Ці можа Пуцін забіць Лукашэнку? Усё больш мулкае сяброўства дыктатараў з Масквы і Менску

У такіх адносінах магчымае ўсё. У свеце дыктатараў і злачынцаў гэта не было б чымся беспрэцэдэнтным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Я не выключаю, што Аляксандр Лукашэнка гэтага баіцца. Такія дыктатары заўсёды гэтага баяцца. У глыбіні душы ён ведае, што ягоны «обер-дыктатар» Пуцін у любы момант можа паспрабаваць яго забіць. У такіх адносінах магчымае ўсё. У свеце дыктатараў і злачынцаў гэта не было б чымся беспрэцэдэнтным.

Лукашэнка, безумоўна, жыве ў паранаідальным страху, хоць чуткі пра ягоную хуткую смерць, што з’явіліся нядаўна ў СМІ, пакуль моцна перабольшаныя. Тое, што ён баіцца нападу на сябе з усіх бакоў, ёсць тыповым псіхозам дыктатараў. Яны разумеюць, што многія людзі іх ненавідзяць, што хтосьці, магчыма, хоча ад іх пазбавіцца. І нават калі дыктатары спрабуюць верыць, што народ іх, нягледзячы ні на што, любіць, страх іх не пакідае. Яны кіруюць з дапамогаю страху, тэрору – і мяркуюць пра іншых як пра сябе.

Меркаванні
Лукашэнка памёр. Амаль
2023.05.19 13:47

Наступствы любога ракіравання, смерці дыктатара або нават палацавага перавароту, насамрэч, цяжка прадказаць. Лукашэнкаўская Беларусь пакуль што амаль цалкам у руках Уладзіміра Пуціна. Таму Лукашэнка ва ўладзе пакуль яму на руку. Пуцін мае адчуванне, што Лукашэнка цалкам пад ягоным кантролем. Неўзабаве расейцы размесцяць у Беларусі ядравую зброю.

Смерць Лукашэнкі, безумоўна, азначала б сур’ёзныя змены ва ўладнай структуры. Бо ўнутры лукашэнкаўскіх колаў, вядома, будуць цяжка прадказальныя рухі. Ёсць фракцыя ягонага сына, згадваюцца і розныя патэнцыйныя пераемнікі. Гэта ўсё – пад вялікім пытальнікам. У ягоным апараце няма ніводнай яскравай асобы, бо такіх Лукашэнка даўно ўжо ўсіх пазбыўся. Кожная асоба з тых, што яго атачаюць, сёння стоадсоткава падпарадкаваная дыктатару. Вельмі цяжка сказаць, хто б высунуўся на першы план.

Фактычна, больш за ўсё пра лёс Беларусі можа сёння сказаць Пуцін. Шмат што залежыць ад хады вайны ва Украіне. Менавіта Расея раздае карты, датычныя Беларусі. Менавіта Расея ёсць гарантам беззаконня і тэрору ў Беларусі.

Лукашэнка гэтым карыстаецца. Слабая рэакцыя вольнага міру ўмацавала ягоную пэўнасць, што раз ён ужывае ўсё мацнейшыя рэпрэсіі і ніхто на іх не рэагуе, ён можа раскручваць гэтую спіраль тэрору бясконца.

Гісторыі
«Я нібыта разблакавала апошні ўзровень у складанай гульні». Год з жыцця Кацярыны Андрэевай
2022.11.02 08:33

У лістападзе 2020 года былі арыштаваныя дзве нашыя журналісткі, якія рабілі рэпартажы пра падзеі на вуліцах. Кожная атрымала 2 гады турмы. Сёння прысуды да 2 гадоў – рэдкасць, звычайна яны значна большыя. Потым адна з іх, Каця Андрэева-Бахвалава, атрымала яшчэ 8 гадоў на закрытым працэсе. Летась у Беларусі выносіліся драконаўскія прысуды – больш за 10 гадоў пазбаўлення волі. Лукашэнка прыйшоў да высновы, што можа рабіць гэта беспакарана – і нічога яму за гэта не будзе.

Аднак прастора для дзеянняў Захаду і вольнага свету ў плане санкцыяў супраць Беларусі ўсё яшчэ вялікая. І вельмі трывожна, што некаторыя лідары, напрыклад, прэзідэнт Эманюэль Макрон, не бачаць прычынаў, каб увесці жорсткія санкцыі супраць Беларусі і рэжыму Лукашэнкі. Ёсць нейкія сімвалічныя персанальныя санкцыі або санкцыі ў дачыненні прадпрыемстваў, што даўно перарэгістраваліся пад іншымі назвамі. Еўрапейскія санкцыі ў дачыненні Беларусі слабыя – і пра гэта трэба казаць гучна.

Лукашэнка сее тэрор і ў той жа час супрацоўнічае з Расеяй, жорстка парушае правы чалавека і кідае тысячы людзей у турмы. І пры гэтым мы бачым тое, што бачым.

belsat.eu

(Паводле матэрыялаў інтэрв’ю штодзённіку «Fakt»)

Стужка навінаў