У Менску ўсталявалі помнік гісторыку Яўстаху Тышкевічу


Помнік выбітнаму дзеячу паставілі каля Акадэміі Навук. Яго паказаў у Facebook дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Вадзім Лакіза.

Помнік падпісаны не Яўстаху, а Яўстафію (на праваслаўны манер) Тышкевічу, хаця навуковец быў каталіком.

Помнік стаў часткай кампазіцыі «Залатое кола беларускай навукі», якая, па думцы стваральнікаў, павінна сімвалізаваць увасабленне пераемнасці беларускай навукі і культуры. Яна складаецца з ратонды і скульптур Францыска Скарыны, Казіміра Семяновіча, Сімяона Полацкага і Яўстаха Тышкевіча.

Яўстах Тышкевіч (18 красавіка 1814 – 28 жніўня 1873) – беларускі археолаг, гісторык і краязнавец, барысаўскі павятовы маршалак (1844–1847), ганаровы апякун менскай губернскай гімназіі (1847–1854).

Ён быў сябрам Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцяў (1843), сябрам Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцяў (1843), ганаровым сябрам Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук (1859), Лонданскага археалагічнага інстытуту.

Вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы на беларускіх землях. Заснаваў Віленскую археалагічную камісію (1855–1865) і Віленскі музей старажытнасцяў (1855).

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў