Пуцін заявіў, што ПВК Вагнэра не існуе


Расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін у адказ на пытанне журналіста пра вагнэраўцаў і іхны далейшы лёс заявіў, што юрыдычнай асобы ПВК у Расеі няма, але ёсць група. Паводле Пуціна, гэта няпростае пытанне і павінна абмяркоўвацца ўладамі, паведамляе выданне «Коммерсантъ».

ПВК Вагнэра. Крыніца: slovoidilo.ua

Журналіст выдання распытваў у Пуціна падрабязнасці ягонай сустрэчы з камандзірамі ПВК Вагнэра ў Крамлі 29 чэрвеня. Тады сустрэча доўжылася тры гадзіны.

На пытанне журналіста, ці захаваецца ПВК Вагнэра як баявая адзінка, Пуцін адказаў:

«Ну дык ПВК Вагнэра не існуе! У нас жа няма закону аб прыватных вайсковых арганізацыях! Проста не існуе! То бок калі няма закону, то няма і ПВК».

«А што ж гэта тады ўсё было?» – спытаў журналіст. На што Пуцін толькі адказаў: «Такой юрыдычнай асобы няма».

Таксама на просьбу распавесці, што насамрэч адбывалася падчас мяцяжу Прыгожына, расейскі прэзідэнт адказаў:

«А што адбывалася насамрэч? Усё вельмі проста і відавочна для расейскага грамадства. Шараговыя байцы Вагнэра ваявалі годна, так… Тое, што яны аказаліся ўцягнутыя ў гэтыя падзеі, выклікае шкадаванне… Я скажу так, вельмі акуратна».

Раней Пуцін заяўляў, што ПВК Вагнэра цалкам фінансавалася з дзяржбюджэту. За год на гэтыя мэты патрацілі больш за 86 млрд расейскіх рублёў (952 мільёны долараў). Паводле Пуціна, Прыгожын таксама зарабляў на продажы харчавання вайскоўцам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў