Лукашэнка падпісаў закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму


Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» паведаміў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

Паводле закону аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, забараняецца гераізацыя і апраўданне нацысцкай ідэалогіі. У дакуменце пашыраецца ўтрыманне тэрміну «нацысцкая сімволіка і атрыбутыка».

«У законе вызначаны арганізацыйна-прававыя формы і метады вось гэтага процідзеяння, прафілактыкі. Гэта значыць закон настолькі збалансаваны, што ён дазваляе ўсімі даступнымі формамі і метадамі, якія ёсць у любой прававой дзяржаве, выяўляць, ладзіць прафілактыку і спыняць спробы рэабілітацыі нацызму», – заявіў генпракурор Андрэй Швед.

Вядзецца ў дакуменце і пра асноўныя напрамкі прафілактыкі распаўсюду забароненай ідэалогіі. Што тычыцца захадаў процідзеяння нацысцкім ідэям, то яны аналагічныя захадам у сферы процідзеяння экстрэмізму.

Змаганне з нацызмам можа стаць змаганнем з іншадумствам

У красавіку Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу праз факт генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. У дзяржаўныя музеі і архівы накіравалі запыты пра пошук доказаў гэткіх злачынстваў. У сацыяльных сетках актыўна заклікаюць беларусаў дасылаць усю інфармацыю на гэты конт. Генпракуратура рапартуе пра «новы этап у барацьбе з рэабілітацыяй нацызму», «гістарычную і сацыяльную справядлівасць» і «ўмацаванне канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі», бо, са словаў генеральнага пракурора Андрэя Шведа, у дачыненні Беларусі да цяперашняга часу праводзіцца агрэсіўная палітыка з боку шэрагу еўрапейскіх дзяржаваў.

Аб’ектыў
Беларускі фашызм на 9-га траўня
2021.05.08 22:41

«Пад БЧБ-сцягам адбываўся генацыд беларусаў», – заявіў у Хатыні Лукашэнка і заклікаў «ісці і глядзець» у Хатынь ды іншыя спаленыя вёскі. Фэйкі пра бел-чырвона-белы сцяг рассылаюць у менскіх жыроўках і гэтак далей.

Навошта справа аб генацыдзе патрэбная ўладам менавіта цяпер?

«Уладам гэта патрэбна для таго, каб шумам пра генацыд у мінулым хоць трохі адцягнуць увагу і ўнутранай аўдыторыі, і міжнароднай супольнасці ад таго дзяржаўнага тэрору, які самі сёння, і ў шмат чым падобнымі метадамі, рэалізуюць на той жа зямлі. А таксама дзеля таго, каб, кіруючыся сваёй вычварнай логікай, падвесці больш грунтоўную, чым цяпер, ідэйную базу пад шырокамаштабныя рэпрэсіі па чыста ідэалагічных меркаваннях. Бо на «барацьбу з рэабілітацыяй нацызму» можна спісаць пры жаданні ўсё, што заўгодна, гэта ў нашых умовах вельмі «гумовая» фармулёўка. Той жа нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг без усялякіх на тое падстаў стараюцца прадставіць як нацысцкі, у адпаведнасці з гэтым аргументуюць рэпрэсіі супраць тых, хто яго шануе», – распавёў раней для «Белсату» гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Аналітыка
«На «барацьбу з рэабілітацыяй нацызму» можна спісаць усё што заўгодна». Гістарычная памяць пад прыцэлам
2021.05.09 11:46

СК belsat.eu

Стужка навінаў