Кіберпартызаны апублікавалі праслухоўванне консульскага аддзелу Расеі ў Беларусі


Беларускія кіберпартызаны апублікавалі чарговы зліў праслухоўвання сілавых ведамстваў. Гэтым разам на сваім канале ў «YouTube» яны змясцілі аўдыяфайлы, якія сцвярджаюць факты праслухоўвання ў Беларусі замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў, у тым ліку расейскага консульства.

Раней кіберпартызаны паведамлялі, што ўзламалі засакрэчаныя серверы МУС РБ.

«Мы высветлілі, што ў Беларусі трапілі на запіс нават працаўнікі замежных амбасадаў і консульстваў. Цікава: як гэта адпавядае Венскай канвенцыі пра дыпламатычныя дачыненні 1961 года?» – заявілі ў адмысловым паведамленні кіберпартызаны.

Аб’яднанне апублікавала частку праслухоўвання работнікаў амбасады і консульскага аддзелу амбасады Расейскай Федэрацыі за 2020–2021 гады.

На аўдыё добра чуваць галасы людзей, якія тэлефануюць у консульства ў розных пытаннях, а таксама гучаць прадстаўнікі консульства, якія тэлефануюць у дзяржаўныя структуры адносна пытанняў бяспекі і аховы. Апроч таго, апублікаваныя і размовы асабістага характару: яны сведчыць пра тое, што органы МУС праслухоўвалі не толькі будынак дыпламатычнага прадстаўніцтва, але і працаўнікоў.

Кіберпартызаны адзначаюць, што валодаюць шэрагам файлаў з праслухоўвання амбасадаў і консульстваў іншых дзяржава, і абяцаюць «шмат цікавага» неўзабаве.

Нагадаем, што праслухоўваць дыпламатычныя ўстановы забараняе Венская канвенцыя. Частка 3 артыкулу 41 Венскай канвенцыі пра дыпламатычныя дачыненні 1961 года абвяшчае, што памяшканні дыпламатычнага прадстаўніцтва не павінны выкарыстоўвацца дзеля мэтаў, не сумяшчальных з функцыямі прадстаўніцтва. У Канвенцыі прыводзіцца вычарпальны пералік функцыяў дыпламатычнага прадстаўніцтва, у якіх адсутнічае шпіянаж і праслухоўванне.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў