаюць усе канфесіі.

«Ад усіх патрабуецца падвышаная лаяльнасць. Падтрыманне дысцыпліны дасягаецца рознымі спосабамі – дзесьці кіраўніцтва самых цэркваў аказвае ціск, там, дзе кіраўніцтва спрабуе захоўваць нейтральнасць, – сілавыя органы ўмешваюцца непасрэдна», – кажа Наталля Васілевіч.

Рэжым кантралюе любое ажыццяўленне права на свабоду рэлігіі або перакананняў, незалежна ад таго, якія асобы або супольнасці ў іх уцягнутыя, лічыць у сваю чаргу Фелікс Корлі.

«Розныя супольнасці сутыкаюцца з рознымі праблемамі ў выніку такога кантролю, але рэжым ведае, якія рычагі ў яго ёсць, каб прымусіць іх не карыстацца свабодай рэлігіі або перакананняў так, як яму не падабаецца», – адзначае рэдактар «Форуму 18».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. За сустрэчай вернікаў каля будынку пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» назірае міліцыя. Менск, Беларусь. 21 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Нелаяльных больш, чым здаецца

Разам з тым, кажа Наталля Васілевіч, з’яўленне ў маніторынгу пераследаў усё новых імёнаў «сведчыць аб тым, што нават тыя, хто не «засвяціўся» ў пратэстах 2020 года або ў дэмакратычным руху, настроеныя нелаяльна ў дачыненні рэжыму, і іхная такая пазіцыя робіцца публічна агучанай дзякуючы дзеянням самога рэжыму».

На ейную думку, «акрамя запалохванняў, такія рэпрэсіі падвышаюць не толькі градус незадаволенасці дзеяннямі ўладаў, але і бачнасць пратэставага патэнцыялу рэлігійных супольнасцяў, а гэта значыць, у канчатковым выніку, працуюць на ўзмацненне гэтых супольнасцяў як магчымых пунктаў зборкі дэмакратычнага руху, як толькі сітуацыя дазволіць ізноў дзейнічаць адкрыта і публічна».

Макар Мыш / Герон belsat.eu

Стужка навінаў