«Я зараз сябе адчуваю зусім іншым чалавекам», – прызнаецца на відэа ваярка Сон.
На YouTube-канале батальёну Кастуся Каліноўскага выйшла відэа пра беларуску з пазыўным Сон – экалагічнай актывісткай, якая змагалася за свабодную ад дыктатуры Беларусь і падтрымала забастоўку працоўных у 2020 годзе, пасля чаго была вымушаная з’ехаць з Беларусі і пераехала ва Украіну незадоўга да таго, як пачалася вайна.
Яна пастанавіла не зʼязджаць і ўступіла ў батальён:
«Калі пачалася вайна, мы з мужам жылі ў Львове, спрабавалі трапіць у тэрабарону. Але ўсе ведаюць, колькі тады людзей хацелі далучыцца да тэрабароны і ЗСУ. Тады ўкраінцы былі ў прыярытэце. Праз сяброў мы даведаліся пра беларусаў, якія збіраюцца ў Кіеве. Так я сюды і трапіла».
Бараніць Украіну Сон пастанавіла таму, што пасля ўцёкаў ад пераследу на радзіме яна з мужам спынілася ў Львове, дзе планавала асесці надоўга:
«Мы вырашылі, то калі гэта цяпер наш дом, то мы тут застанемся і будзем максімальна карыснымі. Мне падаецца, што тут мы максімальна карысныя, што я, што мой муж».
Да батальёну яны дабіраліся некалькі дзён. Былі цягнікі, перапоўненыя ўцекачамі, якія ехалі са Львова, а пара сядала ў цягнік на Кіеў – не пусты, але з вольнымі месцамі:
«Было страшна. Мы ехалі, а за намі бамбілі гарады. Гэта атрымаўся такі выклік для сябе. Калі ты едзеш і не ведаеш, куды і што там будзе, то трэба гэты страх у сабе зламаць. Гэта быў цікавы досвед для мяне. І я зараз сябе адчуваю зусім іншым чалавекам. Калі былі пратэсты ў Беларусі і мы падыходзілі да кардону, што стаяў. Падавалася, што трэба было штосьці зрабіць, а што – незразумела. Нібы штосьці спыняе. А тут ты прымаеш рашэнне, бярэш адказнасць, ламаешся і становішся іншым чалавекам. Калі я села ў таксоўку сюды ехаць, увесь страх прайшоў. А тут я пабачыла шмат людзей, усе разумныя, табе тлумачаць. Проста ўлілася ў калектыў, і ўсё супер».
Ад затрымання ў Беларусі жанчыне ўдалося ўцячы, калі ў іхны дом прыйшоў АМАП і затрымліваў назіральнікаў і актывістаў:
«Праз акно збегла, і мяне не затрымалі тады. Сябрам пашанцавала менш. Тады на Акрэсціна я не трапіла. Мяне раз скралі ў траўні 2020 года. Патрымалі 12 гадзін у РАУСе, некаторым далі содні, некаторых адпусцілі».
Сон пабралася шлюбам з каханым ужо ў батальёне, хаця планавалі гэты крок яны даўно:
«Якраз у сакавіку мы планавалі (ажаніцца. – Заўв. рэд.). Пачалася вайна, і мы вырашылі, хто такі Пуцін, каб сапсаваць нашыя планы, і вось ажаніліся».
Яна прызнаецца, што ў мужчынскім калектыве тое, што яна жанчына, ёй не перашкаджае:
«Мажліва, некаторым мужчынам перашкаджае, якая я жанчына. Але ў нас усе дзяўчаты баявыя. Такіх дзяўчат яшчэ трэба пашукаць».
Сон кажа, што істотна не тое, калі скончыцца вайна, а тое, як яна скончыцца. Для беларускі яна скончыцца, калі панясуць адказнасць тыя, хто чыніць злачынствы. А пасля перамогі яна марыць паспаць.
МГМ belsat.eu