«Сёння адкрыты пратэст у Беларусі – самазабойства». Размова з лаўрэаткай прэміі «Еўрапеец года» Лесяй Руднік


Сёлета ўпершыню ў гісторыі беларуска атрымала прэмію «Еўрапеец года». Лаўрэаткай стала 27-гадовая гарадзенка Леся Руднік, дачка вядомых у Беларусі грамадскіх актывістаў Вітаўта і Ланы Руднікаў. У 2019 годзе гэтую ўзнагароду прысудзілі вядомай актывістцы Грэце Тунбэрг. Урачыстае ўручэнне прэміі адбылося 9 траўня, у Дзень Еўропы, у Стакгольме. Пасля падзеі мы паразмаўлялі з Лесяй пра ўзнагароду, працу гарадзенкі на карысць радзімы і пра даследаванне беларускіх пратэстаў.

Даведка
Леся Руднік на ўручэнні ўзнагароды «Еўрапеец года». 9 траўня 2022 года.
Фота: асабісты архіў

«За барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі і Усходняй Еўропе»

– Леся, распавядзіце, калі ласка, пра прэмію: за што яе прысуджаюць, хто атрымліваў раней, якую вашую дзейнасць Еўропа так высока адзначыла?

– Прэмію «Еўрапеец года» ўручаюць людзям, якія спрычыніліся да развіцця і распаўсюду дэмакратыі ў Еўропе. Мне яе прысудзілі з фармулёўкай «за барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі і Усходняй Еўропе». Швецыя такім чынам паказала сваю ўвагу да таго, што робяць беларусы ў змаганні за сваю краіну. Я думаю, што і Швецыі таксама важна, каб у Беларусі ўсталявалася дэмакратыя, бо шведы самі кажуць, што чым далейшая ад іх дыктатура, тым ім бяспечней.

Гэта менавіта шведская прэмія. Заснаваная яна была ў 1995 годзе. Дагэтуль ніколі лаўрэатам не станавіўся чалавек без шведскага грамадзянства, таму відавочная вялікая важнасць працэсаў ва Усходняй Еўропе для шведаў.

Думаю, што прэмію прысудзілі менавіта мне як прадстаўніцы Беларусі, бо так атрымалася ў сувязі з маёй прафесійнай дзейнасцю і грамадскім актывізмам. Я ў Швецыі найбольш медыйная асоба з беларусаў. Але агулам гэта ўзнагарода ўсім беларусам і нашай барацьбе за дэмакратыю.

«Мы дамагліся, каб шведы сталі называць нашую краіну Беларусь, а не Белая Расея»

Леся Руднік на ўручэнні ўзнагароды «Еўрапеец года». 9 траўня 2022 года.
Фота: асабісты архіў Лесі Руднік

– На чым палягае вашая дзейнасць і актывізм?

– На працягу трох гадоў я ўзначальвала грамадскую арганізацыю «Беларусы Швецыі», сышла з пасады старшыні 26 сакавіка сёлета. Нашая арганізацыя дамаглася, што Швецыя стала першай краінай, якая афіцыйна змяніла назву Беларусі з аналагу «Белай Расеі» на менавіта Беларусь. Раней шведы казалі Vitryssland, а з 2019 года – афіцыйна Belarus.

Было шмат дыскусіяў, не ўсе шведы былі згодныя, казалі нам, што мы не будзем вучыць іх размаўляць на іхнай мове. Аднак у нас усё атрымалася. Думаю, з таго часу Беларусь стала заўважнай у шведскім парадку дня. А потым здарыліся падзеі 2020 года, калі яшчэ больш увагі было засяроджана на Беларусі.

Я цяпер навучаюся ў дактарантуры, займаюся даследаваннямі ў галіне паліталогіі, таму, натуральна, сустракаюся са шведскімі палітыкамі, бываю на розных семінарах. Я актыўна ўдзельнічала ў розных імпрэзах падчас беларускіх пратэстаў, калі трэба было прасоўваць беларускі парадак дня ў свеце. Таксама я давала экспертныя каментары пра сітуацыю ў Беларусі медыям. Я ўсімі сіламі старалася падтрымліваць цікавасць да Беларусі, думаю, так мяне і заўважылі.

«Я заўсёды ведала, што мая дзейнасць будзе звязаная з Беларуссю»

– Леся, а навошта вам гэта – у Швецыі рабіць усё, каб падтрымліваць увагу да Беларусі?

– А я не магу інакш. Беларусь – частка мяне. Для мяне са школы не стаяла пытанне, чым займацца. Я заўсёды ведала, што мая дзейнасць будзе звязаная з Беларуссю. Я таму і хацела з’ехаць вучыцца за мяжу, бо разумела, што ў Беларусі я не атрымаю такой якаснай адукацыі, каб потым рабіць сваю радзіму лепшай сваімі кампетэнцыямі. У 2011 годзе я паступіла ў ЕГУ ў Вільні на праграму «Паліталогія і еўрапейскія даследаванні», скончыла яе ў 2015 годзе з дыпломам з адзнакай. Падчас навучання атрымлівала стыпендыю беларускага філосафа Уладзіміра Фурса, гэта была мая першая вялікая ўзнагарода.

Мая бакалаўраўская праца была прысвечаная Беларусі. Потым дзве магістарскія працы таксама датычылі Беларусі. Усе мае прафесійныя артыкулы былі пра Беларусь. Зараз я пішу пра Беларусь аналітычныя артыкулы для амерыканскага блогу «Atlantic Council».

Набыўшы патрэбныя кампетэнцыі, я хацела вярнуцца ў Беларусь, каб там іх прымяняць. Але, на жаль, у нашай краіне нічога кардынальна не змянілася за апошнія гады, таму я застаюся там, дзе магу выкарыстоўваць свае веды.

«Галоўная тэма доктарскай працы – мабілізацыя ў пратэстах у аўтарытарных краінах»

Леся Руднік.
Фота: svenskaeuroparorelsen.se

– Напэўна, такая цікавасць і любоў да Беларусі з дзяцінства ідзе з сям’і? Вы ўдзельнічалі разам з бацькамі ў грамадскай дзейнасці? (Бацькі Лесі – вядомыя ў Беларусі грамадскія актывісты Вітаўт і Лана Руднікі. Яшчэ напрыканцы 1990-х гадоў яны стварылі арганізацыю «Трэці сектар», заснавалі Школу маладога журналіста, якая потым трансфармавалася ў Школу сучаснай журналістыкі, Універсітэт залатога веку. – Заўв. рэд.)

– Так, я з дзяцінства была з бацькамі на розных акцыях. Калі яны адкрылі Школу журналістыкі, прысутнічала на занятках, хоць і не вучылася там. Таму так, можна сказаць, што з малых гадоў сутыкалася з актывізмам і ведала, што адбываецца ў краіне.

Ва ўзросце 13 гадоў у мяне была свая перадача на радыё «Твой стыль», яна называлася «Стыль жыцця». Я размаўляла з цікавымі гарадзенцамі. Для мяне на той момант гэта было вялікім дасягненнем.

Ужо ў школе я ведала, што буду займацца нечым, звязаным з палітыкай. Мне падабалася аналізаваць, даследаваць. Таму я пайшла на паліталогію. Пасля бакалаўрыяту ў ЕГУ пайшла ў магістратуру ў Швецыі, таксама на паліталогію. Пасля яе сканчэння адчула, што мне не хапае нейкага заглыблення ў журналістыку, і пайшла ў яшчэ адну магістратуру, па журналістыцы. Пасля другой магістратуры я працавала ў грамадскіх арганізацыях, звязаных з правамі чалавека, назіраннем за выбарамі.

– Раскажыце, калі ласка, пра сваю дактарантуру. Што менавіта вы там даследуеце?

– Я вучуся ва ўніверсітэце Карлстаду. Гэта зусім не класічнае навучанне – хутчэй праца. 80 % – самастойныя даследаванні, 20 % – лекцыі для студэнтаў. Па выніках будзе доктарская праца і ступень PhD. Галоўная тэма маёй доктарскай – мабілізацыя ў пратэстах у аўтарытарных краінах. Я вывучаю, як мабілізуюцца людзі падчас антыўрадавых пратэстаў у аўтарытарных краінах, у першую чаргу ў постсавецкіх. Зараз у мяне фокус на сацыяльных сетках.

«Беларусаў падымуць на пратэсты ці эканоміка, ці вайна на нашай тэрыторыі»

Леся Руднік падаравала Святлане Ціханоўскай карціну мастачкі-беларускі са Швецыі. Верасень 2020 года.
Фота: Леся Руднік/Facebook

– І да якіх высноваў вы прыходзіце ў дачыненні беларускіх пратэстаў? Ці можаце ацаніць іх эфектыўнасць? Ці быў шанец на перамогу?

– Я не магу пакуль даваць такой ацэнкі, бо на цяперашнім этапе я вывучаю, як выкарыстоўваліся сацсеткі для мабілізацыі. Эфекты я буду даследаваць далей.

Пакуль што я прыходжу да высновы, што сацсеткі ў беларускіх пратэстах адыгралі значную ролю, але толькі іх недастаткова, каб нешта насамрэч змяніць. У Беларусі на той момант сутыкнуліся два наборы розных чыннікаў. З аднаго боку, быў кепскі імідж Лукашэнкі, напружанасць у грамадстве на фоне COVID-19, эканамічнае становішча ў краіне. З іншага – стабільнасць, здольнасць людзей ва ўладзе кантраляваць сістэму, якую яны будавалі гадамі, залежнасць ад Расеі. Першы набор чыннікаў ставіў пратэст на моцны бок, другі – рабіў яго слабым. Мне падаецца, што гэтыя чыннікі былі роўнымі, таму цяжка было без нейкіх шокавых крокаў змяніць сітуацыю. Але што гэта павінны былі быць за крокі, я не бяруся ацэньваць. Нехта кажа пра сілавы варыянт, нехта – пра неабходнасць працягу мірных пратэстаў; цяпер цяжка сказаць адназначна.

– Як вы думаеце, ці могуць яшчэ быць пратэсты ў Беларусі?

– Думаю, што так, але хутчэй за ўсё не цяпер, бо цяпер вельмі моцны фактар страху. І гэта цалкам нармальная рэч. Вядома, мне б у пэўных момантах хацелася б, каб беларусы былі больш смелымі, больш мужнымі, магчыма, каб я таксама такой была, і мае знаёмыя. Але я разумею, што ў сённяшняй сітуацыі ў Беларусі адкрыты актывісцкі пратэст, а не партызанскія метады – гэта самазабойства. Таму калі штосьці і можа падняць беларусаў, то гэта ці эканамічныя чыннікі, ці вайна наўпрост на тэрыторыі Беларусі.

«Чым больш дарослай раблюся, тым больш хачу дамоў»

Леся Руднік на ўручэнні ўзнагароды «Еўрапеец года». 9 траўня 2022 года.
Фота: асабісты архіў

– Калі вы апошні раз былі на радзіме?

– Амаль 5 гадоў таму. Я збіралася ў Беларусь акурат у жніўні 2020 года. У мяне тады якраз атрымаліся добрыя канікулы, упершыню за доўгі час. Але здарыліся ўсе гэтыя падзеі, і я зразумела, што не адчуваю сябе ў бяспецы як чалавек, да якога была моцная медыйная ўвага. Хоць убаку я заставацца не магла, таму, калі прадстаўнікі беларускай апазіцыі з’ехалі ў Польшчу і Вільню, я далучылася да іх на нейкі час, дапамагала як палітычны кансультант.

– Ці сумуеце вы па радзіме?

– Пачала сумаваць пасля жніўня 2020 года. Да гэтага, напэўна, я не так моцна цаніла тое, што ў мяне было – радзіма, хата, куды я магла вярнуцца. Я з’ехала ў Вільню, калі мне было 17 гадоў, і рабілася дарослым чалавекам у іншай краіне. Магчыма, таму я сумавала не так моцна. Але адначасова я вельмі моцна прагну свабоднай дэмакратычнай Беларусі і заўважыла, што хачу гэтага нават больш, чым мае знаёмыя, якія жывуць у Беларусі.

– Вы казалі, што планавалі вярнуцца ў Беларусь пасля атрымання адукацыі. Ці разглядаеце дагэтуль магчымасць вяртання ў выпадку змянення палітычнай сітуацыі ў Беларусі?

– Я цалкам дапускаю вяртанне ў Беларусь, калі адбудуцца перамены. Хоць так, я ўжо прывыкла да Швецыі, да крыху іншага грамадства, якасці жыцця. Але пры гэтым, як кажуць, чалавек, як і сабака, з узростам хоча бліжэй да хаты, да радзімы. У мяне таксама ёсць такое адчуванне. Чым больш дарослай я раблюся, тым больш хочацца дамоў. Хоць я ўжо не ведаю, які дом я там сустрэну, бо ўсе родныя, знаёмыя апошнім часам паз’язджалі з Беларусі.

Маю гатовасць цалкам падзяляе мой муж. Мы разам са школы. Разам вучыліся ў Літве, разам паехалі ў Швецыю. І дамоў разам вернемся, калі можна будзе і калі трэба будзе.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў