«Каб яны сюды больш не прыйшлі!» Як хлапчукі з Барадзянкі збіраюць грошы для ЗСУ і хуткай перамогі


Барадзянка ў чэрвені. На адной з вуліцаў на ўзбочыне дарогі стаіць хлопчык (8-9 гадоў), на твары – адкрытая ўкраінская ўсмешка. Побач – вялікі самаробны плакат: «На ЗСУ». Праехаць міма немагчыма. Андрэй Максюта сабраў для абаронцаў Украіны ўжо больш за 50 тысяч грыўняў. З ім і ягонымі роднымі пазнаёміўся карэспандэнт «Белсату» Аляксандр Мікрукоў.

Алег і Андрэй махаюць машынам, якія праязджаюць па іхнай вуліцы, каб прыцягнуць увагу кіроўцаў.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Вяртанне ў Барадзянку

Прызнаюся: ехаць у Барадзянку не вельмі хацелася. Быў там адразу пасля вызвалення. У памяці дасюль стаяць вобразы пабачанага. Разбураныя шматпавярховікі, крамы, аптэкі, ніводнага «жывога» будынку. На фоне гэтага – ацалелыя (жывыя!) – людзі. Але быццам адсутныя: у пошуках загінулых, у пошуках спакою. Усюды разбітая вайсковая тэхніка з пазнакаю «Z». Рэшткі снарадаў і сухіх пайкоў з надпісам «Армия России» – уперамешку…

Тады фатаграфаваў усё гэта і думаў: госпадзі, што я такое здымаю!..

Але паехалі. Бо пабачылі ў адным з украінскіх тэлеграм-каналаў відэа з хлопчыкам, які трымае плакат «На ЗСУ». І рванулі. Дакладна не ведалі нават, ці Барадзянка гэта. Наўздагад. Проста рызыкнулі: добрая нагода «адрэдагаваць» памяць.

Знішчаны авіяўдарамі шматкватэрны дом у цэнтры Барадзянкі.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

І вось жа не падмануліся. Па-першае, пабачылі горад, які пачынае вяртацца да жыцця. Па-другое, хлопца з плакатам, які зладзіў збор грошай для ўкраінскіх вайскоўцаў, тут ведае кожны. Мясцовая знакамітасць. На першай жа запраўцы нам падказалі, на якой вуліцы шукаць героя гэтай гісторыі.

«Сам зранку даў яму 50 грыўняў», – прызнаўся работнік бензастанцыі.

«Каб як найхутчэй скончылася вайна»

Рушым на названую вуліцу. Па дарозе аглядаемся. І ўжо амаль не пазнаем той Барадзянкі, якую пабачылі колькі месяцаў таму.

Так, горад моцна пацярпеў. Калецтвы вайны і разруху проста так не схаваеш. Аднак за гэтыя месяцы камунальныя службы і ратаўнікі ўжо разабралі большую частку завалаў і размініравалі жылыя кварталы. Па вуліцах ездзяць аўты, людзі пры справах. Адчыніліся нават некаторыя вулічныя кавярні. На фоне абгарэлых будынкаў выглядаюць сюррэалістычна…

Разбураны дом у Барадзянцы. Роўна насупраць хаты, дзе жывуць Андрэй і Алег разам з маці. Дом быў знішчаны падчас акупацыі гораду расейскімі войскамі.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Неўзабаве на месцы. Спыняемся, каб прывітаць хлопца, які не пакідае свайго паста ні на хвілінку. Уздымае плакат і вітае нас у адказ: «Слава Украіне!» Знаёмімся. Называе сябе Андрэем Максютам.

«Проста мне хочацца, каб як найхутчэй скончылася вайна, таму і стаю тут. Каб яны сюды больш не прыйшлі. Хачу дапамагаць Украіне!» – заяўляе хлопец.

50 тысяч грыўняў для перамогі

Ягоная маці Дыяна, якая выходзіць да нас, распавядае, як усё пачалося.

«Андрэй вельмі хацеў падзякаваць нашым вайскоўцам, узяў невялікі сцяжок і пачаў ім махаць, калі яны тут праязджалі. Проста так. Яны яму сігналілі, а адзін добраахвотнік спыніўся і даў сыну грошы на марозіва за тое, што ён такі патрыёт.

І мы вырашылі тады: а чаму б нам такім чынам не дапамагаць арміі – збіраць грошы? Так і пайшло».

Паводле мамы Андрэя, усе мінакі і праезджыя з ахвотай ахвяруюць на ўкраінскую армію, тым больш калі просіць на дапамогу малы хлопец. Даюць розныя сумы, хто колькі можа. Але было, што незнаёмец ахвяраваў аж 1500 грыўняў.

Андрэй разам з маці Дыянаю Максютай адпачываюць у ценю каля дому. Дзюры і сляды агню на плоце за іх спіной засталіся пасля баявых дзеянняў падчас акупацыі Барадзянкі.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Робім гэта, каб хутчэй скончылася вайна. Усе пра гэта мараць. Таму як можам, так і дапамагаем. Ужо адправілі ў розныя фонды 50 тысяч грыўняў. І працягваем штодзень збіраць і адпраўляць», – кажа Дыяна Максюта.

«З такімі дзеткамі будзем пераможцамі»

Калі Андрэй троху стамляецца, на пасту яго змяняе старэйшы брат Алег. На іх аднолькавыя футболкі з надпісам «Доброго вечора, ми з України!».

«Так зарабляем для ЗСУ. Бо хочацца, каб мы хутчэй перамаглі. Каб маглі ўжо рабіць тое, што захочам. Бо цяпер небяспечна, страшна трохі. Танкі тут ездзілі, расейскія салдаты міны ўсталёўвалі, страшна было.

Я думаю, нашыя ЗСУ вельмі моцныя і ўжо не дапусцяць, каб яны сюды вярнуліся. І плюс – мы ж дапамагаем!» – гаворыць з гонарам Алег.

Сям’я Максютаў вымушаная была на нейкі час пакідаць свой дом. «Было вельмі страшна. Пражылі тры дні пад акупацыяй. Так стралялі, не перадаць словамі», – згадвае маці хлопцаў. Сям’я ўцякла на поўдзень, у Вінніцкую вобласць. А па вызваленні ўкраінскімі войскамі 1 красавіка Барадзянкі вярнуліся ў родны дом.

Алег Максюта каля імправізаванага пункту збору фінансавай дапамогі для Збройных сілаў Украіны. Хлопчык падмяняе малодшага брата, пакуль той адпачывае ад спякоты.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Пакуль размаўляем з маці хлопцаў, адна з жыхарак Барадзянкі, якая вяртаецца дамоў з крамы, ахвяруе Андрэю грошы.

«Такія вось у нас дзеткі! Я вельмі ўдзячная. З такімі дзеткамі будзем пераможцамі. Бо нашую Украіну не перамагчы. Веру ў нашыя ЗСУ!» – дзеліцца з намі сваёй верай і аптымізмам жанчына.

А Андрэй дэманструе нам жоўта-блакітны сцяг, што падарылі яму вайскоўцы 72-й брыгады ЗСУ, якія праязджалі па Барадзянцы.

Фатаграфую герояў гэтага рэпартажу, сцяг, разбураны і абгарэлы дом насупраць… Але ўжо не так цяжка на душы. «З такімі дзеткамі будзем пераможцамі», – гучаць у вушах словы жыхаркі Барадзянкі. Хлопцы – на пасту. Светла ўсміхаюцца нам на развітанне. Машу рукою: «Слава Украіне!». Тыя сюды больш не прыйдуць. Упэўнены.

Гісторыі
«Трэба было зрабіць гэта яшчэ ў 2020-м». Паразмаўлялі з жанчынай, якая вярнула Лукашэнку ордэн Маці
2022.06.07 19:06

Аляксандр Мікрукоў, ЗК belsat.eu

Стужка навінаў