Даклад «Amnesty International» аб парушэнні вайскоўцамі ЗСУ законаў вайны правераць незалежныя эксперты


У праваабарончай арганізацыі «Amnesty International» хочуць зразумець, што менавіта «пайшло не так» у сітуацыі са справаздачай, у якой украінскія вайскоўцы вінавацяцца ў парушэнні законаў вайны, піша «Deutsche Welle».

Каб разабрацца, для праверкі справаздачы запросяць незалежных экспертаў. Яны будуць правяраць працэсы і крокі, што папярэднічалі публікацыі прэс-рэлізу, праведзеныя даследаванні, працэс рыхтавання матэрыялу. Таксама плануецца юрыдычны і палітычны аналіз справаздачы.

«Мы хочам зразумець, што менавіта пайшло не так і чаму, каб вынесці ўрокі і палепшыць нашую працу ў галіне правоў чалавека», – кажуць у «Amnesty International».

У праваабарончай арганізацыі выказваюць шкадаванне, што даклад быў апублікаваны без дастатковага кантэксту.

«У ім не было нададзена належнай увагі расейскай агрэсіі ў парушэнне міжнароднага права і шматлікім вайсковым злачынствам, здзейсненым расейскімі вайскоўцамі і задакументаваным «Amnesty International», – мяркуюць праваабаронцы. – Высновы не былі перададзеныя з той далікатнасцю і дакладнасцю, якой варта чакаць ад AI. <…> Мы асуджаем інструменталізацыю прэс-рэлізу расейскімі ўладамі».

Hавiны
Ва Украіне заявілі, што «Amnesty International» магла атрымліваць звесткі ад ФСБ і з лагераў РФ
2022.08.08 21:58

Справаздача «Amnesty International» аб Украіне была апублікаваная 4 жніўня. У ёй сцвярджалася, што Збройныя сілы Украіны ў парушэнне гуманітарнага права і законаў вайны ствараюць базы ў жылых раёнах, у тым ліку – у школах і лякарнях, тым самым ствараюць небяспеку цывільнаму насельніцтву. Адначасова праваабаронцы зазначылі, што такая практыка «ніякім чынам не апраўдвае неабіральных расейскіх атак».

Справаздача выклікала негатыўную рэакцыю ва Украіне. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў «Amnesty International» у «амаральнай абіральнасці».

Hавiны
«Amnesty International» папрасіла прабачэння Украіны за свой даклад, але не адмовілася ад высноваў
2022.08.07 19:40

Украінскі Цэнтр стратэгічных камунікацыяў заявіў, што аўтары справаздачы выкарыстоўвалі паказанні людзей, якія прайшлі праз турмы і фільтрацыйныя лагеры на акупаваных тэрыторыях.

Украінскі офіс «Amnesty International» паведаміў, што не ўдзельнічаў у рыхтаванні дакладу, а кіраўніца офісу Аксана Пакальчук на знак пратэсту звольнілася. Пасля гэтага ў «Amnesty International» заявілі, што арганізацыя шкадуе аб пакутах і гневе, выкліканых публікацыяй справаздачы, але не адмаўляецца ад звестак і высноваў, што ў ёй змяшчаюцца.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў