«Рэвалюцыя культуры супраць хамства». Мастак Анатоль Концуб – пра жыццё і творчасць пасля 9 жніўня


Анатоль Концуб – кераміст і мастак, сябра Беларускага саюзу мастакоў, заслужаны працаўнік народнай адукацыі Беларусі. Жыве ў Бабруйску. Сёлета мастаку споўніцца 72 гады. Карціны бабруйскага майстра захоўваюцца ў беларускіх музеях, у дзяржаўных і прыватных калекцыях Польшчы, Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Кітаю, ЗША ды іншых краінаў.

Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў спадар Анатоль выйшаў на мітынгі, а ў ягоных працах з’явіўся матыў «чорнай навалы, што абрынулася на Беларусь» у вобразе амапаўцаў з дручкамі. Мастак распавёў «Белсату», як змяніліся ягоныя жыццё і творчасць, чаму ён больш нікога не баіцца і ці застаецца культура па-за палітыкаю.

Анатоль Концуб. Фота Ганна Ганчар / Белсат

Выйшаў, бо мусіў паказаць, на якім я баку

З Анатолем Концубам мы сустрэліся ў ягонай майстэрні ў Бабруйску. У пакоі – паўсюль карціны, на сталах – фарбы, спецыфічны пах ад іх, у цэнтры гэтага творчага хаосу – мальберт з палатном, на якім нараджаецца сюжэт карціны. На шафах – керамічныя вырабы: творчы шлях мастак пачынаў як кераміст. У 1971 годзе скончыў аддзяленне керамікі факультэту дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, да 2000 года выкладаў у Бабруйскім мастацкім вучылішчы і арганізаваў там рыхтаванне адмыслоўцаў у мастацкай кераміцы. Але ў пэўны момант заняўся жывапісам.

Сярод карцінаў спадара Анатоля адразу звяртаюць на сябе ўвагу працы з бела-чырвонымі колерамі, а таксама з пазнавальнымі чорнымі сілуэтамі амапаўцаў. Робіцца зразумелым, што абагульненай гутаркі пра мастацтва не атрымаецца – размаўляць будзем пра тое, якімі сталіся мастацтва і тыя, хто яго робіць у Беларусі пасля 9 жніўня.

– Спадар Анатоль, у вашых апошніх працах адразу кідаюцца ў вочы палітычныя матывы. Ведаем, што вы выходзілі на мітынгі ў жніўні. Што вас на гэта падштурхнула?

– Я адчуваў, што мушу паказаць, на якім я баку. Хоць я – не рэвалюцыянер. Я заўсёды быў проста чалавекам культуры, мастацтва. Я гатовы размаўляць, слухаць самых розных людзей і не буду збіваць за тое, што нехта прытрымліваецца іншых поглядаў. Але ў 2020 годзе настаў такі час, які кожнага з нас запытаўся пра нашую годнасць, ці вартыя мы яшчэ людзьмі звацца, такі час, калі ты ўжо не можаш адседзецца ў сваёй майстэрні, бо разумееш, што мусіш услых сказаць – я за праўду, за справядлівасць, за сумленнасць, я супраць гвалту, хлусні, цемры. Ад мітынгаў было неймавернае пачуццё – ідзе маса людзей, і ўсе адкрытыя, радасныя. Быў вялізны зарад энергіі.

Колькі можна баяцца? Надакучыла

– Ці не было вам страшна? Ці не баіцеся цяпер адкрыта казаць пра свае погляды?

– Колькі ж можна баяцца? Я жыву ў Бабруйску ўжо 50 гадоў. Я палюбіў гэты горад, лічу яго сваім, шмат раблю для яго. Для мяне ніколі не было праблемаю падараваць музею 5-6 карцінаў. Я ў сваім горадзе, у сваёй краіне. У той жа час у адміністрацыі шмат людзей прызначаных, якія аднекуль прыехалі, не бабруйцаў. І яны мяне запужваюць? Калі ласка, запужвайце, але памятайце, што гэтыя ўлады не вечныя. І мне не 20 гадоў, а амаль 72 – чаго мне баяцца? Надакучыла. Калі мы ўсе будзем баяцца, то чым гэта ўсё скончыцца?

На YouTube нехта ад майго імя ў кастрычніку мінулага года адкрыў канал і піша, што я расчараваўся ў пратэстах, ды іншую лухту. Я адкрыта заявіў, што ад майго імя піша нейкі нягоднік, а я, сапраўдны Анатоль Концуб, выступаю за перамены, лічу Лукашэнку ўзурпатарам, а гвалт, што адбываецца ў Беларусі, – злачынным беззаконнем. Я гатовы казаць, што думаю. Асабліва пасля «наезду» з боку дзяржавы яшчэ і на культуру.

Карціна «Лодка надзеі».
Фота: Ганна Ганчар / Белсат

– У чым гэты «наезд»?

– Не памылюся, калі скажу, што пачаўся «наезд» не сёлета і нават не летась. Гэтыя цалкам прарасейскія ўлады ніколі не падтрымлівалі нацыянальнае культуры, а ганебна раздавалі ордэн Францыска Скарыны кіркоравым ды баскавым. Свае ж мастакі, кампазітары тут заўсёды былі выгнаннікамі, а прызнанне знаходзілі за мяжою. На сімпозіуме ў Кіеве неяк размаўляў з адным вядомым мастаком. Ён кажа – за сваю майстэрню ў Кіеве плачу 30 долараў. А я ў нейкім заштатным Бабруйску, нават не сталіцы, плачу за арэнду 120 долараў. Дык дзе культуру насамрэч падтрымліваюць?

Зразумела, што мы выжывем, прыстасуемся. Мы ж упартыя, гэта ж у нас у крыві. Не будзе палатна – будзем на паперы маляваць. Не будзе грошай на дарагія фарбы, будзем пісаць таннымі. Нармальная дзяржава клапоціцца пра сваю культуру. Але гэтаму рэжыму выгадна, каб народ быў цёмны і забіты. Калі я бачу, як нейкі бедны мужык у глухой вёсцы рве кашулю за Лукашэнку, для мяне відавочна, што гэта цёмны чалавек. Такія і патрэбныя гэтай дзяржаве.

Анатоль Концуб.
Фота: Ганна Ганчар / Белсат

Самыя таленавітыя мастакі – найбольш пратэстава настроеныя

– Ці падтрымліваюць вас вашыя калегі-мастакі? Якія настроі ўвогуле пануюць цяпер у мастацкім асяроддзі?

– Мастакі розныя, ёсць і праўладныя, але іх няшмат. Ёсць такія, што лічаць: не справа мастака – увязвацца ў палітыку. Але большасць, як я бачу, пратэстава настроеныя. І я б тут нават зрабіў бы градацыю паводле ўзроўню таленту – больш таленавітыя больш пратэставыя. Напрыклад, адзін з самых моцных нашых мастакоў – Сяргей Грыневіч з Горадні – цалкам пратэставы чалавек, ці Руслан Вашкевіч – яскравы супраціўнік гэтых уладаў. Ілона Касабука, Кацярына Сумарава, Ірына Шчасная… 90 адсоткаў сярод мастакоў цяпер – пратэстава настроеныя людзі. Бо яны паездзілі па свеце, шмат пабачылі, ім ёсць з чым параўноўваць.

– Чаму тыя, хто шмат паездзіў, больш пратэстава настроеныя?

– Бо яны мелі магчымасць пабачыць іншае жыццё. Вядома, выраю на зямлі няма, паўсюль свае праблемы. Але ўсё роўна мы і Еўропа – неба і зямля. Быў я ў аўстрыйскім гарадку Лінцы, там насельніцтва – як у Бабруйску: 200 тысяч чалавек. У той час як у нас сама больш 30 чалавек займаюцца мастацтвам, з 20 мастацкіх галерэяў, 200 прафесійных мастакоў на горад – і пры гэтым маюць за што жыць ды апранутыя лепш, чым мы. Калі бачыш гэтыя два розныя светы, разумееш, што нам трэба імкнуцца туды, што тут трэба нешта змяняць, ламаць старое. І перш за ўсё – ламаць у свядомасці людзей. Бо ў Аўстрыі ты зойдзеш у кожную кватэру і абавязкова пабачыш на сценах 5-6 карцінаў, і не рэпрадукцыяў. Там гэта прэстыжна. А як шмат такіх кватэраў вы ў нас бачылі?

Леташнія сотні тысяч пратэстоўцаў перафарбаваліся і зрабіліся чырвона-зялёнымі? Вядома, не!

– Спадар Анатоль, у вас раней былі палітычныя тэмы ў карцінах, ці гэта толькі леташнія падзеі так на вас паўплывалі?

– Яшчэ ў 90-я гады я напісаў карціну пра падпісанне дамовы ў Віскулях. Аздобіў яе бел-чырвона-белаю стужкаю. Бел-чырвона-белы сцяг адразу прыняў як насамрэч беларускі, нацыянальны. Гэтыя колеры – культурны код нашае нацыі. Паглядзіце на наш нацыянальны арнамент, строі. А адкуль узяўся чырвона-зялёны? У 1951 годзе Сталін штучна яго прыдумаў, калі спрабаваў усе 16 рэспублік «прапхнуць» у ААН і трэба было кожнай напісаць гімн ды зрабіць гербы і сцягі. Гэтак і з’явілася зялёная паласа на сцягу БССР. Гэты сцяг парушае каноны геральдыкі. Мусіць быць спалучэнне металу і эмалі, а ў ім – толькі эмалі. Тлумачэнне колераў таксама абсурднае. Кожны колер у геральдыцы мае сваё значэнне, і зялёны – не колер лесу. Паводле гэткае логікі ўсе краіны з пустэльняю мусяць мець жоўты сцяг, а марскія – сіні? А вось бел-чырвона-белы сцяг і гістарычна абгрунтаваны, і зроблены з увагі на законы геральдычнае навукі, спалучае белы метал – сімвал чысціні, незалежнасці, і чырвоную эмаль – барацьбу, годнасць.

Фрагмент карціны «Дыспут».
Фота: Ганна Ганчар / Белсат

– Вы кажаце, што бачылі «наезд» на культуру, адсутнасць падтрымання нацыянальнага даўно. Чаму, як вы думаеце, толькі летась супраціў стаўся гэткім масавым?

– Бардак у Беларусі сапраўды даўно пачаўся, з прыходам Лукашэнкі, калі яшчэ ў 90-х гадах падавілі нацыянальны дух, змянілі сімволіку. У людзей незадаволенасць доўга цьмела, часам успыхваючы – у 2006, 2010 гадах. А летась дайшло да крайняга пункту. Бо далей гэта трываць немагчыма. Гэта ўжо не толькі на культуру «наезд», але ўвогуле на здаровы сэнс, на разумных людзей. Таму я б тыя падзеі вызначыў як рэвалюцыю культуры супраць хамства. І яна яшчэ не скончылася. Гэтае вогнішча можа ўспыхнуць ад кожнае дробязі. Магчыма, улады лічаць, што яны здушылі пратэсты. Але дзе? У галовах людзей? Гэтыя сотні тысяч пратэстоўцаў – што яны – перафарбаваліся, сталіся чырвона-зялёнымі? Не, вядома. У свядомасці людзей нічога не змянілася, а хутчэй наадварот – усе гэтыя здзекі назапашваюцца. Я думаю, і сам Лукашэнка ведае, што ў галовах людзей ужо адбыўся пералом. І нават тое, што ён цяпер спрабуе ўсё іншадумства закрыць за кратамі, не ўратуе, бо я яшчэ не бачыў ніводнага чалавека, які б з турмы выйшаў чырвона-зялёным.

У здаровым грамадстве людзі не думаюць штодня пра палітыку

– Усё ж такі – ці павінна быць культура па-за палітыкаю?

– У здаровым грамадстве – так. На прыкладзе Польшчы скажу, у мяне там шмат сяброў, сваякоў. Некалі ў савецкія часы Польшча была вельмі палітызаванаю, палякі толькі пра палітыку і размаўлялі. Цяпер прыязджаю – кожны другі не ведае, хто ў іх ва ўрадзе, нават прэзідэнта не ўсе згадваюць. Людзі займаюцца сабою, сям’ёю, бізнесам, мастацтвам. А калі людзі не вельмі добра жывуць, то пачынаюць думаць пра палітыку штодня, як мы – на памяць ведаем імёны ўсіх савецкіх катаў. Я не хачу быць палітызаваным, хачу пісаць карціны. Але цяпер не магу прайсці паўз гэта, тым больш што разумею: як мастак магу зрабіць абагульненне, пераасэнсаванне сітуацыі, перадаць вобразна. Я стараюся, каб гэта не былі карціны аднаго дня, а каб было цікава і праз год, і праз пяць. Я кажу пра цяперашні дзень праз прызму ўчорашняга, заўтрашняга.

Анатоль Концуб у майстэрні.
Фота: Ганна Ганчар / Белсат

– На якія тэмы вам сёння хочацца пісаць?

– Часта пачынаеш пісаць з адною думкаю, а потым ідэя робіцца зусім іншаю. Карціна ні пра што можа стацца палітызаванаю, а часам наадварот – сыходзіш ад палітыкі і хочацца займацца чыстым мастацтвам, каб людзей нахтніць, супакоіць сваёй карцінаю, каб чалавек пабачыў прыгожае спалучэнне фарбаў, і яму зрабілася лягчэй на душы.

Бачу, што на карціны з тэмаю пратэстаў ёсць попыт, запатрабаванне ў грамадстве, але свежанапісаных працаў не прадаю. Спадзяюся яшчэ, што прыйдзе час, і я іх на выставах пакажу, і не за мяжою, а ўдома. А потым буду прадаваць.

2020 год у карцінах: бел-чырвона-белы човен надзеі і «чорная навала» амапаўцаў

– Распавядзіце пра свае «пратэставыя» карціны. Што вы ў іх хацелі паказаць? Чаму ў сюжэтах на, здавалася б, зусім аддаленыя тэмы з’яўляюцца амапаўцы?

– Яшчэ да выбараў я напісаў «Прачуццё палёту» – гэта крыло ў бела-чырвоных колерах. Тут тое самае прачуццё, якое было тады ва ўсіх нас. Потым у жніўні, калі здавалася, што вось-вось – і ўсё зменіцца ў краіне, напісаў «Човен надзеі». Хоць сумневы ўжо тут адчуваюцца – човен між хваляў. І цені – святлейшыя, цямнейшыя. Гэта пра тое, што ў кожнага чалавека заўсёды ёсць выбар – быць на баку цемры ці святла.

«Дыспут» – праца пра адвечную спрэчку чалавецтва: дзе праўда? Неба, зямля, на мяжы – нашая Беларусь, сілуэт Ружанскага палацу. І тут спрачаюцца людзі. Вельмі розныя, з розных эпох. І з’яўляецца амапавец са сваім аргументам – дручком, якім і хоча давесці, дзе праўда. Ён як увасабленне сілы, якая гатовая здушыць, знішчыць і прысутнічае цяпер ва ўсіх сферах нашага жыцця.

На карціне «Куды ідзеш?» – карабель, у якім мы ўсе плывём па жыцці. Тут таксама розныя людзі – і мастак, які ўсё гэта піша, простыя людзі, рыцары, пілігрымы… І зноў мы тут бачым, як урываецца гэтая «чорная навала», якая б’е наш сцяг як сімвал нас усіх. А ўнізе палатна – Хрыстос, які цярпіць за гэты свет.

Карціна «Куды ідзеш».
Фота: Ганна Ганчар / Белсат

Напрыканцы размовы спадар Анатоль рэзюмуе свой аповед аптымістычным прагнозам:

– Я веру, што змены будуць і, магчыма, нават хутчэй, чым мы таго чакаем. Бо нельга павярнуць назад таго, што ўжо змянілася ў свядомасці людзей.

Размаўляла Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў